Хто ж падымецца на Траецкую гару?

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Дык ці месца архівам у карпусах 2-й Савецкай бальніцы?
Не так і часта ў рэдакцыйнай пошце бываюць зацікаўленыя прапановы па захаванні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Нават з улікам таго, што тэма гэтая знаходзіцца ў цэнтры ўвагі газеты. Тэкст Сяргея Харэўскага акурат і ёсць прыклад такой ініцыятывы чытача-прафесіянала. А скарыстаўшыся нагодай, прапанову нашага пазаштатнага аўтара, па магчымасці ўсебакова, даследаваў карэспандэнт "К".

/i/content/pi/cult/501/10765/2-1.jpg

Ля карпусоў колішняй 2-й бальніцы сёння ўзвялі дэкарацыі для кіназдымак (справа). / Фота Юрыя ІВАНОВА

/i/content/pi/cult/501/10765/2-2.jpg

/i/content/pi/cult/501/10765/4-1.jpgЛіст у рэдакцыю

Мы сталі сведкамі таго, як знікаюць памяткі мінуўшчыны на сталічных вуліцах Дзімітрава і Замкавай, Вызвалення і Камсамольскай, Рэвалюцыйнай і Гандлёвай. Нельга абмінуць і сумны лёс комплексу будынкаў першай мінскай электрастанцыі, хоць яна, як і тузін іншых забудоў, што згубіла сталіца за апошнія гады, лічылася важнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Урэшце, абяцана было захаваць будынкі электрастанцыі (на іншай пляцоўцы), аднавіць радзінны дом Максіма Багдановіча, рэстаўраваць, а не ставіць танныя муляжы на месцы арыгінальных старасвецкіх будынкаў… Будзем спадзявацца на такі сцэнарый, хай сабе і пакрысе. Сёння ж вострую трывогу выклікае лёс ансамбля будынкаў колішняй 2-й Савецкай бальніцы. І маюцца, на маю думку, рэальныя прапановы адносна будучыні названых аб’ектаў.

Гэты комплекс будынкаў — унікальны, найстарэйшы і найбольш значны помнік гісторыі медыцыны ў нашым краі, дзе трэба было б стварыць годны Нацыянальны музей медыцыны! Ну якое ж месца для гэтага можа быць лепшым, як не будынкі, што больш за два стагоддзі служылі ахове здароўя?

Да ўсяго, трывалыя дамы неаднаразова рамантавалі, рупліва даглядалі (асаблівасць прыстасавання помнікаў дойлідства пад медыцынскія ўстановы, як правіла). А ў 1982 годзе пад час чарговага капрамонту трэцяга корпуса — акурат колішняга манастыра — было выяўлена нямала знаходак, сярод іншага — фрагменты фрэсак… Відавочна, аб’екты чакаюць сваіх даследчыкаў: тэрыторыя зусім не даследавана археолагамі.

Прамінула два гады, як там стала пуста. Славутая бальніца пераехала на новае месца. А што ж цяпер будзе з гэтым выбітным, ідэальна захаваным ансамблем XVII — XX стагоддзяў? Тут унікальнае ўсё, нават сам ландшафт: са стромых схілаў адкрываецца 
цудоўная панарама на Верхні горад. Гэта, бадай, найпрыгожы від на наш стары цэнтр! Тут здаўна сфарміраваўся адметны ландшафт, дзе красуюць незвычайнага хараства кветкі і пяюць па раніцах птушкі… Як хацелася б, каб ім маглі любавацца ўсе ахвотныя — і мінчане, і госці горада!..

Цяпер старажытнаму лапіку зямлі шукаюць, відаць, новага гаспадара. А мо і доўга шукаць не трэба? Напрыклад, лічу, можна перадаць частку карпусоў пад Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі ды Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Некалькі гадоў таму дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі нашай краіны Уладзімір Адамушка казаў у прэсе, што памяшканні былога касцёла, дзе месцяцца гэтыя архівы, — непрыдатныя, даўно ўжо цесныя для іх. Архівісты хацелі б атрымаць у сталіцы будынак плошчай у шэсць тысяч квадратных метраў, прыстасаваны пад архівы. Ну і чаму б, сапраўды, не перадаць пад гэтыя ўстановы будынкі былога манастыра і бальніцы? Капітальныя, цэлыя, дагледжаныя. У гістарычным цэнтры Мінска, у турыстычна-рэкрэацыйнай зоне Траецкага прадмесця. Што можа быць больш лагічным пасля выезду медустановы (пагатоў пытанне ці то пра ўзвядзенне новых будынкаў пад архівы, ці то пад прыстасаванне якіхсьці іншых аб’ектаў вядзецца даўно)?

