Трансфармацыя магчымая, але…

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Як змяняць гарадскія бібліятэкі?
Дэпартамент культуры расійскай сталіцы, заклапочаны сітуацыяй з паніжэннем цікавасці да гарадскіх бібліятэк, у 2012 годзе распачаў эксперымент, дзе было задзейнічана дванаццаць устаноў, дзве з якіх ужо працуюць у абноўленым варыянце. Старым бібліятэкам у спальных раёнах далі другое жыццё, зрабіўшы там капрамонт і ліквідаваўшы звыклыя правілы. Так, сёння бібліятэка “Праспект” на Ленінскім праспекце і Бібліятэка імя Дастаеўскага на Чыстапрудным бульвары — гэта мадэрнізаваныя, непазнавальна сучасныя ды прывабныя кніжніцы з новай канцэпцыяй, падобныя да маладзёжных кластараў: з новай футурыстычнай мэбляй, шклянымі паліцамі і мяккімі пуфамі. Установы змянілі яшчэ і час працы: да 22-й гадзіны.

Карыстацца такімі бібліятэкамі значна лягчэй, чым звычайнымі: запіс не патрабуецца, дзверы адкрыты для ўсіх. Для падстрахоўкі фіксуюцца даныя толькі тых, хто хоча ўзяць кнігу дахаты ці папрацаваць з тэхнікай. Новыя маскоўскія праекты разлічаны і на тых, каму патрэбна пэўнае месца для распрацоўкі ўласных праграм, ідэй, канцэпцый. Прасторныя памяшканні і ліберальныя правілы дазваляюць збірацца там вялікімі групамі, абмяркоўваць пытанні, не пераходзячы на шэпт, праводзіць прэзентацыі ды сходы. У бліжэйшых планах — адкрыццё на базе ўстаноў кафэ, якія пакуль замяняюць аўтаматы з кавай і печывам. Што да ўласна кніжнага асартыменту, то ён якраз застаўся ранейшым: дзіцячая і дарослая літаратура, спецыялізаваныя выданні, слоўнікі ды даведнікі, падшыўкі газет і часопісаў.

Мэтай стварэння такіх бібліятэк, паслугі якіх з’яўляюцца бясплатнымі, можна лічыць жаданне выкараніць “бібліятэчны стэрэатып”, прапанаваць палюбіць кніжніцы зноў, прыцягнуць увагу самых маладых патэнцыйных наведвальнікаў. Літаральна пару гадоў іхняга існавання даказалі, што бібліятэка ў сучасным жыцці — гэта ўсё яшчэ актуальна, калі яна таксама імкнецца паспець за прагрэсам, а не закансервавацца.

Але пакуль пазітыўныя зрухі адбываюцца за мяжой. Ці можна ўявіць падобныя змены менавіта ў нашай рэальнасці і зрабіць бліскучую тэорыю паспяховай практыкай? З гэтым пытаннем я звярнулася да тых, хто з’яўляецца спецыялістам у бібліятэчнай справе Беларусі.

Таццяна МАТКОЎСКАЯ, загадчык мінскай бібліятэкі № 1 імя Льва Талстога:

— Да ідэі стварэння новых бібліятэк я стаўлюся нармальна. Сама чытаю прафесійную прэсу, дзе абмяркоўваюцца падобныя прапановы: у Еўропе такія бібліятэкі даўно ўжо існуюць, напрыклад. Што ж да кожнай канкрэтнай бібліятэкі, то, лічу, такія пытанні павінны вырашацца індывідуальна. Тут ролю адыгрываюць шматлікія фактары: памер установы, яе месцазнаходжанне і нават праекціроўка будынка.

Наколькі такія праекты жыццяздольныя, ніхто яшчэ не ведае. Адно толькі зразумела адразу: заўсёды трэба спрабаваць, шукаць, бо не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Так званая “цішыня ў бібліятэцы” — гэта састарэлая інфармацыя. Дый наконт кава-машыны і аўтамата з печывам нічога супраць не маю. А можна і невялікую залу на тры-чатыры столікі адкрыць, дзе можна выпіць кавы ці соку, з’есці пірожнае. Па-першае, гэта вельмі зручна, па-другое, душэўна і цёпла. Цікава было б і паэксперыментаваць на тэму назваў: “Кава па рэцэпце графа Талстога”, пірожныя “Канёк-гарбунок” ці “Вішнёвы сад”…

Канешне ж, для ажыццяўлення ўсіх гэтых ідэй патрэбны спрыяльныя эканамічныя ўмовы, адсутнасць перашкод, воля кіраўнікоў. Нашы ж бібліятэкі нічым не адрозніваюцца ад маскоўскіх: працэсы адбываюцца адны і тыя ж. Асноўная праблема — гэта зніжэнне колькасці тых, хто чытае, і тут трэба клапаціцца не толькі бібліятэкам, а грамадству ў цэлым. Бібліятэкары збольшага — людзі вельмі кампетэнтныя ды творчыя. І пакуль на заканадаўчым узроўні не будзе прапісана, што кніга — гэта элемент культуры, пакуль не стане публічна ўхвальным і прэстыжным спансіраваць бібліятэку, становішча не зменіцца…

Наталля СВІРЫДА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Гродна:

— Па родзе сваёй дзейнасці даводзіцца сачыць за падзеямі і навінамі ў бібліятэчным жыцці замежных краін. Надоечы мяне ўразіў прыклад дзейнасці гарадской бібліятэкі Амстэрдама. Яе наведваюць штодзённа пяць — сем тысяч чалавек, і пытанне “непрывабнасці” бібліятэкі для насельніцтва не паўстае. Ведаю, што ў многіх бібліятэкараў інфармацыя пра жыццё калег з Еўропы ці іх наведванне выклікае засмучэнне, таму што даводзіцца вяртацца да нашых рэалій.

