Дні і ночы “Лістапада”

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Трэнды Мінскага форуму-2014
Год праляцеў — і вось 7 лістапада распачынаецца ХХІ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. 163 стужкі з 47 краін. 6 конкурсаў. Больш як 20 пазаконкурсных падборак і рубрык. “Лістапад” сёння — гэта акіян магчымасцей паглядзець самае рознае кіно. І, дарэчы, менавіта такі лозунг мае форум гэтага года: “Такое рознае кіно!”.

/i/content/pi/cult/501/10767/2-4.jpg

Канцэпцыя

"Лістапад” не здрадзіць свайму светапогляду: у апошнія гады Мінскі міжнародны цікавіўся кінематографам краін былога сацыялістычнага блока, у некаторых з якіх, адзначым, дадзены від мастацтва знаходзіцца на ўздыме. Не стаў выключэннем і гэты год. Як падкрэсліў дырэктар праграм ігравога кіно і конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” Ігар Сукманаў, дадзеныя краіны нам цікавыя сваім мінулым ды цяперашнім днём: “Якія праблемы перажывае грамадства ў іх, як яны асэнсоўваюць наступствы свайго мінулага — усё гэта можа быць блізкім, даваць глебу для разваг і нашаму гледачу”.

Урэшце, асноўны конкурс найбольш знаёміць нас з кінематаграфіямі Расіі, Грузіі і Эстоніі. Набыткам дадзенай праграмы лічыцца і ўкраінская стужка “Племя” Міраслава Слабошпіцкага (уладальнік Гран-пры паралельнага конкурсу “Тыдзень крытыкі” на апошнім Канскім кінафестывалі), што распавядае пра жыццё падлеткаў з парушэннем слыху.

Пляцоўкі

Сёлета фестывальнай пляцоўкай “Лістапада” стане кінатэатр “Масква”. Менавіта там пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця форуму. Сучаснае абсталяванне кінатэатра пасля рамонту і яго ўмяшчальнасць адобрыла першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, адзначыўшы, што гэтая пляцоўка — найбольш прыдатны варыянт для прагляду фільмаў на згаданых цырымоніях, якія выклікаюць вялікую ўвагу аўдыторыі. Адноўлены кінатэатр сёння гатовы прыняць 700 гасцей, і, магчыма, ягоная зала стане месцам трыумфу як для карціны “Я не вярнуся” эстонскага рэжысёра Ільмара Раага (зробленага ў кааперацыі чатырох краін, сярод якіх — Беларусь), што адкрывае фестываль, так і для французскай стужкі “Тры сэрцы” Бенуа Жако, якая пазначыць закрыццё “Лістапада”.

Новая пляцоўка ўсё ж скарэктуе фармат цырымоній. Сёлета арганізатары фестывалю вырашылі адмовіцца ад “чырвонай дарожкі”, дый невялікая сцэна “Масквы” не садзейнічае стварэнню буйных пастановак. Тым не менш, ужо зараз вядомы імёны “хэдлайнераў” шоу. Гэта французская спявачка Жыль Эгро (выканаўца музычных партый у фільме “Жыццё ў ружовым святле”, прысвечаным жыццю Эдзіт Піяф) — яна выступіць 7 лістапада на адкрыцці кінафоруму. Грузінскі ж гурт “Asea Sool” стане “цвіком” канцэртнай праграмы на цырымоніі закрыцця 14 лістапада.

Іншыя пляцоўкі фестывалю застануцца ранейшымі: кінатэатры “Цэнтральны” (асноўны конкурс ігравога кіно і конкурс “Маладосць на маршы”), “Дом кіно”, “Мір” (конкурс неігравога кіно), “Піянер” (конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі). Акрамя рэтраспектыў, сёлета ў кінатэатры “Перамога” пройдзе Нацыянальны конкурс, які стаў новаўвядзеннем “Лістапада-2014”.