Урэшце, іншы варыянт з чаканнем інвестараў ёсць заўжды. Іншая справа, што наяўны статус-кво адносна захаванасці помнікаў можа змяніцца, і апошнія рызыкуюць прыйсці, як тое ўжо здаралася, у аварыйны стан. Урэшце, пад што ўмоўны інвестар можа прыстасаваць гэтыя будынкі? На другім баку вуліцы — тузін пунктаў харчавання, праз раку стае сёння гатэляў… Альбо бракуе нам офісаў, што як грыбы растуць па ўсім горадзе ў сучасных спарудах?

А цяпер уявіце, наколькі важным у сацыяльным, культурным і эканамічным сэнсе, калі лічыць турыстычныя прынады сегментам рынку, магло б стаць гэтае месца, даступнае для ўсіх ахвотных, з архівам і музеем, помнікамі дойлідства ды невялічкім паркам, з цудоўнымі панарамамі? Не хочацца быць апошнім пакаленнем, што пабачыць гэтае каліва нашай спадчыны ў аўтэнтычным выглядзе і зможа дыскутаваць пра ягоную будучыню…

Сяргей ХАРЭЎСКІ, мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры

 

/i/content/pi/cult/501/10765/4-28.jpgЛіст з рэдакцыі

Прапанова Сяргея Харэўскага перадаць двум сталічным архівам, што сёння месцяцца ў не надта зручным памяшканні колішняга касцёла на плошчы Свабоды, комплекс будынкаў, з якога выехала 2-я гарадская клініка, я назваў бы адчаем душы. Нездарма на пачатку тэксту аўтар згадвае страты, што панёс Мінск праз неканрэтныя рэканструкцыі, перабудовы... Зыходзячы з гэтага досведу, спадар Харэўскі небеспадстаўна хвалюецца, што інвестар, які пакладзе вока на зямлю, дзе стаяць будынкі, што нядаўна належылі бальніцы, папросту не надасць увагі яшчэ адной старонцы мінскай гісторыі.

Я таксама непакоюся, што ля забудовы, чыннікі якой вонкава не надта эфектныя, але за шмат гадоў “прыцёрты” да наваколля, гарманічна спалучаны з акаляючай архітэктурнай прасторай (Вялікі тэатр, Траецкае прадмесце, дамы 

1930-х — 1950-х па вуліцы Багдановіча), з’явіцца прэтэнцыёзная бетонна-шкляная спаруда, што вонкава "прыб’е" да зямлі Траецкае. Канешне ж, было б ідэальна, каб у пакінутыя бальнічныя карпусы засяліліся культурныя ўстановы музейна-навуковага кшталту!

Паспрабаваўшы высветліць у Сеціве магчымую перспектыву будынкаў на трохкутніку вуліц Купалы, Багдановіча і ракі Свіслач — абшар колішняй Траецкай гары, — я знайшоў выяву праекта. У апошні, нібыта, збіраўся ўкласці грошы замежны інвестар. На малюнку — пяцізоркавы гатэль, гандлёва-забаўляльны комплекс... Само па сабе яно, можа, выглядае зусім някепска, але ці для гэтага месца? Магчыма, я кансерватар, і тым не менш… Урэшце, як пасля паведамлялася, інвестар страціў цікавасць да праекта.

Пра лёс пабудоў я пацікавіўся ў начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара Чарняўскага. Ён патлумачыў, што гэтае пытанне — не па адрасе. Будынкі належаць гораду, і, адпаведна, гарадскія ўлады вырашаюць, што з імі рабіць. А ўпраўленне, якое спадар Чарняўскі ўзначальвае, праводзіць экспертызу праектаў, датычных помнікаў гісторыі ды культуры, і дае заключэнне на іх адпаведнасць Закону “Аб ахове спадчыны”. Што да праекта, пра які ідзе гаворка, дык ён, на думку Ігара Мяфодзьевіча, у дачыненні да гістарычнага помніка даволі ашчадны і пярэчанняў з гледзі-
шча заканадаўства не выклікае. Наколькі вядома спадару Чарняўскаму, пасля таго, як сышоў інвестар, задума, так бы мовіць, была замарожана.

