Маміны словы

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Яўген АЛЕЙНІК, кампазітар, прадзюсар
— Для мяне ўваходжанне ў культуру пачалося... не памятаю, калі. З самага нараджэння дома заўсёды былі музычныя інструменты і пласцінкі.

/i/content/pi/cult/498/10725/4-8.jpgМая мама, Ніна Яўгенаўна, некаторы час сваёй маладосці працавала ў мінскай краме “Музыка”, і таму ў нас была велізарная вінілавая фанатэка: прадаўцы “Музыкі” канца 1970-х не шкадавалі заробкаў на набыццё ў сваёй жа краме рэдкіх па тым часе навінак, якія разляталіся як гарачыя піражкі.

Мой дзед, Яўген Емяльянавіч, быў родам з сяла Вялікая Матавiлаўка, што непадалёк ад Кіева. Ён — стрыечны пляменнік вялікага тэнара Івана Казлоўскага, які паходзіў з суседняй Мар’ янаўкі. Таму музыка ў нашай сям’ і культывавалася. І паколькі я жыў з мамай, бабуляй ды дзедам, то асноўнымі полюсамі музычнасці былі пласцінкі ад мамы і ўкраінскі фальклор ад дзеда.

Маючы велізарную фанатэку, а таксама мноства інструментаў (баян, акардэон, балалайка, гітара, губны гармонік), з дзяцінства спрабаваў выявіць гэтым інструментарыем упадабаныя песні. Памятаю пласцінку “The Beatles” пад назвай “A Taste of Honey” (кампіляцыя, выдадзеная ў СССР), трэці і чацвёрты альбомы “ABBA”, дыскі “Smokie”, Даяны Рос, Глорыі Гейнар, “Scorpions”, Шэр, Ціны Цёрнэр, Сціві Уандэра ды многіх іншых. А ў восем гадоў я пайшоў у музычную школу па класе баяна, і для мяне адкрыліся творы беларускай, украінскай ды рускай народнай музыкі.

У дванаццаць мне набылі першы сінтэзатар, у чатырнаццаць я атрымаў гітару, а ў шаснаццаць працаваў гітарыстам на вяселлях і па клубах.

Цяжка сказаць, з чаго менавіта з пералічанага вышэй пачалося маё захапленне музыкай. Думаю, кожны чалавек ёй захапляецца — гэта закладзена ў яго прыродзе. Аднак для мяне паваротным момантам сталі мамiны словы: “Жэня, мы жывём небагата, і на ўсе твае сінтэзатары ды гітары сыходзяць апошнія грошы. Калі хочаш стаць музыкантам — зарабляй музыкай”.

Мае любімыя музыканты на дадзены момант (а мы з жонкай кожны дзень адкрываем усё новыя імёны: свет жа — велізарны) — гэта “The Beatles”, “Take That”, Мілен Фармэр, “Coldplay”, “Bon Jovi”, “Evanescence”. Я з’яўляюся вялікім фанатам (і часам удзельнікам) конкурсу “Еўрабачанне”, люблю народную музыку. Наогул, шкадую людзей, якія свядома абмяжоўваюць сябе, усё жыццё слухаючы толькi блюз, джаз, метал ці дыска 80-х. Музыка — бязмежная...