Там — файна!

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Па выніках кірмашу “Вясновы букет” “К” апублікавала артыкул “А ў Лошыцы пакуль не як у Любліне…”. Паўстае пытанне: дык а як жа ў Любліне? Адказваю: у Любліне на Ягелонскім кірмашы — файна! Сёлета ён праходзіў з 15 да 17 жніўня. З’ехалася каля 250 майстроў, з іх звыш 40 — з Беларусі. Большасць, натуральна, палякі. Прадстаўлены таксама Літва, Славакія і Украіна. З Венгрыі прыехалі музыкі. Акрамя кірмашу рамесных вырабаў, ладзіліся выстаўкі, майстар-класы, экскурсіі, канцэрты, паказы фільмаў і спектакляў.

/i/content/pi/cult/500/10742/14-3.jpg

Сёлетняй тэматыкай Ягелонскага кірмашу сталі выцінанка і вяселле. У горадзе працавалі ажно тры выстаўкі выцінанак: агульнапольская, люблінская і сучасная выцінанка на тэматыку жыццёвага кола чалавека ў традыцыі. Асобная выстаўка была прысвечана вясельным звычаям на тэрыторыі Люблінскага ваяводства. Праходзілі майстар-класы па выцінанцы-выбіванцы і па вясельных спевах. Навучэнцы майстар-класаў па спевах пасля трох заняткаў выступілі з канцэртам, і вынік, трэба сказаць, быў добры, а цікавасць грамадства — вялікай.

Беларускія майстры годна прэзентавалі краіну. Можна было пабачыць і набыць беларускую вышыўку, тканыя вырабы, драўляную скульптуру, саломку, абярэгі з сена, упрыгожанні з бісеру, выцінанку, кераміку і яшчэ шмат чаго цікавага.

Атмасфера на імпрэзе — святочная, наведвальнікаў вельмі шмат, але, на мой суб’ектыўны погляд, усё ж менш, чым на віленскім “Казюкасе”. Калі ж параўноўваць з нашым “Вясновым букетам”, то ў вочы адразу ж кідаецца рознае стаўленне гарадскіх улад. Ягелонскі кірмаш праходзіць у Старым горадзе — у самым сэрцы Любліна, пра яго паведамляюць шматлікія буклеты для турыстаў цягам цэлага года. У адным з буклетаў ілюстрацыяй да кірмашу абраны фотаздымак беларускай бабулі Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна. Яна ўжо не першы год удзельнічае ў кірмашы: прадзе сабе кудзельку ў самай віхуры людской плыні…

Акрамя звестак аб кірмашы, люблінскія буклеты паведамляюць пра фальклорныя фестывалі “Песні Старой Еўропы”, “Фальклорныя Мікалайкі”, “Коды”, “Фалькларыстычныя спатканні імя Ігнація Вахавяка”. І гэта падзеі агульнагарадскога маштабу, дзе фальклор каштоўны сам па сабе, а не як фонавая музыка пад час імпрэзы на зусім іншую тэматыку.

У Беларусі ж імпрэзы, звязаныя з традыцыйнай культурай, выціснуты на перыферыю культурнага жыцця. Хто ведае пра “Вясновы букет”, акрамя саміх майстроў? Дзе атрымаць інфармацыю пра рэгіянальныя рамесныя і фальклорныя фестывалі? Хто адкажа на гэтыя пытанні?..

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі

 

 

 

Наша кудзеля ў Польшчы

Талент заўсёды запатрабаваны. І не толькі ў тым месцы, дзе чалавек стварае рукачынныя шэдэўры. Гэта засведчыў чарговы ўдзел маларытчан у Ягелонскім кірмашы. У ім па запрашэнні Цэнтра культуры ў Любліне ў другі раз прынялі ўдзел дырэктар раённага Цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец і народны майстар Рэспублікі Беларусь, жыхарка вёскі Дарапеевічы Сцепаніда Сцепанюк. Мерапрыемства праходзіла ў Старым Горадзе, мікрараёне Любліна.

— Адна з мэт кірмашу, — распавядае Валянціна Мікалаеўна, — прэзентацыя рамесных і рукадзельных вырабаў майстроў народнай творчасці з Польшчы, Украіны, Беларусі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, а таксама — абмен багатай праграмай культурных мерапрыемстваў. Мы са Сцепанідай Аляксееўнай, зразумела, прадстаўлялі тое, што складае асаблівы гонар маларыцкай зямлі: вышытыя ручнікі і тканыя вырабы. Усе наведвальнікі былі ў захапленні ад прыгажосці ды маляўнічасці ўзораў…

Маларытчане на кірмашы здолелі здзівіць не толькі гэтым: цікавасць у замежнікаў выклікалі вытканыя мужчынскія гальштукі, ручнікі з мясцовым арнаментам…

Валянціна Струнец і Сцепаніда Сцепанюк, як звычайна, давалі ў Польшчы майстар-класы. На іх збіралася шмат людзей, якія з захапленнем назіралі за тым, як твораць цуд рукі майстрых-чараўніц… Сцепаніда Аляксееўна паказвала і вучыла ўсіх ахвотных “рабіць” ільняныя ніткі з кудзелі…

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"