Флоксы паўстагоддзя і восем гадоў таму

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Юрый ІВАНОЎ, загадчык аддзела фотаілюстрацый газеты “Культура”:
— А вы ведаеце, што флоксы цвітуць з ліпеня да прымаразкаў? Я тое прачытаў у энцыклапедыі, калі згадваў падзею больш як паўвекавой даўніны.

/i/content/pi/cult/498/10727/2-5.jpg15 жніўня 1956 года ў Мінску адбывалася пахаванне Якуба Коласа. Жалобная працэсія рухалася ад Цэнтральнай плошчы да вуліцы Даўгабродскай, на Вайсковыя могілкі, дзе было вызначана месца апошняга спачыну народнага паэта Беларусі.

Уздоўж шэсця па галоўным праспекце Мінска стаялі людзі, якіх было мноства. На скрыжаванні праспекта Сталіна і вуліцы Купалы — на тым месцы, дзе цяпер будынак цырка, — стаяў і васямнаццацігадовы юнак. Жанчына, мабыць прыезджая, звярнулася да юнака:

— Хто?.. Каго пышна хаваюць? — жанчына мела намер перасекчы праспект, але юнак утрымаў яе.

— Якуба Коласа хаваюць. Нельга пераходзіць. Пачакайце...

— Якуб Колас? А хто гэта? — жанчына відавочна была не мінчанка, а можа быць, і не беларуска.

Юнак не адказаў. У руках ён трымаў пышны букет летніх кветак. Густы іх водар, здавалася, плыў над жалобнай працэсіяй, ахутваючы натоўп людзей, што ў смутку ішлі за гарматным лафетам. Людская стужка працягнулася на сотні метраў…

На балконе другога паверха дома на плошчы Перамогі стаяў дзесяцігадовы хлопчык з бацькамі:

— Была спёка. Памятаю мора вянкоў і кветкі, кветкі... — прыгадвае ён цяпер.

Жалобная працэсія павярнула на Даўгабродскую. Там, непадалёк ад нашага дома па праспекце імя Сталіна, стаяў я з сястрой Святланай.

— Памятаеш, калі хавалі Якуба Коласа, мы бачылі жалобную працэсію? — спытаў я неяк у сястры.

— Да гэтага часу пах флоксаў нагадвае мне той дзень. Іх водар перабіваў усе астатнія пахі…

Васямнаццацігадовым юнаком быў Ігар Лучанок, а хлопчыкам — Эдуард Зарыцкі. Ігар Міхайлавіч напісаў на вершы Коласа песню “Мой родны кут”, у Зарыцкага — цыкл песень на вершы народнага паэта “Край ясназоры”. Ён кажа так:

— Колас — велічыня, якую ўспрымаеш у сталым веку. Я ставіўся да яго, як да сучасніка. Мае дванаццаць песень, як я лічу, на генетычным узроўні ўспрымаюць салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Наталля Тамела, Юрый Вашчук, Галіна Грамовіч…

— Дзякуючы “Песнярам” мая песня “Мой родны кут” стала своеасаблівым гімнам. Яе выкананне ў амерыканскім горадзе Нэшвіл зала слухала стоячы. У мінскім метро яе фрагмент гучаў як пазыўныя… — прыгадвае Ігар Лучанок.

Мой сябра, прафесар медыцыны, — далёкі ад паэзіі і музыкі. У яго багажы — вынаходніцтвы, якія дапамагаюць чалавецтву. Створаныя ім прэпараты прадаюцца ў аптэках. На маё пытанне, хто для яго Якуб Колас, ён адказаў сцісла, ды ёміста:

— Вершы Коласа — музычныя.

А яшчэ сёлета спаўняецца 55 гадоў Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа.

— Калі ў гэтым доме жыў Колас, то, як казаў яго сын Даніла, гэта была ўскраіна Мінска, а ваўкі прабягалі ля хаты, — распавяла мне дырэктар музея Зінаіда Камароўская. — Мо праз мемарыяльнасць экспанаты дыхаюць гісторыяй. Прыгадваецца мне, як аднойчы Пасол Японіі ў Беларусі зацікавіўся творчасцю Коласа, а тагачасны начальнік аддзела культуры Стаўбцоўшчыны Анатоль Грэкаў суправаджаў яго па краі, дзе нарадзіўся народны паэт…

2014-ты — Год гасціннасці. Музей з гэтай нагоды ды зважаючы на сваю круглую дату праводзіць акцыю пад дэвізам, вядома ж, з Коласавых радкоў: “Мы расчынім вам дзверы гасцінна / І сустрэнем, як родных сваіх, / І на покуць, як быці павінна, / Вас пасадзім, гасцей дарагіх!”…

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф