...Заспець Віктара Ільіча Лівенцава дома было праблемай: то ён на сустрэчы з ветэранамі, то сувораўцы запрасілі, то вайсковая частка адзначае 90-годдзе Узброеных Сіл... У вайсковую частку я і накіраваўся, даведаўшыся ў ваенкама Ленінскага раёна горада Мінска, у які час і дзе будзе сустрэча. Не спадзеючыся, што прапусцяць без перашкод, я прыехаў па ўказаным адрасе. На КПП былі дзяжурны афіцэр і сяржант.
— Тут павінен быць Герой Савецкага Саюза Лівенцаў Віктар Ільіч... — толькі і паспеў я сказаць, як на тварах строгіх вайскоўцаў з’явіліся шчырыя ўсмешкі:
— Як жа, як жа, ён у нас.
— Я б хацеў...
— Я вас праводжу, — маладзенькі афіцэр адкрыў турнікет, і мы пайшлі па тэрыторыі часткі пад гукі песень часоў вайны.
Дымілася палявая кухня, запрашаючы на пачастунак салдацкай кашай, урачыстасць панавала наўкол.
Актавая зала клуба была запоўнена дарэшты, а ў прэзідыуме сярод генералаў і кіраўнікоў раёна сціпла сядзеў Герой Савецкага Саюза Віктар Ільіч Лівенцаў.
— Не паеду я, — Віктар Ільіч паказаў рукамі крыж, — нязручна без запрашэння.
Мы размаўлялі ў антракце перад канцэртам.
Справа ў тым, што я хацеў для газеты сфатаграфаваць двух Герояў — Міхаіла Андрэевіча Савіцкага, Героя Беларусі, і Віктара Ільіча Лівенцава, Героя Савецкага Саюза.
З Лівенцавым мы былі знаёмы даўно, яшчэ з тых часін, калі ён працаваў на пасадзе міністра спорту. Я ведаў, што ў Вялікую Айчынную вайну яму, камандзіру 1-ай Бабруйскай партызанскай брыгады, у якой было каля 2-х тысяч партызан, прысвоілі высокае званне Героя. Зорачку ён амаль ніколі не насіў. Пра яго сціпласць хадзілі легенды.
На сустрэчы з вайскоўцамі Лівенцаў быў пры парадзе, з Залатой Зоркай і ордэнскімі планкамі.
Днём раней я быў у Савіцкага ў майстэрні на вуліцы Някрасава і дамовіўся, што прыеду з Лівенцавым.
Не магу зразумець, калі наступіў пералом у рашэнні Лівенцава, але ён раптам пагадзіўся, махнуўшы рукой:
— Добра, паехалі.
Па дарозе Віктар Ільіч распавёў, што сябруе з многімі мастакамі, а дачка яго Надзея — вядомы жывапісец.
Міхаіл Андрэевіч шчыра ўзрадаваўся сустрэчы, і ветэраны, забыўшы пра мяне, захапіліся гутаркай...
А назаўтра Міхаіл Андрэевіч адкрываў выстаўку, прысвечаную 90-годдзю Узброеных Сіл Беларусі.
Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара