Які ён, “разумны” мeтал?

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

У Беларусі метал не лічыцца сярод прыярытэтных мастацкіх матэрыялаў. Я кажу не пра цяжкую бронзу манументаў, а пра тую сферу, якая ўмоўна называецца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Умоўна — таму, што керамісты, мастакі па шкле ды тэкстылі (і мастакі па метале ў тым ліку) не толькі аздабляюць побыт, але часам у межах сваёй творчай кампетэнцыі паспяхова вырашаюць задачы з выразнымі сацыяльным і псіхалагічным чыннікамі.

/i/content/pi/cult/501/10759/8-1.jpg

Фрагмент экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/501/10759/8-3.jpg

Сяргей Шыла. "Самвыдат".

Згадайма хоць бы выдатнага майстра габелена Аляксандра Кішчанку. Ёсць знакавыя постаці і ў іншых галінах дэкаратыўна-прыкладнога абшару. Разам з тым, дэкаратывізм як самастойная якасць відавочна дамінуе ў творчасці многіх станкавістаў, калі-нікалі падмяняючы сабой змест. Знікненне межаў паміж відамі мастацтва напачатку стварае нейкае падабенства хаосу, але ў рэшце рэшт уяўляецца пазітыўнай з’явай, прынамсі, абумоўленай усёй логікай культурнага працэсу. Адбіткам гэтай тэндэнцыі бачыцца і экспазіцыя “Разумны метал” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Метал — тэматычная прывязка, мастакі — не абмежаваны ў выбары тэматыкі, стылістыкі ды матэрыялу.

Ізноў згадаю, што метал беларускія мастакі не надта шануюць. Так склалася, што нават набор студэнтаў на гэтую спецыялізацыю ў нашу Акадэмію мастацтваў адбываецца не кожны год. Значная колькасць тых, хто плённа працуе з металам, мае іншую базавую мастацкую спецыяльнасць, а гэтую асвоіла праз эмпірыку і самаадукацыю. Тым больш цікава, чым сёння ў нас багатая дадзеная галіна.

Калі выключыць тое, што адназначна адносіцца да скульптуры — фігуратыўнай ці абстрактнай (Уладзімір Слабодчыкаў, Алег Купрыянаў, Кацярына Навіцкая, Дзмітрый Аганаў, Канстанцін Селіханаў і некаторыя іншыя), — дык застануцца хіба інсталяцыі, дзе метал зусім не абавязковы. У шэрагу выпадкаў яго можна замяніць іншым матэрыялам. Думаю, для прафесіяналаў на гэтай выстаўцы, бадай, няма чаму павучыцца: адсутнічаюць ўзоры адмысловага майстэрства, выкарыстання новых тэхналогій. Адзін з дасведчаных у металічнай справе мастакоў шчыра сказаў: “Нешта такое мы рабілі, як былі студэнтамі. Сёння гэта не цікава”. Дый у мяне склалася ўражанне, што некаторыя з удзельнікаў выстаўкі псіхалагічна засталіся ў другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя — у тым часе, калі сам факт адыходу ад выяўленчых канонаў быў прынадай для публікі.

Мне з выстаўкі мала што запомнілася. Адразу згадваецца толькі трыпціх гродзенскага мастака Алеся Суровага поводле твораў Уладзіміра Караткевіча “ Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Сівая легенда”, “Зброя”. І не праз высокае майстэрства або звышарыгінальнасць, а проста праз наяўнасць ў творы канцэптуальнай асновы.

Думаю, выстаўка, хоць і названая рэспубліканскай, наўрад ці можа прэтэндаваць на гэткую ўсеабдымнасць. Яна адлюстроўвае хіба што нейкі сегмент беларускай металатворчасці. Яшчэ дадам, сама прастора Нацыянальнай бібліятэкі праз сваю рэспектабельнасць не надта пасуе экспазіцыям з авангардным ухілам. Метал, калі гаворка ідзе не пра золата-срэбра, — матэрыял брутальны. Калі б гэтае жалеза выставіць у закінутым прамысловым будынку, каб мастацкія опусы з прэтэнзіяй на вытанчанае эстэцтва суседнічалі з іржавымі станкамі… Ці наадварот: іржавы мастацкі метал — у ювелірным салоне. Кантраст — гэта кідка, эфектна, прывабна. А так…

Спецыяльна на гэтую выстаўку я не стаў бы ладзіць выправу, а, шпацыруючы па “Нацыяналцы” па іншых справах, зайшоў бы на хвілю — і не лічыў бы час згубленым...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"