Станоўчая ацэнка мяне, прызнацца, крыху здзівіла. Мне нават падумалася, што спадар Чарняўскі кажа пра нейкі іншы праект, які мае мала агульнага з тым, што змешчана ў Сеціве. Мо я бачыў эскіз, а ён — рэч, даведзеную да ладу?

Мой першы суразмоўца параіў мне звярнуцца ў гарвыканкам — у камітэт будаўніцтва і інвестыцый. Там, маўляў, павінны ведаць, што чакае карпусы бальніцы і блізкі да іх павільён 
“БелЭКСПА”. Кіраўнік гэтага падраздзялення Мінскага гарвыканкама Фёдар Рымашэўскі, выслухаўшы пытанне, скіраваў мяне ў камітэт па эканоміцы, бо справа ўпіраецца ў грошы, а пошук інвестараў і заключэнне з імі дагавораў — у кампетэнцыі эканамістаў. (Дарэчы, на сайце Мінгарвыканкама прагледзеў раздзел, прысвечаны камітэту. Там ёсць спіс найбуйнейшых будаўнічых праектаў па Мінску, якія зараз — у распрацоўцы і рэалізацыі, з указаннем арганізацый-замоўцаў, інакш кажучы — інвестараў. Як і чакалася, тое, чым мы цікавімся, у спісе адсутнічае. Праўда, гэты раздзел сайта даўно не абнаўляўся…)

Начальнік упраўлення інвестыцый камітэта эканомікі Валерый Роман пацвердзіў, што ў дадзены момант не ідзе гаворка пра рэалізацыю на тэрыторыі ўчастка “вуліца Купалы — вуліца Багдановіча — рака Свіслач” будаўнічых праектаў з прыцягненнем інвестара, але паколькі гэта тэрыторыя перспектыўная, то такое пытанне з часам мусіць паўстаць.

А пакуль планаў у дачыненні да будынкаў, з якіх з’ехала бальніца, не мае і ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, хоць частку комплексу і складаюць збудаванні, што з’яўляюцца помнікамі гісторыі і культуры. Да таго ж, карпусы, з якіх 2-я клінічная з’ехала ў новыя памяшканні, застаюцца на яе балансе, а з бюджэту ўстановы аховы здароўя выдаткоўваюцца сродкі на ахову ды функцыянаванне згаданых будынкаў на рагу вуліц Купалы і Багдановіча. І Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама, якому бальніца падпарадкоўваецца, не спяшаецца развітвацца са сваёй маёмасцю. Прынамсі, у прафесійных колах ішла гаворка пра магчымасць стварэння ў гэтых сценах рэабілітацыйнага цэнтра.

А як само кіраўніцтва таго ж Архіва-музея літаратуры і мастацтва ставіцца да ідэі пераехаць у манастырскія памяшканні, з якіх з’ехала бальніца? Дырэктар Ганна Запартыка лічыць, што такое магчыма. У манастырскіх карпусах месца, відавочна, больш, чым у касцельных сценах, дзе зараз месціцца (чытай: пакутуе ад цеснаты) музей. Але пераезд мае сэнс толькі пасля таго, як будынкі будуць падрыхтаваны, каб прыняць новых гаспадароў, калі там зробяць неабходны рамонт, зманціруюць абсталяванне, створаць умовы для працы музейшчыкаў-архівістаў. А колькі будзе каштаваць прыстасаванне будынкаў пад новую функцыю — цяжка ўявіць.

“Архіў — гэта не склад дакументаў, а навуковая ўстанова, — зазначае Ганна Вячаславаўна. — Праца архівіста патрабуе сучаснага інфармацыйнага і тэхнічнага забеспячэння. У нас абсталяванне павінна быць як мінімум не горшае, чым у Нацыянальнай бібліятэцы. І нават лепшае! Бо ў бібліятэчных фондах можа захоўвацца некалькі асобнікаў кнігі, а ў нас кожны дакумент — унікальны, а значыць, патрабуе асаблівых умоў. Бібліятэка, можна сказаць, найперш абслугоўвае адукацыю, мы ж — навуку. Гэта вельмі важная акалічнасць, на якую і трэба звярнуць увагу пры арганізацыі працы Архіва-музея. Тое ж, што манастырскія карпусы разме-
шчаны ля вады, — для архіва кепска: вільгаць. На добры лад, для нашай установы трэба падбіраць месца, якое адпавядала б і пэўным экалагічным крытэрыям. Думаю, для архіва-музея найлепш перасяляцца не ў будынак, аналагічны таму, дзе мы зараз знаходзімся, а ў адмыслова спраектаваны, дзе былі б зыходна ўлічаны умовы захавання і экспанавання гістарычных дакументаў, а таксама камфорт для супрацоўнікаў ды наведвальнікаў…”

