“Музей — ваш, а зямля — наша!”

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Праект "Філіял": узаемадзеянне "ўстанова — раён": мара, ява і… лагістыка
Праект “Філіял”, як падаецца, — доўгатэрміновы. Інакш кажучы, пісаць ёсць пра што. Сельскія філіялы маюцца ў райцэнтраўскіх школах мастацтваў. Існуюць яны і ў раённых дамах рамёстваў. Не выключэнне — і музейныя ўстановы. Тэма, пагадзіцеся, цікавая: распавесці пра эканамічныя ды творчыя сувязі структур з галаўной, так бы мовіць, арганізацыяй, пра перспектывы іх узаемазвязанага развіцця. Не думаю, што гаворка пойдзе толькі пра дадатныя напрацоўкі. Словам, рэдакцыя “К” запланавала серыю публікацый пад названай ужо рубрыкай. Сённяшняя размова — пра філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы — Мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”.

/i/content/pi/cult/498/10726/2-1.jpg

 

 

Лецішча Купалы.

/i/content/pi/cult/498/10726/2-3.jpg

 

 

Супрацоўнікі філіяла.

/i/content/pi/cult/498/10726/2-4.jpg

Залатыя венікі

Спачатку — пра эканоміку. Куды ж без яе? Многія ведаюць, што ў Купалаўскага музея — чатыры філіялы: Вязынка, Яхімоўшчына (Маладзечанскі раён), Акопы (Лагойшчына) і Ляўкі (Аршаншчына). З першымі двума — аніякіх праблем. І з кіраўніцтвам стасункі наладжаны, і адлегласць ад Маладзечна — невялікая. Рэспубліканскія святы ладзяцца тут бездакорна. За год Вязынку наведвае ў сярэднім 12 тысяч гасцей. Развіццю Акопаў, знакамітых “Купалаўскімі вакацыямі”, замінае хіба што адсутнасць зручнага руху грамадскага транспарту (тэма для асобнай грунтоўнай гутаркі, бо гэтая праблема ўласцівая большасці музейных філіялаў). А вось Ляўкі… Утрымліваць іх, з эканамічнага пункта гледжання, — надзвычай складана. Ад Мінска да гэтага дняпроўскага берага — 270 кіламетраў. Па словах дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы Алены Ляшковіч, для таго, каб пабываць тут хаця б чатыры разы за год, даводзіцца наймаць прыватнага перавозчыка. Звычайныя венікі для прыборкі тэрыторыі становяцца літаральна залатымі. Вось такая лагістыка, што наўпрост уплывае на эканоміку…

У чым выйсце? На першы погляд, у перадачы музея ў камунальную ўласнасць Аршанскага раёна. Мясцовыя ўлады займаліся б добраўпарадкаваннем тэрыторыі, не забываючыся на тое, што гэта — мемарыяльны запаведнік. А музей займаўся б экспазіцыяй. Не сакрэт, што яна даўно састарэла і патрабуе крэатыўных змен. Але перш чым узяць ляўкоўскі філіял на свой баланс, абласное кіраўніцтва патрабуе ад музейнага правесці капітальны рамонт будынка. Грошай для гэтага не стае. Нягледзячы нават на тое, што ў леснічоўцы, дзе цяпер і месціцца экспазіцыя, падгнілі бярвенні. Распачаты толькі бягучы рамонт. Аднак каб і былі грошы, Алена Ляшковіч, аказваецца, ніяк не хоча развітвацца з маляўнічым наддняпроўскім кутком, дзе так вусцішна было Івану Дамінікавічу Луцэвічу. Інтрыга? Яна!

Як Ляўкі дзяліць будзем?

На пачатку ліпеня, калі я быў у Дуброўне, карэспандэнт абласной газеты запыталася, ці быў я на нядаўнім свяце маладых паэтаў у Ляўках. Адказаў, што ніхто не запрашаў. Прыехаў у Мінск і пачаў высвятляць у кіраўніка Купалаўскага музея Алены Ляшковіч, якое ж свята там адбылося. Аказалася, і Алену Раманаўну ніхто ў Ляўкі не запрашаў з той нагоды…

Гаворка — ізноў пра мясцовыя ўлады. Ну нельга гэтага рабіць у мемарыяльным запаведніку! Між тым, перад музеем у Ляўках быў усталяваны валун з шыльдай, на якой пазначана: “Тут захоўваецца пасланне пакаленню 2044 года, прынятае ўдзельнікамі Свята Паэзіі ў Ляўках…”. “Я не супраць такіх святаў, цудоўна, што яны ладзяцца. Але чаму не сумесна з намі? — кажа кіраўнік Купалаўскага музея. — І ці можна пакідаць пасля іх сляды, што не маюць ніякага дачынення да Купалы і парушаюць аўтэнтыку прылеглай тэрыторыі?! Урэшце, мы абласныя ўрачыстасці, звязаныя з Песняром, ладзім не перад паэтавым лецішчам, а далёка за ім…”

Так што ўся інтрыга — у адсутнасці партнёрскіх стасункаў. Таму і застаецца філіял філіялам. Між тым, у Оршы не жадаюць забывацца на тое, што зямля Ляўкоў па вызначэнні належыць раёну.

