Кветкавы фэст у пасёлку

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Фестываль кветак “Cпадчына мая — старонка родная” прайшоў днямі ў пасёлку Жалудок, што на Гродзеншчыне, і стаў сапраўдным падарункам для фларыстаў. Мясцовыя жыхары правялі конкурс кветкавых кампазіцый, букетаў, прэзентацыі дасягненняў садаводаў-аматараў “Традыцыі продкаў і сучасныя фантазіі”. А напрыканцы фэсту можна было прадэгуставаць напоі, варэнні і саленні, прыняць удзел у кірмашы народных кулінарных рэцэптаў.

/i/content/pi/cult/500/10749/10-4.jpg

Пра падзею распавядае Генадзь Цывінскі, старшыня Жалудоцкага сельвыканкама:

— Гісторыя фестывалю пачынаецца з 2004 года — з горада Шчучына. Менавіта тады пад час адкрыцця тамтэйшай гімназіі прайшоў невялікі фэст: выстаўка кветак. На наступны год ён пачаў паціху развівацца, а ўжо з 2010-га перастаў праходзіць у Шчучыне. Мы ж яшчэ з 2008 года праводзілі яго як адборачны, а пасля падхапілі ініцыятыву і ладзім фэст чацвёрты год...

На думку намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганны Хвядзюк, фэст стаў брэндам рэгіёна:

— Вельмі добра, што фестываль шырока распасцірае свае крылы. Я вельмі спадзяюся, што ў тым ліку і гэтым святам мы уносім пэўны ўклад у развіццё падзейнага турызму ў нашай краіне.

У фэсце ўдзельнічаюць усе арганізацыі Жалудка. Яны прадстаўляюць кветкавыя кампазіцыі, удзельнічаюць у розных намінацыях (конкурсы дэфіле, кветкавага касцюма). Амаль кожны падворак у мястэчку ўпрыгожаны кветкамі…

Андрэй МЯЛЕШКА

Фота аўтара