Вельмі шмат — на энтузіязме…

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Леанід НАРУШЭВІЧ, лідар гурта “Князь Мышкін”
"Пашанцавала ўжо дык пашанцавала!” Колькі мы з вамі існуём — увесь час на ростанях, і тым не менш, усё як быццам засталося па-ранейшаму. Захацелася вам, да прыкладу, канцэрцік правесці — у выканкам па дазвол. Як там, па якіх крытэрыях выбіраюць, падыходзіць ці не тое або іншае мерапрыемства, не ведаю. Але тое, што культура ўсё адно губляе нешта ў сваім развіцці, — адназначна.

/i/content/pi/cult/501/10763/4-16.jpgДобра б укладалі (насамрэч!) у яе намаганні, грошы істотныя (а не іх бачнасць, што таксама нярэдка) для арганізацыі, напрыклад, культурнага баўлення вольнага часу моладзі… Хай бы памыляліся адказныя за тое асобы, але — рабілі!

У Берліне, дапусцім, мясцовыя чыноўнікі дазволілі выкарыстоўваць любую магчымасць, любы закуток і падвальчык для адкрыцця розных клубаў, выставачных пляцовак, эксперыментальных творчых лабараторый... Іх там, дарэчы, тысячы — гэтых культурных пляцовак (а з нашага пункта гледжання, мабыць, папросту пітных устаноў). Тым не менш, якраз на іх, невялікіх і больш чым лакальных, праходзіць мноства фестываляў: ад фолькавай да сучаснай акадэмічнай музыкі, прычым практычна кожны дзень. Нашым жа творчым людзям няма дзе паказаць сваё мастацтва, калі не ўваходзіш у нейкі з творчых саюзаў. (Парадокс для мяне — асцярожнае стаўленне да правядзення ў краіне беларускамоўных мерапрыемстваў ці датычных нацыянальнай тэматыкі.)

Практычна кожны тыдзень адкрываецца паб або піўны рэстаран, а больш чым двухмільённы Мінск культурныя пляцоўкі для выступленняў моладзі можа пералічыць па пальцах адной рукі. Так, далёка не ўсім хацелася б займацца рыэлтарствам, брокерствам: камусьці хочацца пісаць песні, маляваць карціны. Адсюль і праславутыя стэрэатыпы (ці ўсё ж не?) пра тое, што ў Мінску нецікава — з пункта гледжання насычанасці культурнымі падзеямі.

А ў нас жа — вельмі багатыя і цікавыя культурныя традыцыі, якія варта падтрымліваць. Аднак тым жа сапраўдным аўтэнтычным фальклорам займаюцца, у асноўным, энтузіясты: Тодар Кашкурэвіч, Алесь Лось, Ірэна Катвіцкая, Сяргей Доўгушаў, Іван Кірчук... А той жа Віктар Сямашка — ці не адзіны на ўсю Беларусь на роднай мове робіць аналітычную радыёпраграму пра сучаснае музычнае жыццё краіны. Менавіта гэтыя (і не толькі, вядома ж) людзі прыкладаюць намаганні для прасоўвання нашай культуры за мяжой, даследуюць у экспедыцыях і захоўваюць музычную спадчыну розных куткоў нашай дзяржавы. Іх ніхто не прымушае гэтым займацца, не піша ім разнарадкі — так загадваюць ім іхнія душы. І ўжо такім творцам, вядома, і ў галаву не прыйдзе сказаць, як некаторыя культурныя дзеячы заяўляюць, што ім чужая ды непрыемная беларуская мова (мяркую, усе ў курсе апошніх інтэрнэт-сварак, ці не так?). Вось такія справы. (І, між іншым, тыя, якiя не памятаюць роду, рэагуюць толькі на грошы, і на сваёй псеўдакультурнай ніве маюць нядрэнны поспех нароўні з прадстаўнікамі нашай эстрады.)

Ды я не пра тое. Справа, калі казаць наогул, вядома, не толькі ў беларускамоўных выканаўцах ды фальклорных калектывах. Вельмі многае ў айчынным мастацтве трымаецца на энтузіястах. Сышла творчая асоба — і абарвалася справа: няма ні школы, ні паслядоўнікаў. Мала хто захоўвае бясцэнныя архівы на ўзроўні дзяржавы (я не маю на ўвазе прызнаных класікаў з музеямі ды мемарыяльнымі кватэрамі — іх жа таксама, дарэчы, адзінкі): спадчына, у лепшым выпадку, трапіць у рукі такога ж энтузіяста. На тым жа тэлебачанні ніхто з маладых супрацоўнікаў нават не ведае пра мэтраў экрана, якія працавалі дваццаць-трыццаць гадоў таму, няма пераемнасці (знікае гэта паняцце, ці заўважылі вы?), калі майстар навучае творчую адзінку і рыхтуе яе да самастойнага жыцця. На змену прыйшлі шустрыя курсы ды-джэяў і тэлевядучых. Несуцяшальныя вынікі іх працы мы бачым у “скрыні” ды чуем у радыёэфіры.

Увогуле, атрымліваецца як у той гісторыі з цягніком: сядзіш у купэ, глядзіш у акно, а там праносіцца састаў... Але здаецца, што гэта твой кудысьці імчыцца. А насамрэч — стаiць ён на месцы...

Фота Юрыя ІВАНОВА