Замест спрэчак — дыялог

У музей, што месціцца ў былой леснічоўцы, і на лецішча Купалы пастаянна скіроўваюцца людзі, якія імкнуцца разгадаць тайну Песняра…

А непаразуменні працягваюцца. Лес вакол лецішча пераўтвараецца з-за недарэчных чыстак у парк. Лесвіца, што вядзе ад лецішча да Дняпра, аказалася пафарбаванай у дзіўны ружовы колер. Вы скажаце, у філіяла ж кіраўніцтва ёсць, якое цягам рабочага дня ўсё бачыць! Так, загадчык філіяла Тамара Крына — цудоўны спецыяліст. Але жыве на Аршаншчыне. Пытанні яшчэ ёсць?.. Я не назваў бы гэта супрацьстаяннем. Але як выправіць непаразуменні? Дамаўляцца! Гэта ў ідэале. А ён у нас часта — недасяжны. Крыўдна не за дзяржаву, а за радзіму. Для кагосьці яна абмяжоўваецца службовымі абавязкамі ў памерах раёна ці вобласці. Але той, хто сапраўды любіць Янку Купалу, які напісаў “Незалежнасць” і “Тутэйшых”, родным домам лічыць усю Беларусь. Ці ж можна яе падзяліць па сферы ўплыву? Так што — толькі канструктыўны дыялог. Хто пачне першым?

Шэўрале? Калі ласка!

Цяпер — пра перспектывы філіяла. Мне шанцуе на цікавых людзей. У Ляўках пазнаёміўся з дырэктарам фірмы “Тэхнамузей” і старшынёй Музейнага апякунскага савета Вадзімам Дзем’яновічам. Гэта менавіта ён спрычыніўся да стварэння тэхнічных наваротаў у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З гэткай жа любоўю ставіцца і да Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ды яго філіялаў. Пра сталічнае віртуальнае жыццё паэта ў 3D-фармаце наш пастаянны чытач добра ведае. А ў Ляўках перад уваходам на музейную тэрыторыю неўзабаве з’явіцца інфакіёск. Я запытаўся: ці доўга ён пражыве ў лесе? Аказваецца, інфакіёск — антывандальны.

Камп’ютарная тэхніка ляўкоўскага філіяла і яе пастаянны рамонт — гэта таксама Вадзім Дзем’яновіч. Мы загаварылі з ім пра музейныя сувеніры. Чаму б, кажу, не вырабляць маленькія, але дакладныя копіі купалаўскага Шэўрале? Вадзім, зірнуўшы на Алену Рамановіч, зазначыў: “А мы пра гэта неяк і не падумалі. А што? Ідэя!” Аказваецца, саматужна вырабляць тыя мадэлькі няма патрэбы: выпускае копіі ўсіх магчымых марак даўно і з поспехам адна з расійскіх фірм, з якой Дзем’яновіч наладзіў кантакты яшчэ пад час працы па стварэнні экспазіцыі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Трэба толькі на тых машынках праставіць па замове родны нумар купалаўскага аўто. Першая сотня-другая аўтасувеніраў пакажа, ці вартая камерцыйная гульня маркетынгавых свечак…

Да канца гэтага года будзе распрацавана канцэпцыя экспазіцыі ў Ляўках. Увасабленне яе — справа бліжэйшага часу. Безумоўна, знікне цытата Луначарскага пра Янку Купалу. Я паважаю першага наркама асветы СССР, але не яму сёння ацэньваць жыццё і творчасць асобы, у якой неверагодным чынам спалучаліся Іван Луцэвіч і Янка Купала… Карацей, канцэпцыя экспазіцыі зводзіцца да наступнай высновы: тут будзе адлюстраваны толькі Ляўкоўскі перыяд. Афармленнем будучай выстаўкі зоймецца мастак-дызайнер Аляксандр Давідовіч.

Замест заканчэння

Гэтае заканчэнне прысвечана пачатку, не — працягу развіцця музейнай справы ў Ляўках. Алена Ляшковіч папрасіла назваць імёны ўсіх тых, ад каго залежыць эфектыўнасць апошняй. Вось яны, супрацоўнікі філіяла: Тамара Крына, Аксана Платонава, Святлана Галецкая, Людміла Мяншова, Дзмітрый Акулаў.