Нечаканы альянс

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Калі “копія” гуляе з арыгіналам
Адмыслова да “школьнай пары” Гомельскі палацава-паркавы ансамбль прадоўжыў час працы выстаўкі “Скарбы сусветнага жывапісу”, якая дая магчымасць пазнаёміцца з вядомымі творамі мастацтва ў нечаканым ракурсе. На пачатку верасня ўстанова чакае візіт студэнтаў-архітэктараў, навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча, школьнікаў. Таксама, каб убачыць цікавы выставачны праект, прыедзе дэлегацыя з Чарнігава.

/i/content/pi/cult/500/10735/13-1.jpg

Экспазіцыйныя "паралелі".

“Скарбы сусветнага жывапісу” — гэта выстаўка рэпрадукцый твораў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (унікальны падарунак Надзеі Хадасевіч-Лежэ). Рафаэль, Леанарда да Вінчы, Рэмбрант, Рэнуар, Караваджа, Шагал, Веласкес, Ван Гог, Пікаса… — экспазіцыя, якая складаецца са 140 карцін, дае магчымасць пазнаёміцца з культавымі работамі слынных мастакоў, адначасова дэманструючы сувязь паміж часам, калі яны ствараліся, і мастацтвам. Як змены ў светапоглядзе чалавека ўплывалі на жывапісную выяву? Стваральнікі выставачнага праекта паспрабавалі не проста прэзентаваць вядомых мастакоў, а — задаць тэматычны кантэкст, у якім сусветна вядомыя карціны раскрываюцца у пэўным ракурсе.

Здавалася б, простая выстаўка “копій”, але гэта акурат той выпадак, калі “копіі” гуляюць з арыгіналам.

140 з тысячы

Вядома, недаацаніць калекцыю рэпрадукцый Надзеі Хадасевіч-Лежэ, нашай слыннай зямлячкі родам з вёскі Зембін, вядомай мастачкі, жонкі французскага майстра, нельга. Серыя ўнікальных “копій” была створана ў майстэрнях Луўра ў 
1960-я — і ўжо лічыцца здабыткам культуры ХХ стагоддзя. Гэта першы досвед друкавання рэпрадукцый на палатне, падкрэсліваюць спецыялісты. Больш за тое: выявы карцін дапрацоўваліся пэндзлем, таму можна казаць пра “копіі” высокай якасці, і ў пэўным сэнсе — рарытэты. Збор каштоўных рэпрадукцый мастачка фарміравала цягам некалькіх гадоў, а потым, у савецкія часы, аддала ў дар беларускаму народу. Сёння захавальнікам калекцыі, якая налічвае больш за тысячу адзінак, з’яўляецца Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, і многія работы серыі наведвальнікі маглі бачыць у пэўных выставачных праектах (у прыватнасці, толькі нядаўна рэпрадукцыі былі задзейнічаны ў выстаўцы “Сто гадоў беларускага авангарда”). Тым не менш, Гомель па-свойму рашыўся раскрыць патэнцыял “вялікага збору” — падрыхтаваўшы і падаўшы яго адмысловым чынам. Паўтаруся, 140 работ з калекцыі Надзеі Хадасевіч-Лежэ былі ўпісаны ў кантэкст Палаца і дапоўнены экспанатамі з фондаў установы, а таксама выданнямі з Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна...

“Чалавек і Бог”

— Мы расставілі акцэнты такім чынам, — праводзіць мяне ў залы, дзе разгарнулася экспазіцыя, загадчык мастацкага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выстаўкі Таццяна Літвінава. — Мы вырашылі дапамагчы таму, хто прыйдзе на выстаўку, адчуць мінулыя стагоддзі, паспрабаваць зразумець, што фарміравала мастацтва пэўных эпох…

Першая зала праекта знаёміць наведвальніка з мастацтвам эпохі Адражэння: тут экспануюцца рэпрадукцыі карцін Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Батычэлі… І побач жа — у адмысловых вітрынах — прадстаўлены прадметы з фондаў Паскевічаў.

— Давайце падумаем: што гэта быў за час? — прапануе паразважаць спецыяліст. — Час адкрыццяў, час звароту да чалавека… Капернік абараняе сваю тэорыю, паклаўшы пачатак першай навуковай рэвалюцыі. Галілеа Галілей ладзіць астранамічныя вопыты, і мы ілюструем гэтыя змены ў светапоглядзе чалавека, уводзячы ў экспазіцыйную зону тэлескоп, што з’яўляецца важным здабыткам нашай калекцыі. Прадстаўлены тут і гадзіннік, які мае форму храма эпохі Рэнесанса, — працягвае яна. — Нягледзячы на тое, што гэты экспанат быў зроблены ў іншы час — 1830-я гады, — ён выдатна візуалізуе светапогляд асобы Адраджэння, калі архітэктура становіцца суразмернай чалавеку, а сам чалавек апынаецца ў цэнтры светабудовы…

Тэматычнае аб’яднанне жывапісных твораў і прадметаў з фонду Палаца ў першай зале носіць назву “Чалавек і Бог”. Для наведвальнікаў падрыхтаваны адпаведны тэкст, які акрэслівае час, вылучаючы яго галоўныя рысы. І ён служыць важным тэарэтычным падмуркам да разумення канцэпцыі экспазіцыі.

