Замест слоўных дэбатаў

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
Нядаўна згадаўся папулярны выраз: замест таго, каб змагацца за чысціню вуліц, варта проста ўзяць адпаведныя прылады ды падмесці смецце або ачысціць тратуар ад снежных заносаў. І прыйшло ў галаву гэтае выказванне пад час гарачых дыскусій у Інтэрнэце наконт беларускай мовы. У адным выпадку арганізатары моўных курсаў не сышліся ў поглядах на актуальныя падзеі ў свеце, і таму курсы прыпынілі сваю дзейнасць, у іншым — музыкант аднаго з айчынных гуртоў заявіў, што ненавідзіць беларускую мову з-за нібыта прымусу яе вывучаць...

/i/content/pi/cult/501/10762/4-15.jpgНу, у апошнім выпадку, відаць, проста трэба было не звяртаць увагу. Мову нельга ненавідзець, бо кожная — гэта ў першую чаргу каштоўнасць, сведчанне прыналежнасці да народа ці нацыі, для якіх яна, мова, — святое, як матчына калыханка. Ці, у крайнім выпадку, проста абмежавацца заўвагай і пашкадаваць аўтара выказвання: маўляў, не саспеў ён яшчэ да разумення такой элементарнай ісціны. Замест таго ў Сеціве ўсчалася эмацыйная дыскусія з абвінавачваннямі ды абразамі, з палымянымі лозунгамі і заклікамі, з бурнымі пратэстамі ды скандальнымі эпатажамі…

Больш за ўсё ў гэтых меркаваннях мяне бянтэжыць няспелы максімалізм і вельмі спелы эгаізм: “Калі так — не буду, адмоўлюся …” Але пры чым тут сакавітае, спрадвечнае, выпешчанае народам слова? Чаму яго існаванне трэба ставіць у залежнасць ад прыхамаці розных груп ды колаў, суполак і арганізацый?..

Неяк у адной з маіх тэлеперадач мастак і музыкант Андрусь Такінданг сказаў, што мова павінна аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць. Здаецца, нічога новага, і не толькі ён так казаў, але з вуснаў маладога чалавека, чые карані і ў лепельскай вёсцы, і ў далёкім афрыканскім Чадзе, тое гучала вельмі пераканаўча.

Менавіта захаванне ды развіццё мовы народа ўласнай Бацькаўшчыны, якая сваімі каранямі сягае ў глыбіню стагоддзяў, павінна, здаецца, яднаць людзей, бо гэта вышэй за густы ці погляды. Ніхто не мае манаполію на мову, не мае права “прыватызаваць” яе пад сябе. Але калі для любога чалавека стаўленне да мовы праходзіць праз асабістае ўспрыманне, то для пэўных катэгорый людзей — гэта прафесійны і грамадзянскі абавязак. Так, і грамадзянскі, бо калі ў дадзеных пытаннях назіраецца абыякавасць, недасканаласць, то гэта шкодзіць перш за ўсё тым ідэям, якім па прафесіі служаць такія людзі.

Апошняе ў значнай меры тычыцца і работнікаў культуры, бо мова — праява культуры народа, спадчынны скарб. Многія мае сябры-паэты, вядомыя як аўтары некалі папулярных песень, скардзяцца, што некалькі апошніх гадоў іхняя творчасць не запатрабаваная кампазітарамі і выканаўцамі. А зрэдку паступаюць прапановы напісаць тэкст на любой мове, толькі не на беларускай: інакш, маўляў, “нефармат”. Для мяне спасылкі на тое, што так патрабуе шоу-бізнес, гучаць даволі смешна, бо шоу-бізнес не павінен камандаваць фестывалямі і конкурсамі, філарманічнымі канцэртамі, тэтральнымі пастаноўкамі…

Ніколі не забудуся на выказванне мастацкага кіраўніка аднаго са сцэнічных калектываў пра нацыянальны музычны спектакль: маўляў, ні трупа, ні глядач пакуль не гатовы ўспрымаць пастаноўку цалкам на беларускай мове. Што значыць: “пакуль”? Што значыць: “не гатовы”?..

А вось Уладзімір Мулявін, улюбёны ў беларускую песню, не думаў, ці гатовы слухачы ўспрымаць “Алесю” , “Александрыну”, “Касіў Ясь канюшыну...”, а проста разам з сябрамі спяваў іх са сцэны ў любым кутку былога Савецкага Саюза. І прыкра, калі шэраг клонаў мулявінскіх “Песняроў” не надта прагне працягваць ды развіваць яго служэнне беларускай песні ці, ва ўсялякім разе, робіць тое без такога ж імпэту ды ўлюбёнасці...

Сумна мне і тады, калі беларускай мовай не валодаюць некаторыя дырэктары раённых і загадчыкі сельскіх дамоў культуры, кіраўнікі калектываў, якія працуюць з народнай музыкай, сцэнарысты і рэжысёры масавых святаў, заснаваных на нацыянальных абрадах. Асабліва трывожыць, калі рэпертуар дзіцячых калектываў фарміруецца не з нацыянальных твораў, калі з вуснаў юных выканаўцаў англійская мова гучыць часцей, чым беларуская.

Пра тое, што пытанні мовы не другарадныя, сведчаць нядаўнія выказванні Кіраўніка дзяржавы, чыноўнікаў на высокіх пасадах, грамадскіх дзеячаў, творчай інтэлігенцыі, іншых зацікаўленых асоб. Напэўна, надыходзіць час перайсці ад абмеркаванняў ды спрэчак да штодзённай стваральнай працы на карысць роднаму народу і Бацькаўшчыне.

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё