“Драбышаты”…

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Кацярына КОВАЛЬ, былы эканаміст, пенсіянерка:
— Мінуў год, як пайшоў з жыцця Станіслаў Дробыш — заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, прафесар, арганізатар і цягам трыццаці гадоў нязменны кіраўнік вакальна-харэаграфічнага ансамбля БДУКіМ “Валачобнікі”.

Са Станіславам Іосіфавічам мяне звёў лёс у сярэдзіне 1960-х. Ён тады яшчэ вучыўся і толькі-толькі пачынаў сваю творчую дзейнасць — кіраваў аматарскім харавым калектывам, удзельніцай якога была і я. У яго закахаліся ці не ўсе дзяўчаты хору! Бо ён не мучыў нас сальфеджыраваннем, а імкнуўся падтрымаць кожную дробязь, якая ў каго атрымалася: маўляў, вы ж не прафесіяналы. Прывітая ім любоў да харавых спеваў захавалася ўва мне на ўсё жыццё — і нават перадалася маім нашчадкам. БДУКіМ скончыла адна з маіх сваячак — Наталля Новікава. Зараз там вучыцца мая ўнучка Юлія Палякова. Яна паступіла да Дробыша ў клас, а пасля смерці прафесара працягвае ўдзельнічаць у “Валачобніках”, якія цяпер носяць ягонае імя. Юля прысвяціла яму вершы, дзе ёсць такія радкі:

Вы зараз не з намі,

ды ў песнях заўжды —

Хай час пралятае,

праходзяць гады.

Мы ўсе — “драбышаты”,

як танчым-спяваем.

І песню душы вашай

мы захаваем…