— Адраджэнне — гэта эпоха, калі адбываўся пераход ад багаслоўскага мастацтва да свецкага, — Таццяна Літвінава далей асэнсоўвае зрэз сацыяльнага кантэксту і жывапісных “прарываў”. — Вось “Мадонна пад вэлюмам” Філіпа Ліпі: мастак стварыў, лічы, сямейны партрэт, адлюстраваўшы сваю жонку. Бог у людзях або людзі ў Богу? — вось тыя пытанні, якія ставіць жывапіс тых часоў…

Цікавая дэталь: рэпрадукцыі на сценах дапаўняюцца пустымі рамамі розных форм.

— Мы вырашылі зрабіць пэўны намёк на тое, што значная колькасць жывапісных скарбаў знаходзіцца па-за межамі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, — тлумачыць гэты ход мастацтвазнаўца, — у шматлікіх музеях свету… І дадае, што жывапісная калекцыя палаца Румянцавых і Паскевічаў была страчана пад час Другой сусветнай вайны.

“Чалавек і яго атачэнне”

Даволі шмат аўтараў аб’ядноўвае наступны раздзел, якому стваральнікі выстаўкі далі назву “Чалавек і яго атачэнне”.

— Пэўная эпоха не заканчваецца рэзка — усё адбываецца паступова, пэўнымі напластаваннямі, — распавядае пра канцэпцыю экспазіцыі наступнай залы Таццяна Літвінава, — таму тут мы прадставілі розныя стылі — ад барока да класіцызму, і нават мадэрнізм…

Пачынаючы з Паўночнага Рэнесанса, які ў экспазіцыі “прэзентуецца” Гансам Гальбейнам, Лкасам Кранахам і Брэйгелем Старэйшым, мастацтва ўсё больш звяртаецца да выяўлення канкрэтнага, а не ідэальнага абстрактнага чалавека. Гэтую тэзу і прапануюць стваральнікі выстаўкі гледачу для “прачытання” жывапісных работ XVII — XIX стагоддзяў.

— Мастакі пішуць вядомых персанажаў свайго часу, а не святых, яны звяртаюцца да свету рэчаў, дэманструючы асяроддзе, у якім жыве чалавек, — дае характарыстыку новай эпосе Таццяна Літвінава. — Таму ў гэтай экспазіцыі мы імкнуліся паказаць розныя тыпажы. Тым больш, што ў тыя часы назіраецца выразны падзел людзей на сацыяльныя саслоўі…

Жывапіс мастакоў дапаўняецца рознымі калекцыямі прадметаў. У прыватнасці, посуд, які размешчаны ў адмысловай вітрыне залы, мае пэўнае падабенства з тымі рэчамі, што выяўлены на карцінах.

— У XVIII стагоддзі была вынайдзена еўрапейская парцаляна, — распавядае мастацтвазнаўца. — І нам падалося цалкам слушным паказаць выдатныя ўзоры парцаляны з фондаў Паскевічаў…

Стыль ракако, які грунтаваўся на прыдворных густах, “знаходзіць паралелі” ў аздобленых упрыгожаннямі гадзінніку, кандэлябрах, вытанчаных сталовых прыборах з фондаў славутых князёў. ХІХ стагоддзе і стыль ампір візуалізаваны наступным блокам: рэпрадукцыя карціны Жака Луі Давіда “Напалеон у рабочым кабінеце” знаходзіцца ў цэнтры групы прадметаў, якія належалі слыннаму роду (кнігі, пісьмовыя прылады, стылізаваны гадзіннік, зброя)…

— У фондах нашага музея захоўваецца і вось гэтая талерка, на якой адлюстраваны момант сустрэчы Напалеона з Аляксандрам І, — указвае на рарытэт спецыяліст, дадаючы, што ў выніку ўдалося стварыць вельмі атмасферную, так бы мовіць, імператарскую, міні-экспазіцыю.

І ўжо ў гэтай зале пачынаецца паступовы пераход да мадэрнізму. Вітрына, што ўяўляе з сябе “жаночы комплекс”: у ёй — жаночыя ўпрыгожанні, статуэткі, флакон парфумы, рыдыкюль, люстэрка, часопісы мод, якія выпісывала Ірына Іванаўна Паскевіч… Усе гэтыя прадметы ўдала “рыфмуюцца” і з “Дзвюма прасавальшчыцамі” Эдгара Дэга, і з выявай жанчыны на карціне Эдуарда Манэ “Аржантэй”.

— Такім чынам мы знаёмімся ўжо з аўтарамі, якія з’яўляюцца пачынальнікамі імпрэсіянізму, — кажа спецыяліст і праводзіць у іншую залу.