Нацыянальны конкурс

Юбілейны год беларускага кіно арганізатары “Лістапада” вырашылі адзначыць стварэннем асобнага нацыянальнага конкурсу. Нагадаем, прыняць у ім удзел былі запрошаны рэжысёры, якія працуюць як на Нацыянальнай кінастудыі, так і ў іншых кампаніях. Экспертнай камісіяй у конкурсную праграму адабраны 24 стужкі. Сярод іх, да прыкладу, — “Белыя Росы. Вяртанне” Аляксандры Бутар, “Хард Рэбут” (“Hard Reboot”) Андрэя Кудзіненкі, “Баба, Ваня і Каза” Дар’і Юркевіч, “Вартаўнік” Віктара Красоўскага… У праграме — секцыі дакументальнага і анімацыйнага кіно — у іх заяўлены, адпаведна, 10 і 7 стужак. Па словах Ірыны Дрыга, конкурс дазволіць паглядзець на наша кіно ў міжнародным кантэксце, правёўшы паралелі з работамі “малых” і вялікіх кінематаграфій.

А міжнароднае журы, якое будзе судзіць нацыянальныя кінашколы, узначаліць Аруцюн Хачатран — армянскі рэжысёр, сцэнарыст, аператар, прадзюсар, адзін з заснавальнікаў і дырэктар Ерэванскага міжнароднага кінафэсту “Залаты абрыкос”.

Госці

Былі агучаны таксама імёны кіраўнікоў іншых журы. Расійскі рэжысёр і прадзюсар Валерый Тадароўскі як старшыня будзе мець права двух галасоў у журы асноўнага конкурсу ігравога кіно. Беларуская кіназнаўца Людміла Саянкова ўзначаліць журы асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. Амерыканскі прадзюсар і рэжысёр Бэйкер Шон мае весці рэй у журы конкурсу “Маладосць на маршы”. Пачэснай місіяй вызначэння лепшай нацыянальнай кінашколы кіруе ўкраінскі дакументаліст Сяргей Букоўскі.

Рэжысёры, акцёры, прадзюсары, што прадстаўляюць фільмы, — вось героі і зоркі “Лістапада-2014”, — так адказаў Ігар Сукманаў на пытанне, якую зорку чакаць сёлета на кінафестываль. “Бо менавіта яны ствараюць гісторыю сучаснага кіно, — падкрэсліў праграмны дырэктар, — а не выпадковы медыйны персанаж, які прыехаў памахаць ручкай. Сёлета, як і заўжды, мы зрабілі стаўку на аўтараў”. Але арганізатары форуму не выключылі магчымасці прыезду на фэст сусветна вядомага кінематаграфіста...

Цікавосткі

Напрыклад, пазаконкурсная праграма “Аўстралія ў навелах”, рэтраспекцыя фільмаў Ксаўе Долана “Уяўная любоў”, стужкі Сандрын Бонэр, паказ дакументальна-асветніцкага цыкла Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева “Мастакі Парыжскай школы — ураджэнцы Беларусі” ў Нацыянальным мастацкім музеі…

“К” для сябе адзначае і паказ на “вялікім экране” класікі айчыннага кіно: “У вялікім горадзе” Міхаіла Авербаха, Марка Данскога, “Саша” Аляксандры Хахловай, што прадставіць Дзяжфільмафонд Расіі. Таксама падзеяй мае стаць дэманстрацыя польскага шэдэўра “Пан Тадэвуш” Рышарда Ардынскага 1928-га года ў музычным суправаджэнні піяніста.

Мяркую, не застануцца без увагі гледачоў і начныя кінапрагляды “Паўночныя страсці” ў кінатэатры “Цэнтральны”. Фільмы класікаў сучаснасці — Тэры Гільяма, Андрэ Цешынэ і Бертрана Банэла, Дэні Аркана, Франсуа Азона ды іншых — стануць узнагародай кінаманам за гадзіны начнога няспання. Гледачы атрымаюць асалоду ад ігры Катрын Дэнёў, Джэсі Айзенберга, Міі Васікоўскай, Крыстофа Вальца….

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"