Партытура страсці

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Шагал. Партрэт у музыцы
3 верасня Беларуская дзяржаўная філармонія і Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі на чале з Аляксандрам Анісімавым адкрываюць канцэртны сезон — паводле традыцыі, нацыянальнай прэм’ерай. Мы пачуем “Страсці па Марку” Галіны Гарэлавай, прысвечаныя Марку Шагалу і створаныя паводле яго карцін.

Упершыню гэты твор, прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння сусветна вядомага мастака, прагучаў на яго радзіме ў Віцебску — пазалетась, у выкананні сімфанічнага аркестра Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Дырыжыраваў тады Сімон Камарцін (Швейцарыя). На скрыпцы саліравала Валерыя Гуцул (Беларусь — Расія).

Больш падрабязна пра гісторыю стварэння “Страсцей па Марку” распавяла кампазітар Галіна ГАРЭЛАВА:

— Гэтую партытуру мне замовіў швейцарскі дырыжор Сімон Камарцін. У 2008-м ён адкрываў тамтэйшы Міжнародны фестываль сучаснай акадэмічнай музыкі маім творам “Міф патаемны”. Дый потым, супрацоўнічаючы з нашым аркестрам радыё, неаднаразова сутыкаўся з беларускай музыкай. Ну а Шагал для яго — увогуле кумір! Мне ў падарунак ён даслаў Біблію на нямецкай мове і каляндар — усё з рэпрадукцыямі Шагала. Як і кожнаму прыхільніку мастака, яму вельмі хацелася пабываць у Віцебску, дакрануцца да тых мясцін, што ўзрасцілі гэтага генія. І да юбілейнай даты ён замовіў мне шматчасткавую сімфанічную кампазіцыю. Умовы былі — каб саліравала скрыпка (што абсалютна натуральна ў дачыненні да Шагала і, шырэй, яўрэйскай культуры) і каб у аснове кожнай часткі была адна з карцін майстра. Прапанаваў ён і свае “сем карцін”. Праўда, я з тым выбарам не пагадзілася. Нашы густы супалі толькі на апошняй — “Над горадам”, бо мне хацелася звярнуцца да карцін, непасрэдна звязаных з Віцебскам — “сардэчным цэнтрам Сусвету”, як пісаў мастак пра свой родны горад. Каб у цэнтры твора апынуўся менавіта віцебскі Шагал, а не парыжскі ці нью-ёркскі. Але я ніколі не напісала б гэтую партытуру, каб не адзін выпадак больш як трыццацігадовай даўніны.

Скончыўшы Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе Дзмітрыя Смольскага, я тады вучылася ў асістэнтуры-стажыроўцы пры ёй — у класе патрыярха нашай нацыянальнай культуры Анатоля Багатырова. А ён, як вядома, родам з Віцебска, і там ладзілі яго аўтарскі вечар. Я ж на той час у Віцебску ніколі не была — і напрасілася разам з ім. У тую паездку Анатоль Васільевіч адкрыў для мяне свой Віцебск — і адначасова шагалаўскі. Між іншым, яны былі знаёмыя, іх сем’і сябравалі! Па суботах, калі веравызнанне забараняе яўрэям працаваць, бацька будучага кампазітара пасылаў да Шагалаў свайго сына — раздзімаць самавар і што іншае дапамагаць па гаспадарцы. Але хто сёння пра гэта ведае?..

Мы вельмі доўга не маглі адшукаць дом Шагала. Да каго ні звернемся — усе толькі плячыма паціскаюць. Яго імя і творчасць тады яшчэ ледзь толькі пачыналі ўваходзіць у савецкую рэчаіснасць. Але ўжо быў выдадзены першы зборнік яго рэпрадукцый. Па іх я добра ўяўляла, як тая хатка павінна выглядаць. Але ў які бок ісці? Так што давялося арыентавацца на багатыроўскія ўспаміны дзяцінства: дзесьці непадалёк ад макароннай фабрыкі. І знайшлі-такі! Папрасіліся ў тых, хто там жыў, увайсці. Пастаялі. І нібыта адчулі, што Марк дзесьці побач — лунае ў паветры...

