Шматкроп’е на ростанях

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

У пошуках “ключыка”…
“Спектакль пра Мулявіна” — так ахрысцілі пастаноўку “Песняра” ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага яшчэ задоўга да яе паказу. І хаця прэм’ера не была афіцыйна ўключана ў праграму “TэARTa”, ужо адно тое, што яна прайшла ў дні форуму, дазваляла разглядаць яе як важкі штрых каляфестывальнай атмасферы: маўляў, тэатральнае жыццё і нацыянальныя працэсы ў ім проста віруюць. Але ж і ацэньваць давядзецца — па міжнароднай планцы, тым больш што тэатр збіраецца вывозіць “Песняра” ў тую ж Расію, адкуль Мулявін родам.

/i/content/pi/cult/501/10757/9-1.jpg

/i/content/pi/cult/501/10757/9-3.jpg

Можна толькі падзякаваць тэатру за сам зварот да тэмы нацыянальнай мастацкай спадчыны і яе творцаў. Гэта той выпадак, калі тэатр не проста ўзяўся за пастаноўку, а ініцыяваў напісанне п’есы — і тым самым зрабіў унёсак яшчэ і ў развіццё беларускай драматургіі. Не менш важна і тое, што звярнуліся да маладога аўтара — Васіля Дранько-Майсюка, вядомага пад псеўданімам Мюр Фарыдовіч, у тым ліку па вершах і рэжысуры “Шчаслівага мужа”, што некалькі гадоў упрыгожваў афішу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Сярод тых, хто ўвасабляе на сцэне ягоны дэбют у драматургіі, таксама нямала моладзі — артыстаў, некаторыя з якіх сталі прыхільнікамі “песняроўскай” творчасці акурат пад час працы над спектаклем. Адно гэта сведчыць пра сур’ёзнасць задумы, скіраванай на сувязь пакаленняў, захаванне жывой памяці пра тых, хто стварае гонар нацыі.

Першапачатковы штуршок зыходзіў ад людзей, якія добра ведалі Уладзіміра Мулявіна пры яго жыцці і застаюцца шчырымі прыхільнікамі ягонай творчасці. Гэта Аляксей Еранькоў, які зрабіў тэатральную версію п’есы і музычную канцэпцыю спектакля, і яго жонка — рэжысёр-пастаноўшчык, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Валянціна Еранькова. У працу было ўкладзена шмат шчырай любові, стваральнікамі рухала пачуццё вялікай адказнасці. Прэм’ера аздаблялася выстаўкай сцэнічных строяў “Песняроў”, звесткі пра Мулявіна і творчасць ансамбля змясцілі ў праграмцы. Усё гэта павінна спрыяць папулярызацыі нашай спадчыны сярод моладзі, выхаванню пачуцця патрыятызму, скіроўваць гледача на роздум пра беларускасць, родную мову, ролю творцаў у гісторыі.

Але быць першапраходцам — удвая больш складана. Таму не дзіва, што вынік аказаўся супярэчлівым, пакінуўшы неадназначныя ўражанні.

Імя Мулявіна ні ў п’есе, ні ў спектаклі ні разу не згадваецца. Пастаноўшчыкі неаднойчы даводзілі, што з самага пачатку, яшчэ толькі звяртаючыся да аўтара будучай п’есы, імкнуліся ўвасобіць не біяграфію Песняра, а фантазію-роздум пра тое, што пакідае чалавек на зямлі. Таму марна шукаць у фантасмагарычным, шмат у чым сюррэалістычным аповедзе прамое падабенства: дзея адбываецца на мяжы жыцця і смерці, дзе галоўны герой сустракаецца з паэтамі, да вершаў якіх звяртаўся (ці не звяртаўся) у сваёй творчасці. Некаторыя з тых сустрэч і становяцца самымі яркімі сцэнамі спектакля — асабліва з Янкам Купалам, якога цудоўна ўвасабляе Аляксандр Ждановіч, нагадваючы паэта нават абліччам і фігурай. Але справа тут не толькі ў простым падабенстве. У ждановічаўскага Купалы ёсць і характар, і творчая пазіцыя, і дакладнае разуменне сваёй ролі ў канцэпцыі спектакляў — таго, што на сцэне, і таго, які завецца жыццём. Артысту ўдаецца адначасова ўвасобіць і свайго героя, і ўласнае, адасобленае ад персанажа, стаўленне да яго, неабходнае для стылістыкі тэатра абсурду.

