У лёгкім жанры

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Заўзятары мінскіх тэатраў, здаецца, звыкліся з думкай, што спектаклі падзяляюцца на сучасныя або цікавыя. Выключэнні рэдкія, але бываюць. Вось у сталічным Тэатры-студыі кінаакцёра, напрыклад, на зайздрасць рэгулярна з’яўляюцца работы, якія прэтэндуюць на тое, каб спадабацца і гледачам-традыцыяналістам, і страшэнным цынікам ад тэатральнай крытыкі.

/i/content/pi/cult/501/10758/9-4.jpg

 

Алена Гіронак (Студэнтка) і Аляксандр Цімошкін (Прафесар) у сцэне са спектакля "Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў".

Адзін з такіх спектакляў — прэм’ера “Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў” па п’есе Жана-Клода Іслера ў пастаноўцы народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава. П’еса ўбачыла сцэну ў 2005 годзе. Яна напісана ў лёгкім, іранічным стылі, які адсылае да добра вядомых яшчэ савецкаму гледачу кінакамедый Жэрара Уры і Франсіса Вебэра. Не дзіва, што за яе беларускі варыянт узяўся мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Яфрэмаў, які паспяхова сумяшчае тэатральную і кінематаграфічную кар’еры. У яго версіі гэтая энергічная і насычаная падзеямі камедыя здабыла практычна кінематаграфічную дакладнасць і візуальную вастрыню. Спектакль нібыта зманціраваны ўмелымі рукамі ў зайздросным рытме: нягледзячы на прастату сюжэта, абедзве дзеі не адпускаюць гледача да фіналу — трэба прызнаць, даволі дасціпнага.

Камернае дзейства з жыцця парыжскай сям’і разгортваецца ў гасцёўні сям’і ўніверсітэцкага прафесара з выглядам, натуральна, на Эйфелеву вежу. Доўга апісваць перыпетыі сюжэта не мае сэнсу: двайны адзюльтэр, любоўныя авантуры, усе магчымыя калізіі, якія толькі можна атрымаць з блытаніны з персанажамі, характэрнай для класічнай камедыі становішчаў. У пастановачным дачыненні “Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў” — вельмі зручны спектакль. Невялікая колькасць дзеючых асоб, кароткія, смешныя рэплікі, зразумелыя для любога менталітэту жарты. Невялікая колькасць дзеючых асоб і абмежаваная геаграфія вельмі падыходзяць для залы, дзе ўсё разгортваецца літаральна на адлегласці выцягнутай рукі. На першы погляд, не п’еса — мара любога тэатра. Што называецца, глядацкая і касавая.

Між тым, за наяўнай лёгкасцю — напружаная праца. Нездарма прафесіяналы сцвярджаюць, што так званы лёгкі жанр часта даецца складаней за ўсё. Таму глядацкая рэакцыя, пастаянны кантакт сцэны і залы — паказчык найвышэйшага майстэрства пастаноўшчыка і акцёраў. Тым больш, што ўмела зробленая, цікавая камедыя, на жаль, не такая частая госця цяпер на беларускай сцэне...

Аляксандр Яфрэмаў і яго калектыў не сталі ствараць стылізацыю “пад Францыю”, лішні раз спекулюючы на слове “Парыж”. Тым больш, сюжэт п’есы зразумелы любому даросламу гледачу, а не толькі заходнееўрапейскаму. Мастак-пастаноўшчык Ігар Хруцкі і мастак па касцюмах Ніна Гурло зрабілі прастору спектакля камфортна-абжытай. А кампазітар Сяргей Сухамлін засяродзіўся на эмацыйным стане дзеючых асоб, а не на іх нацыянальнай прыналежнасці.

“Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў” — практычна бенефіс занятых у спектаклі акцёраў. Ролю Прафесара цудоўна выконвае Аляксандр Цімошкін, нечакана падобны знешне ў гэтым вобразе на заснавальніка папулярнага беларускага інтэрнэт-партала Юрыя Зісера. Жонку Прафесара — адзін з бакоў любоўнага шматкутніка, — як заўсёды энергічна, прадстаўляе на сцэне Вера Палякова. Смелы вобраз закаханай Студэнткі — Алены Гіронак: маладая актрыса дазволіла сабе ў гэтай ролі трохі пахуліганіць, што вельмі добразычліва было ацэнена публікай. Аляксандр Бранкевіч увасобіў, бадай, самага пацешнага, але і самага няпростага для выканаўцы персанажа п’есы — закаханага паэта, якому па ходзе дзеяння даводзіцца неаднаразова прымяраць на сябе розныя “легенды”. Нарэшце, нядаўняе адкрыццё ў трупе Тэатра-студыі — Валерыя Яфіменка даказала, што гатова да роляў любой складанасці.

Такім чынам, пастаноўка, нягледзячы на назву, атрымалася лёгкай, вясёлай, з запалам. Але добрая камедыя тым і адрозніваецца ад астатніх, што ўтрымлівае ў сабе нешта большае, чым проста набор жартаў. Французскія карані не перашкаджаюць успрымаць новы спектакль Тэатра-студыі кінаакцёра як абсалютна зразумелы і блізкі беларускаму гледачу вечны сюжэт.