Віцебск тады падаўся мне шэрым, непрывабным. Але Багатыроў адкрыў мне “Душу горада” (так называецца адна з карцін Шагала і першая частка майго твора) — тую душу, якую не маглі збэсціць ніякія разбурэнні. “Вось тут быў, — казаў ён, паказваючы на нейкія горы смецця, — сабор. А вось тут — касцёл”. Гэта было, як сёння сказалі б, віртуальнае падарожжа — экскурсія па неіснуючых аб’ектах. Перада мной паўстаў іншы Віцебск — крыштальны, звонавы, які я і ўвасобіла ў музыцы, хаця, зразумела, у ёй ёсць і рысы сучаснага ўрбанізму.

Другая частка — “Падзенне Ікара”, вырашаная як няўмольная катастрофа. Трэцяя — “Скрыпач” (карціна больш вядомая як “Зялёны скрыпач”, бо ў музыканта на ёй — зялёны твар). Аркестр тут адпачывае, затое сола скрыпкі — сімвал шматвекавой яўрэйскай культуры — зроблена, быццам гэта дуэт. Чацвёртым выступае эскіз да карціны з нагоды першай гадавіны рэвалюцыі — “Вершнік”. У руках вершніка — рог, перададзены ў музыцы сігнальнай інтанацыяй. Але ў асноўным у аркестры задзейнічана не святочная медзь, а ўсё тое, што грукае, стукае, шчоўкае, ляскае: музыка сімвалізуе ўсё неадушаўлёнае, як у трылеры пра страшныя цацкі, здольныя забіваць. Пятая частка — “Белае распяцце”, якое выяўляе боль мастака за ганенні на яўрэяў. Шостая — “Музыканты”. Усе персанажы на гэтым палатне Шагала глядзяць у розныя бакі. У музыцы гэта перададзена гетэрафаніяй — адначасовым гучаннем розных варыянтаў адной фальклорнай папеўкі. Фінальная сёмая частка — “Над горадам” — шмат у чым перагукаецца з першай, утвараючы своеасаблівае абрамленне. Марк і Бэла лунаюць над віцебскімі хацінамі, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Музыка тут адлятае літаральна ў касмічныя вяршыні…

Мне вельмі хацелася, каб менавіта Валерыя Гуцул саліравала на той сусветнай прэм’еры ў Віцебску. Я ведала гэтую скрыпачку яшчэ тады, калі яна вучылася ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры нашай Акадэміі музыкі.

Потым яна з’ехала ў Маскву, зрабіла бліскучую кар’еру. Лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, на той час яна стала першай скрыпкай аркестра Вялікага тэатра Расіі. Галоўнае ў яе выкананні — жывы нерв музыкі, які яна перадае слухачам. Памятаю, яна прыехала за два дні да канцэрта — і аркестр радыё, з якім яна павінна была саліраваць, адразу падцягнуўся, пачаў арыентавацца на яе выканальніцкі ўзровень.

Што жа да цяперашняга выканання, дык спачатку я прапанавала Аляксандру Анісімаву іншую партытуру, якая яшчэ ніколі не гучала: “Куды вядзе нас барабаншчык?..”. А ён папрасіў яшчэ што-небудзь, каб можна было, як ён любіць казаць, “больш пагрымець”. І ў выніку спыніўся на “Страсцях па Марку”. Саліраваць гэтым разам будзе Рэгіна Саркісава — першая скрыпка аркестра Вялікага тэатра Беларусі.

Дадамо, што ўвесь гэты канцэрт, уключаючы літаратурна-музычную кампазіцыю паводле оперы “Мазепа” П.Чайкоўскага і паэмы “Палтава” А.Пушкіна з удзелам папулярнага расійскага кінаакцёра Андрэя Мярзлікіна, будзе транслявацца ў рэжыме онлайн на вялізным экране, устаноўленым ля Ратушы. А вось карціны Шагала, нават у электроннай версіі, паказаць, на жаль, не давядзецца. Памятаеце вулічную выстаўку яго работ насупраць Філармоніі два гады таму? На ўзгадненне юрыдычных ды фінансавых пытанняў з Шагалаўскім камітэтам, як запэўнілі арганізатары з фонду “Ідэя”, пайшло тады пяць месяцаў. Таму, каб спалучыць музыку з фарбамі, бярыце смартфоны, планшэты — і на плошчу!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"