Відавочна, што п’еса напісана бліскучым (дадамо, і патомным) знаўцам беларускай літаратуры. Але рассыпаныя па ёй перліны цікавых біяграфічных згадак-намёкаў-паралелей застаюцца збольшага “непрачытанымі” — ні рэжысёрам, ні артыстамі, ні, адпаведна, гледачом. Складаная мазаіка асобных сцэн не складаецца ў завершаную карціну, колькі ні “спісвай” на фінальнае шматкроп’е, сцэнічна ўвасобленае, хутчэй, клічнікам (другая дзея ўвогуле атрымалася больш цэласнай). Узнікае і супярэчанне з музыкай. Бо Пясняр, паводле задумы, аказваецца, з аднаго боку, абдзелены такім жа біяграфічна-фантазійным арэолам (ёсць хіба гісторыя пра дзяўчыну з кніжкай Купалы і, яшчэ больш сімвалічная, пра натоўп, гатовы разарваць куміра на шматкі), а таму паўстае не жывым чалавекам, як паэты-класікі, а ўсяго толькі вобразам-сімвалам нейкага творцы ўвогуле — дакладней, “гэткага памочніка літаратарам”, як называюць яго ў п’есе.

З іншага ж боку, насычэнне спектакля фрагментамі “песняроўскіх” твораў у выкананні артыстаў тэатра на чале з Аляксеем Ераньковым ператварае яго ў падабенства караоке-шоу і наўпрост адсылае ўсё ж такі менавіта да Мулявіна. Праўда, дадзенае тэатрам пазначэнне “кампазітар — У.Мулявін” — не зусім карэктнае, бо ў рэпертуары ансамбля (і, зразумела, у самой пастаноўцы) былі далёка не толькі ягоныя кампазіцыі. У колькасным вымярэнні музычныя ўстаўкі пераважваюць паэтычныя (заўважым, што ў п’есе ўсё было наадварот, і ў ролі гэткіх “зонгаў” там выступалі, хутчэй, вершы розных паэтаў, а не песні з рэпертуару ансамбля). Але наўрад ці яны спраўляюцца з адведзенай ім роляй “энцыклапедычнага даведніка” па творчасці “Песняроў”. Бо не ведаючы апошнюю, а пазнаёміўшыся з ёй выключна праз спектакль, прыхільнікам Мулявіна, на жаль, не станеш. Бо атрымліваецца, як у анекдоце: маўляў, мне сусед праспяваў. Не спрацоўвае і азначэнне “ў жанры мюзікла”. Бо замест мюзікла з добра структурызаванай музычнай драматургіяй узнікае, хутчэй, рэвю, прычым у яго самых пачатковых праявах — як тэатралізаванага канцэрта, дзе сюжэтная лінія з’яўляецца хіба рэчышчам, у якім узнікаюць канцэртныя нумары. Ці ж да гэтага імкнуліся пастаноўшчыкі?

Замаўляючы п’есу маладому аўтару, які быў бы, па словах Валянціны Ераньковай, “незакамплексаваным”, трэба было адразу быць гатовым да пошуку “ключыка” да яе. П’еса ўжо сама па сабе — вельмі няпростая, далёкая ад тых, якія можна “проста браць — і ставіць”, размяркоўваючы хіба тое, каму з якой кулісы трэба выходзіць. У ёй, нібы ў класіцы мінулых стагоддзяў, дакладна прапісаны многія сцэнаграфічныя дэталі, якіх пастаноўшчыкі не прытрымліваюцца, і ніяк не пазначаны “музычныя ўкрапванні”, дададзеныя Аляксеем Ераньковым. Заяўленае ў ёй трохмоўе (беларуская, руская і “трасянка”) разлічана на яшчэ больш уважлівае, з падкрэсленнем сэнсавых адзінак, прачытанне, а не “агучванне”. Яна, як гэта распаўсюджана ў многіх відах сучаснага мастацтва, быццам “парвана на шматкі”, што патрабуе ад пастаноўкі звязвання апошніх у адно цэлае, асаблівага акцэнту на галоўную ідэю.

Пасля ж прагляду застаецца пытанне: дык пра што ці пра каго спектакль? Пра нялёгкую долю творцы — на тым і гэтым свеце? Пра нашу мову? Пра песні “Песняроў”? Пры такой, здавалася б, размаітасці пастаноўка — быццам на раздарожжы, “на ростанях”, калі згадаць Якуба Коласа. І сам твар Сяргея Жбанкова (Пясняр) зусім невыпадкова часцей за ўсё адлюстроўвае разгубленасць...

Фота Юрыя ІВАНОВА і Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"