“Чалавек і яго адчуванні”

Насамрэч, не ўсе залы, задзейнічаныя ў выстаўцы, маюць падобную архітэктоніку і начынне. Напрыклад, у адной з іх ужо ёсць пастаянная экспазіцыя: інтэр’ер жылога памяшкання ХІХ — ХХ стагоддзяў. Стваральнікі “Скарбаў сусветнага жывапісу” вырашылі не змяняць абстаноўку, а скарыстацца “дадзенымі ўмовамі”, “упісаўшыся” ў адмыслова аформлены пакой.

— У гэтай зале мы зрабілі такі ход: на сцены павесілі работы тых мастакоў, якія жылі прыблізна ў падобнай абстаноўцы (Агюста Рэнуара, Поля Сезана, Клода Манэ…), — распавядае Таццяна Літвінава. — Але адмыслова выбіралі тыя творы, што “перагукаюцца” з дэкорам мэблі ў стылі мадэрн…

Мастацтва ХХ стагоддзя зыходзіла з адчуванняў людзей, — падводзіць да новай тэмы, кантэксту мастацтвазнаўца і прапануе паспрачацца з гэтай тэзай, паглядзеўшы — ужо ў апошняй зале выстаўкі — на рэпрадукцыі карцін Пікаса, Мадзільяні, Матыса, Гагена, Брака…

Замест заключэння

Насамрэч, нават гэтым выставачны праект не вычэрпваецца. Ён прапануе гледачу яшчэ і фільмы пра славутых мастакоў ды нават музычны складнік. Раз на тыдзень на пандусе ля Палаца можна пачуць творы старасвецкіх кампазітараў у выкананні сімфанічнага аркестра ў падтрымку “Скарбаў сусветнага жывапісу”. Выстаўка атрымалася комплекснай, і нягледзячы на тое, што пэўных творчых хібаў ёй, будзем шчырымі, не ўдалося пазбегнуць, смелыя захады яе стваральнікаў не заўважыць не атрымліваецца.

Урэшце, з чаго ствараецца выстаўка? З працы куратара і ўсведамлення ўласных слабасцей ды моцных бакоў, што і дэманструе на прыкладзе “Скарбаў…” Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. “Нам хочацца, каб нашы фонды “гучалі”, — дзеліцца Таццяна Фёдараўна. Экспазіцыя спалучае моцны жывапіс (хоць і ў рэпрадукцыях) з творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Што і казаць, для асветніцкага праекта лепш і не прыдумаць. Невыпадкова выстаўку было вырашана прадоўжыць. “Копіі — копіямі”, але не трэба грэбаваць магчымасцю пазнаёміцца з гісторыяй мастацтва ў музейнай прасторы і праз якасныя рэпрадукцыі.

Дарэчы, яшчэ адзін момант. Галоўны мастацкі музей Амстэрдама Рэйксмузеум падобны ход — прадстаўленне эпохі і часу праз творы мастацтва і аб’екты матэрыяльнай культуры — побач, у адной зале, — пасля рэканструкцыі, якая завяршылася зусім нядаўна, таксама ўзяў да ўвагі. Падобны “альянс” мастацтва і гісторыі падаўся галандцам надзвычай сучасным.

Магчыма, паралель з Гомелем вельмі ўмоўная, ды ўсё ж…

 

Кажа эксперт

Вольга АРХІПАВА, загадчык аддзела сучаснага выяўленчага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі:

— Падобнае спалучэнне копій і рэчаў, твораў і асоб — на сённяшні дзень вельмі распаўсюджаны прыём экспанавання. Гэта заўсёды пашырае “гучанне часу”. Чалавек больш ярка мае адчуваць сучаснае і будучае, калі ён разумее і ведае мінулае, а глыбіня падтрымліваецца шматвобразнасцю. Адзіны твор можа не так шмат распавесці, як яго выступленне ў ансамблі з іншымі артэфактамі часу. Безумоўна, у дзяржаўных калекцыях пакуль не захоўваюцца арыгінальныя творы сусветна вядомых мастакоў, таму калекцыя факсімільных рэпрадукцый ды злепкаў сапраўды далучае нас да скарбніцы сусветнай культуры…

 

Хэдлайн рэгіёна

Пры ўсіх “хваробах”

Каментарыі тут могуць быць самыя розныя. Вядома, статус музея ці галерэі вызначаецца багатай калекцыяй арыгіналаў, але часам менавіта новае пераасэнсаванне фондаў падобных устаноў можа даць той самы нечаканы эфект, які прымусіць гледача зноў прыйсці туды. І поспех такіх выставачных праектаў, як “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” ці “Сто гадоў беларускага авангарда”, пацвярджаюць гэтую думку.

Таксама ні для каго не сакрэт, што сучасная музейная культура мусіць прапаноўваць самыя розныя формы дыялога з гледачом. Магчыма, будучы ІІ Нацыянальны музейны форум, што пройдзе акурат у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі 26 — 27 верасня, — добрая нагода прааналізаваць стан айчыннай музейнай сферы і заўважыць тыя прыклады, у аснове якіх — арыгінальнае куратарскае выказванне.

Прынамсі, пры ўсіх вядомых “хваробах” нашай музейнай справы, менавіта падобныя праекты, што ўтрымліваюць у сабе смелую думку і якасную даследчую працу, набліжаюць нас да міжнароднага кантэксту.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"