Падобна на тое, што архівы ў памяшканні колішняга касцёла будуць месціцца яшчэ працяглы час. Як паведаміў нам начальнік Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Адамушка, пераезд згаданых устаноў у новыя памяшканні бліжэйшым часам не плануецца.

Лёс жа будынкаў на Траецкай гары застаецца неакрэсленым. А гэта значыць, што ў ім магчымы розныя павароты. І, відавочна, разгледжаны могуць быць самыя розныя прапановы, у тым ліку і агучаная паважаным пазаштатным аўтарам “К”. Праўда, як засведчыла маё даследаванне сітуацыі, магчымасць скарыстання іх для культурнай справы сёння нават не разглядаецца.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"

 

Гістарычная даведка

Ансамбль будынкаў пачаў фарміравацца яшчэ ў 1630-м, калі Марына Бяжэвіч заснавала ў прадмесці Мінска Траецкі манастыр базыльянак пры царкве, вядомай з XV стагоддзя. У 1771-м тут з’явіліся першыя мураваныя будынкі, а ў 1799 — 1800 гадах паводле праекта слыннага губернскага архітэктара Тодара Крамера былі ўзведзены новыя капітальныя будынкі, утварыўшы аснову сённяшняга комплексу. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя іншы губернскі архітэктар — Казімір Хрышчановіч — прыстасаваў колішні Траецкі манастыр пад шпіталь гарадской бальніцы, паставіўшы два новыя карпусы, што ўжо больш як паўтара стагоддзя стаяць тут. Сёння гэты комплекс будынкаў у стылі класіцызму — гісторыка-культурная каштоўнасць. Ахоўны статус маюць чатыры дамы: корпус былога Траецкага манастыра базыльянак, узведзены ў XVIII cтагоддзі, дом інвалідаў , багадзельня і гаспадарчая пабудова (усе тры адносяцца да 1840 — 1847 гадоў).

Калісьці этнограф, краязнаўца Павел Шпілеўскі ў кнізе “Падарожжа па Палессі і Беларускім краі” пісаў пра гэты шпіталь, які ён бачыў: “…Ад Сянной плошчы ў кірунку да Траецкай гары ідзе Шпітальная вуліца, галоўнае ўпрыгожанне якой складае Траецкі гарадской шпіталь — вельмі прыгожы і вялікі будынак, […] адноўлены і перабудаваны са старажытнага шпіталя, які існаваў з пачатку XVIII стагоддзя і які складаў некалі частку старажытнага манастыра…”. Дарэчы, у 1850 годзе ў бальніцы мелася 170 ложкаў.

Пачынаючы з 1870-х у бальніцы імкліва развівалася хірургія, што звязана з выбітнымі мінскімі хірургамі Шашкіным, Свянціцкім і Федаровічам. А калі ў 1906 годзе тут увялі пасаду галоўнага ўрача, то ім з 1906 па 1914 год быў слынны доктар і філантроп Іван Здановіч (з ягоным іменем звязаны назва пасёлка Ждановічы і стварэнне там курортнай зоны). Пад час Першай сусветнай вайны тут размяшчаўся ваенны шпіталь, а з 1921 года бальніца стала называцца 2-й Савецкай (так яе называюць многія жыхары горада і сёння). З 1922-га ўстанова становіцца базай медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэта, цэнтрам навукова-медыцынскай думкі ў Беларусі. У 1937 — 1938 гадах былі надбудаваны трэція паверхі ў другім і трэцім карпусах, а ў 1963-м з’явіўся новы пяціпавярховы корпус, што заняў сабой цэлы квартал…

Аўтар: Сяргей ХАРЭЎСКІ
мастацтвазнаўца
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"