А калі справа культурная?

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

За трохдзённую візу ў Беларусь прэзідэнт Асацыяцыі фальклорных груп Францыі, віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі міжнародных фальклорных груп Нікаля Чарлеці заплаціў удвая. У французскага госця, як ён патлумачыў мне на Міжнародным форуме ў Магілёве, аказаліся няправільна аформлены дакументы, а запланаваную паездку ў Беларусь ён вырашыў не адмяняць. У выніку за хуткае — цягам 24 гадзін — афармленне візы ў Пасольстве Беларусі ў Францыі з яго ўзялі 120 еўра, хаця ён ехаў у Магілёў па запрашэнні, з дзелавымі мэтамі: для ўдзелу ў культурным мерапрыемстве з міжнародным статусам… Ягоны ж калега, Франк Кардынал, у каго з дакументамі ўсё аказалася “ў ажуры”, аддаў за консульскі збор 60 еўра.

/i/content/pi/cult/501/10761/4-22.jpgЗгадаў гэты выпадак, бо яшчэ нядаўна, у маі гэтага года, Мінск поўніўся замежнікамі, літаральна на кожнай вуліцы, асабліва ў цэнтры беларускай сталіцы, можна было пачуць англійскае, французскае ці польскае маўленне, у барах і рэстаранах часта сустракаліся людзі, якія на ламанай рускай мове замаўлялі беларускія “пйіва, сьмажэньку энд драньйікі”, а экскурсаводы ў Міры ды Нясвіжы працавалі з ранку да вечара, каб абслужыць турыстаў з Расіі ды Літвы, ахвочых пабываць у нашых старадаўніх перлінах дойлідства...

Прычына гэтага замежнага “нашэсця” вядомая: Чэмпіянат свету па хакеі. Але сёння, — як, дарэчы, і адразу пасля завяршэння міжнароднага спартыўнага спаборніцтва, — на цэнтральных праспектах ізноў няма груп турыстаў з Польшчы, Літвы ці Францыі, не блукаюць яны па Траецкім прадмесці вясёлымі кампаніямі, не перакідваюцца слоўцам на замежных мовах, не замаўляюць беларускіх бліноў, зробленых з бульбы…

Як вядома, цягам доўгіх гадоў турыстычная супольнасць Беларусі наракае на высокі кошт віз для замежнікаў, сцвярджаючы, што гэта самая вялікая перашкода для развіцця турбізнесу. Урэшце, тут у якасці контраргумента, з якім немагчыма не пагадзіцца, можна прывесці адпаведнасць кошту візы ў Беларусь кошту візы для беларусаў (прынамсі, калі казаць пра краіны шэнгенскай зоны). Але самае дзіўнае, што пра тыя самыя візавыя “бар’еры” сёння кажуць і людзі, якія прыязджаюць у Беларусь не з турыстычнымі мэтамі, а на культурныя мерапрыемствы...

Упэўнены, што паступова гэтая сітуацыя будзе змяняцца. Напрыклад, нядаўна, дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму краіны Вадзім Кармазін у інтэрв’ю заявіў, што пад час міжнародных спартыўных спаборніцтваў, якія будуць ладзіцца ў Беларусі, для замежных балельшчыкаў плануецца выдаваць бясплатныя візы. Пералік падобных спартыўных форумаў цяпер удакладняецца ў Мінспорце ды Нацыянальным алімпійскім камітэце.

А чаму б не пайсці далей і не прадугледзець падобную практыку ў адносінах да значных міжнародных культурных акцый? Можна было б, напрыклад, выдаваць бясплатныя візы замежным аматарам Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Мінскага кінафестывалю “Лістапад”, Фестывалю нацыянальных культур у Гродне… Усё гэта паспрыяла б развіццю як культурнага, так і падзейнага турызму ў Беларусі… А дзе турызм — там, вядома ж, і грошы ў бюджэт, якія можна было б аддаваць пасля на рамонты ўстаноў культуры, на рэстаўрацыю помнікаў спадчыны, арганізацыю фестываляў ды міжнародных форумаў… Прынамсі, вельмі хацелася б, каб такую магчымасць разгледзелі. Балазе, з усіх правілаў існуюць выключэнні.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"