Безумоўна, можна толькі вітаць бібліятэчныя змены ў культурным жыцці сталіцы Расіі. Вядома, што Масква — гэта “дзяржава ў дзяржаве”, і развіццё бібліятэк сталіцы не сведчыць пра развіццё бібліятэк Расіі. Але ўся наша Беларусь з яе гарадамі ды мястэчкамі па колькасці насельніцтва — як адна Масква, і прагрэсіўны падыход ды ўвага ў адносінах да бібліятэк магчымы і ў нас, калі змяніць прыярытэты ў дзяржаўным фінансаванні хаця б на пэўны час. Падобны да маскоўскага эксперымент у культурным жыцці гарадоў Беларусі таксама неабходны, і пачынаць яго патрэбна было яшчэ ўчора.

На жаль, пытанне мадэрнізацыі гарадской публічнай бібліятэкі ў нас як грамадска-культурнага інстытута паўстае пакуль толькі тэарэтычна. Часта пад модным зараз словам “мадэрнізацыя” разумеюць камп’ютарызацыю, аўтаматызацыю бібліятэчных працэсаў, абмежаваную часцяком праграмай “AlisWeb”, рамонт памяшкання гаспадарчым спосабам ці стварэнне платных пакояў для дзяцей. Усе гэтыя складнікі нашай “мадэрнізацыі” служаць адной мэце: перавесці паслугі бібліятэкі на платную аснову, атрымаць прыбытак, выканаць план платных паслуг, павысіць працэнт акупнасці ўстановы. Для гэтага трэба штогадова выконваць, як кажуць самі бібліятэкары, “танец жывата” ды прыдумляць, якія рухі цела ці гукі чытача зрабіць платнымі, а значыць — парушаць галоўны прынцып дзейнасці публічнай бібліятэкі: перакрэсліць яе высокую місію ў жыцці соцыуму…

Чаму значная культурна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк Беларусі стала другаснай, а асноўны поспех у рабоце вымяраецца такімі паняццямі, як “рэнтабельнасць”, “акупнасць”? Менавіта гэта — наступствы неразумення з боку дзяржавы ролі бібліятэкі ў грамадстве, і як вынік — трансфармацыя апошняй ў незразумелую напаўкамерцыйную ўстанову. З гэтай прычыны прагназаваць развіццё гарадской бібліятэкі ва ўмовах Беларусі па аналогіі з бібліятэкамі Масквы немагчыма. Патрэбна спачатку змяніць стаўленне да дзяржаўнай бібліятэкі як адкрытай, бясплатнай, сацыяльнай установы, нават — апошняй і адзінай установы ў прасторы горада з бясплатным наборам паслуг.

Супрацоўнікі і чытачы бібліятэк Беларусі з радасцю віталі б такую мадэрнізацыю. Але з боку дзяржавы пакуль няма замовы на аналагічныя маскоўскім установы культуры новага тыпу, адмыслова спраектаваныя ад вешалкі да кнігасховішча, што прадастаўляюць карыстальніку кнігі, прастору, інфармацыю, самаадукацыю і забавы. Карацей кажучы, у праекты такіх устаноў новага тыпу замяшаны грошы, кадры, рэсурсы і, галоўнае, — кампетэнтнасць ды светапогляд чыноўнікаў, што вырашаюць, якімі павінны быць бібліятэкі ў краіне, вобласці, сталіцы.

Праекціроўшчыкі сучаснага бібліятэчнага асяроддзя звычайна арыентуюцца на правіла: каб людзі наведвалі бібліятэку, у ёй павінна быць лепш, чым дома. Адкрытае кнігасховішча са зразумелай навігацыяй па ім, свабодны доступ да стэлажоў з кнігамі, бясплатны выхад у Інтэрнэт, камп’ютарызаваныя рабочыя месцы з разеткамі ды асвятленнем, кандыцыянеры, прасторныя залы для прэзентацый і сустрэч, канцэртаў, пастановак і канферэнцый, пасяджэнняў клубаў і працы гурткоў, месцы для групавых заняткаў, гульнявыя пакоі для дзяцей з кнігамі ды інтэлектуальнымі гульнямі, куточкі для знаходжання з кнігай “адзін на адзін”, чып-кантроль, каб не выносілі фонды і нават не спакушаліся, каманда актыўных ды крэатыўных бібліятэкараў, гардэроб, буфет, прыбіральні… Наўрад ці можна знайсці такі “набор” хаця б у адной публічнай бібліятэцы Беларусі.

Бібліятэкары сёння арыентуюцца на шлях забаўляльна-відовішчнай дзейнасці, і толькі ўскосна — на далучэнне чалавека да чытання. Кніга ў такой бібліятэцы, падобнай на клуб, дзе можна піць каву, шыць ці вывучаць замежныя мовы, адыходзіць на другі план. Практыка работы бібліятэк Еўропы гаворыць нам, што нічога стратнага ці непапраўнага для выхавання культуры асобы ў тым няма. Бібліятэка становіцца вельмі прыкметнай у прасторы горада — жыхары, улады і супрацоўнікі ганарацца ёю.

У заключэнне хочацца прапанаваць: бібліятэкары, давайце не чакаць, а правакаваць змены! Давайце прыдумляць інфармацыйныя нагоды для СМІ і станавіцца СМІ, выходзячы ў сусветную інфармацыйную прастору! Давайце абмяркоўваць змены з экспертамі, калегамі і чытачамі! Хочацца думаць, што з гэтага можа пачацца будаванне сучаснай гарадской бібліятэкі ў Беларусі…

***

Спадзяюся, што меркаванні спецыялістаў і іх цалкам канкрэтныя заклікі ўсё ж паспрыяюць змяненню сітуацыі, канешне ж, калі гэтая праблема будзе закранаць не толькі іх, але і грамадства ў цэлым. А пакуль беларускім бібліятэкарам ды чытачам застаецца, відаць, вывучаць замежны досвед.

Кажа эксперт

Раман МАТУЛЬСКІ, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі:

— Бібліятэка — адзін з нямногіх сацыяльных інстытутаў, якія згадваюцца нават у Бібліі. Гэтая інстытуцыя існавала і ў дабіблейскія часы, маючы, такім чынам, вялікі гістарычны досвед. А інавацыям, якія сёння пастаянна з’яўляюцца, як кажуць, без года тыдзень. Час ад часу новаўвядзенні ўзнікаюць на пустым месцы. Пасля распаду СССР пачалі фігураваць такія паняцці, як “медыябібліятэка”, “інфатэка”, прагучала прапанова перайменаваць саміх бібліятэкараў у саветнікаў па інфармацыі… Як бачыце, адна ідэя геніяльнейшая за другую. Але ж, па сутнасці, ці прывяло б усё тое да рэальных змен?..

Я вельмі скептычна стаўлюся да падобных праектаў. Таму што ў іх, лічыце, і няма ніякай навізны, акрамя назвы. Гэта як, напрыклад, калі адну і тую ж каву прадаюць пад рознымі гандлёвымі маркамі ды этыкеткамі. Бібліятэка ў “замене этыкетак” не мае патрэбы. Больш за тое: яна як сацыяльны інстытут мае магчымасці для разнастайных форм праявы. Ніхто не перашкаджае сучаснай бібліятэцы быць месцам сустрэчы, кантактаў. Наадварот, усё гэта павінна стаць сутнасцю такой установы.

Хэдлайн рэгіёна

Чыл-аўтам свой час

Арэнда бібліятэчнага стала пад рабочае месца для іпэшніка ці айцішніка? Калі і перспектыва, дык, лічу, няблізкая. Вясковыя ўстановы наогул не бяру пад разлік. У раённых бібліятэк для гэтага няма лішніх памяшканняў. Цалкам верагодна, што такая паслуга стане натуральнай для культурна-дзелавых комплексаў, дзе пад адным дахам арганічна сумесцяцца і ўстановы культуры, і канферэнц-залы з офісамі, кавярнямі ды чыл-аўтамі. Але пра такія аб’екты нават у іншых абласных цэнтрах застаецца толькі марыць. Дый на чыім балансе яны будуць знаходзіцца?

На сёння ж ідэя ў развіцці выглядае для мяне гіпертрафіравана, але — лагічна: бібліятэка здае свае пакоі фірме, палову атрыманых грошай залічвае ў артыкул пазабюджэту, на астатнія сродкі арандуе для сябе больш танны будынак. Нонсэнс? Яшчэ які! Можна ўмоўна меркаваць, што бібліятэка прадастаўляе рабочае месца для студэнта. Але, урэшце, ён плаціць грошы не за яго, а за канкрэтны від паслуг: карыстанне Інтэрнэтам або бібліяграфічнымі звесткамі. Ці іншая сітуацыя: бабуля, перагарнуўшы падшыўку-другую і папіўшы з гасціннай бібліятэкаркай гарбаты, выцягне з рыдыкюля вышыванне крыжыкам. Хто возьме з яе грошы за “арэнду” бібліятэчнага крэсла для паўгадзіннага занятку ўлюбёным хобі? А вось супраць менеджара сярэдняга звяна, які прыйдзе ў чытальную залу не толькі высветліць курс долара, але і з партнёрамі па мабільным пагаварыць (карцінка, пагадзіцеся, досыць сюррэалістычная), чытацкая грамада паўстане адназначна… Так што пачакаем.

Яўген РАГІН

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"