Адгукнуцца душой…

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Вера САВІНА, кінасцэнарыст, журналіст
— Мае сябры — людзі майго пакалення. Пакалення хіпі, рок-музыкі і ўнутранай свабоды ў несвабодны час. З узростам яны не страцілі ідэалаў маладосці, добрую музыку працягваюць слухаць на вініле, захоўваюць вернасць сваім захапленням. А яшчэ сябры падзяліліся на тых, хто пабываў на канцэрце Чэслава Нэмэна ў 1976-м у мінскім Палацы спорту і ўсе наступныя гады знаходзіўся пад яркім эмацыйным уражаннем ад яго, і тых, хто не змог прысутнічаць на тым легендарным выступленні. І шкадуе аб гэтым да сёння.

/i/content/pi/cult/501/10768/3-3.jpgТыя, каму пашчасціла быць у Старых Васілішках, калі на бацькавай хаце нашага земляка адкрывалі мемарыяльную дошку, не маглі стрымаць слёз: над адзінай вуліцай вёскі ў вялікі мароз, з лёгкай завеяй, праступіла раптам сонца і загучаў Нэмэн, Чэсік Выджыцкі, з яго пранізлівым “Дзіўным гэтым светам”… Або калі ля старавасілішкаўскага касцёла Святых Пятра і Паўла заспявала ягоная дачка — спявачка Наталля Нэмэн, так падобная на бацьку… Або калі пад скляпеннямі касцёла ў дзень памяці Нэмэна зноў прагучаў яго голас… Усе гэтыя моманты немагчыма перадаць словамі. Трэба было проста там быць і адгукнуцца душой.

У кожнага кутка ёсць свой добры дух — “genius loci”. Такім “геніем месца” для Старых Васілішак на Шчучыншчыне стаў Чэслаў Нэмэн. Таму і ў яго вёсцы, і ў ягоным доме, дзе адкрыты музей, існуе непаўторная аўра і пастаянна гучыць яго музыка. Клуб-музей Чэслава Нэмэна — адзіны ў свеце персанальны музей рок-музыкі, створаны ў доме, дзе музыкант сапраўды нарадзіўся і жыў. І Старыя Васілішкі сталі культавым месцам паломніцтва і прыхільнікаў яго таленту, і музычных гурманаў, і прафесійных музыкантаў. А нядаўняе выступленне польскага джазавага трыа Артура Дуткевіча ў суседніх Васілішках мае сваю перадгісторыю.

З ім, вядомым джазавым піяністам-віртуозам, і яго музыкантамі я пазнаёмілася тры гады таму ў Белдзяржфілармоніі пасля канцэрта “Нэмэн. Імправізацыі”. Размаўлялі пра тое, што на радзіме Нэмэна створаны музей, Дуткевіч паабяцаў перадаць туды дыск і афішу канцэрта, а таксама сыграць у Старых Васілішках. Першае абяцанне выканаў адразу, вярнуўшыся ў Варшаву, а праз тры гады пабываў у доме-музеі і даў канцэрт у Васілішках, арганізаваны намаганнямі Польскага інстытута і Шчучынскага райвыканкама.

Без фанабэрыі і снабізму буйны музыкант Артур Дуткевіч на старым піяніна фабрыкі Молатава адыграў у доме імправізацыю на тэму Нэмэна “Успамін”. Менавіта гэтая музыка была цалкам сугучная эмоцыям таго сонечнага кастрычніцкага дня, а ў тэксце песні — згадаем — і залатая восень, і жоўты кастрычнік, і школа, і дом, і светлыя анёлы, і каханне… Сам Дуткевіч з вялікім шчырым хваляваннем казаў, што ён адчуў, з якой душой захоўваецца тут памяць пра Чэслава Нэмэна: “Зямля, прырода, Бог — вытокі яго таленту”. Канцэрт у зале Васілішкаўскага цэнтра культуры... Імправізацыі... Такіх больш не будзе... Будуць іншыя — на тое яны і імправізацыі: прагучалі ды растварыліся ў тонкім свеце навокал нас…

Пра Чэслава Нэмэна казалі, што, як і кожны вялікі мастак, ён быў самотны і замкнёны, адкрываючыся толькі тады, калі сустракаў кагосьці з чыстай, нават дзіцячай душой, што супадала з ім. Падалося, менавіта такое супадзенне адбылося, таму і было адчуванне, што на сцэне не толькі трыа, але і Нэмэн.

Тыя мае сябры, хто пабываў на мінскім канцэрце Чэслава Нэмэна ў 1976 годзе, як і я, не могуць прыгадаць, што ж было ў першым аддзяленні. У другім — у складзе “Нэмэн Энігматык” — выконвалася загадкавая “Жалобная рапсодыя памяці Бема” на вершы Цыпрыяна Каміля Норвіда. На сцэне прысутнічаў медыум, дзеялася магія, адбывалася падключэнне да высокіх светлых энергій. Так асабіста мне запомніўся гэты канцэрт. Падобны стан я адчувала на канцэрце польскага джазавага трыа ў васілішкаўскай зале. Не ўсё можна выказаць словамі, ды часам нават і не хочацца. Хочацца моўчкі захаваць крохкі вокамгненны стан эмацыйнай памяці…

А яшчэ ў зале было шмат моладзі…