Высокая адзнака Радзімы

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Як паведаміла Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 19 лютага Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ аб узнагароджанні вялікай групы грамадзян за высокае прафесійнае майстэрства, дасягненне значных вытворчых паказчыкаў, узорнае выкананне службовых абавязкаў, заслугі ў дзяржаўнай дзейнасці, у галіне навукі, адукацыі, культуры, дарожнага будаўніцтва, медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

Высокую адзнаку Радзімы за сваю плённую працу атрымалі і вядомыя дзеячы культуры і мастацтва.

Сярод іх — галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча Міхаіл Казінец, які ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Медалём “За працоўныя заслугі” адзначаны галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Аляксандр Анісімаў.

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны старшыня Савета федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Францішак Каўрыга; старшыня Савета нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” у Рэспубліцы Комі Аркадзь Крупенька; намеснік дырэктара па культуры Новасібірскай гарадской грамадскай арганізацыі “Беларускі культурна-асветны цэнтр імя святой Еўфрасінні Полацкай” Людміла Счаслівенка. Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны — вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Аксана Лясная, дэкан фартэпіяннага і кампазітарска-музыказнаўчага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Няхаенка, мастацкі кіраўнік грамадскага творчага саюза “Славянскі круг” пры ЗАТ “Будаўнічая кампанія “Партнёр” Сяргей Костачка, мастак-жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў Валерый Шкаруба, а таксама работнікі Беларускай дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармоніі: мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору Наталля Міхайлава, артыст размоўнага жанру вышэйшай катэгорыі Уладзімір Радзівілаў, рэпетытар па вакале ансамбля “Сябры” Мікалай Сацура.

Ганаровае званне “Народны мастак Беларусі” прысвоена мастаку-скульптару, члену Беларускага саюза мастакоў Івану Міско.

Гэтым жа Указам Прэзідэнт узнагародзіў Пятра Волкава, дырэктара дзяржаўнай установы “Палац Рэспублікі” Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ордэнам Пашаны.

Медалём “За працоўныя заслугі” адзначаны супрацоўнікі РУП “Выдавецтва “Беларускі Дом друку” Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер Мікалай Паршута, начальнік газетнага цэха Аляксандр Супрон, друкар плоскага друку Валерый Цыганкоў.


Паводле паведамлення Прэс-службы
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь