“Tour de Belarus”

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Планка графікі па-ранейшаму высокая
Зараз у Палацы мастацтва працуюць адначасова тры выстаўкі. Найбуйная — “Tour de Belarus. Пралог” — займае большую частку Вялікай залы. Зладзіла выстаўку секцыя графікі Беларускага саюза мастакоў, але для большай прывабнасці да ўдзелу ў ёй запрасілі прадстаўнікоў іншых творчых спецыялізацый. Паводле прэс-рэлізу, гэты праект — “кропка адліку, своеасаблівы пралог”, а мэта ягоная — “прыцягнуць увагу да асобы мастака і яго светаўспрымання, якое з’яўляецца сінтэзам перажыванняў ды падзей з уласнага жыцця з падзеямі гістарычнымі і міфалагічнымі”.

/i/content/pi/cult/501/10760/8-4.jpg

Калі ж абстрагавацца ад той мудрагелістасці, дык гэта звычайная справаздачная імпрэза, і мэта яе — паказаць, чым вынікі працы сяброў секцыі графікі за пэўны перыяд ды — бадай, галоўнае — засведчыць сваю прысутнасць у культурнай прасторы і ў свядомасці публікі. А яшчэ — зарабіць якую капейчыну, калі з выстаўкі надарыцца закупка ў дзяржаўныя зборы, альбо які калекцыянер на што вока пакладзе.

Развеска на сценах зроблена даволі ўдала: экспазіцыя атрымалася цэласнай, але гэта не замінае асобным аўтарам мець уласную візуальную прастору. Праўда, пры адсутнасці гледачоў (а гэта, на жаль, звычайная сітуацыя на мастацкіх выстаўках) зала глядзіцца пуставата. Разумеючы гэта, арганізатары паспрабавалі зладзіць па цэнтры яе некалькі інсталяцый з веласіпедаў (дарога, вандроўка, кругабег жыцця — такім прыблізна мусіць быць асацыятыўны шэраг), каб воку было на чым зачапіцца. Але адчуваецца, што творцам традыцыяналісцкага мыслення цяжка даецца інтэрактыў. Не іхняя гэта стыхія. Для такой справы варта было б задзейнічаць студэнтаў-дызайнераў нашай Акадэміі.

Мастак — асоба не такая свабодная, як падаецца збоку. Ягоны дабрабыт залежыць ад прыхільнасці публікі ды замоўцаў, таму ён мусіць арыентавацца на модную тэматыку і стылёвыя трэнды. Мастаку-графіку звыкла сілкавацца з кніжнай аздобы, дзе далёка не заўсёды ён робіць тое, што хацелася б. А вось у графіцы станковай такі творца можа не азірацца на тэхналагічныя стандарты ды выяўленчыя стэрэатыпы. У экспазіцыі цікава было пабачыць “вольныя” імправізацыі выдатных ілюстратараў. Мяне, у прыватнасці, вельмі ўразілі кампазіцыі Паўла Татарнікава. Гэта нешта зусім іншае адносна таго, што лічыцца “фірменным” почыркам згаданага творцы і чаго звыкла чакае ад яго публіка.

У новай іпастасі паўстае вядомы майстар каліграфіі Павел Семчанка. Тое, што ён — віртуоз шрыфтавой кампазіцыі, вядома даўно. Але гэтым разам у экспазіцыі прадстаўлены ягоныя малюнкі пяром — белым па чорнаму. Агульна вядома, што графема літары мае ў аснове фігуратыўную выяву. Такой, як ёсць, літара стала, калі прайшла шэраг візуальных пераўтварэнняў. А названы майстар ідзе, так бы мовіць, адваротным шляхам, вяртаецца да зыходнага — ад кроны да каранёў: ад графемы — да малюнка. Цікавы паворот у творчасці нашага мэтра каліграфіі.

Увогуле, выстаўка сведчыць, што беларуская графіка, незалежна ад ваганняў мастацкай кан’юнктуры і ментальных змен у культурным асяроддзі, трымае тую высокую планку, якая ўсталявалася яшчэ ў савецкія гады. Мяркую, глядач спыніцца каля работ Рыгора Сітніцы, у якіх прынцыпы оп-арта па-майстэрску спалучаны з хараством беларускай этнаграфіі; зацікавіцца сучасным прачытаннем ліцвінскай “сарматыкі” ў парадным партрэце Юрыя Радзівіла работы Кацярыны Вішнеўскай; уразіцца вытанчанай тэхнікай блізкіх да сюррэалізму метафар Рамана Сустава, Юрыя Якавенкі ды Ігара Гардзіенкі; парадуецца за маладое пакаленне, пабачыўшы ў работах сёлетняй выпускніцы беларускай Акадэміі мастацтваў Марыны Жвірблы ўпэўненую руку, падмацаваную арыгінальнай думкай… У экспазіцыі прадстаўлены майстэрства, што абапіраецца на традыцыйнае разуменне прыгажосці, і творчы эксперымент, крытэрыі якога суб’ектыўныя. Першае ўвасабляюць цудоўныя акварэлі Вячаслава Паўлаўца, другое — калажы Паўла Амялюсіка.

Мяркуючы па выстаўцы, за гады незалежнасці мы не страцілі мастацкай школы (прынамсі, у графіцы), хоць і зведалі розныя, часам не надта пазітыўныя, уплывы. Рэалізм, фігуратыўнасць па-ранейшаму дамінуюць у беларускім мастацтве. Па-ранейшаму ў павазе майстэрства. Гэта што да стылістыкі ды прафесійнага ўзроўню.

Лічу таксама вельмі важнай для разумення культурнага працэсу ў нашай краіне і тую акалічнасць, што грамадская думка ў Беларусі сёння фарміруецца рэчаіснасцю суверэннай дзяржавы, а не знаходзіцца пад уплывам савецкай гістарычнай міфалогіі, як у першыя гады незалежнасці. Я памятаю час, калі асэнсаванне нашай шматвяковай гісторыі было справай даволі шчыльнага кола “нацыянальна заклапочаных” інтэлектуалаў; сёння ж яно набывае рысы культурнага мэйнстрыму. Работы Уладзіміра Сытчанкі “Дух Гедыміна”, Уладзіміра Вішнеўскага “Рагвалодаў камень”, трыпціх Міхаіла Басалыгі “Ян Караль Хадкевіч”, Юрыя Несцерука “Рэха праз стагоддзі. Быхаўскі замак” ды іншыя творы падобнага зместу на дадзенай выстаўцы ўспрымаюцца не экзотыкай, што выпадае з кантэксту, а натуральнымі чыннікамі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"