“Бартар” пад вухканне савы

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Ці рэальны фестываль у вёсцы з двума жыхарамі?
Ці можна зладзіць фестываль на ганку? На музейных сходах? Нарэшце, на прызбе? Цяпер ведаю, што можна. Калі, канешне ж, падысці да гэтай ідэі творча. Так, як арганізатары “Прызба-фэсту”, які прайшоў у мінулыя выхадныя ў вёсцы Залессе Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Турыстаў, што захацелі пасядзець на прызбе ля сялянскіх хат ці заначаваць у намётах на тэрыторыі мясцовай аграсядзібы, сабралася тут больш за сотню. А з улікам жыхароў з суседняга Вялікага Сяла колькасць гасцей фэсту можна было смела павялічваць ці не ў тры разы.

/i/content/pi/cult/498/10723/12-1.jpg

Такія ўказальнікі запрашалі на "Прызба-фэст".

/i/content/pi/cult/498/10723/12-3.jpg

Пад час аднаго з тэматычных майстар-класаў.

З Сецівам — у дарогу

Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, онлайн-рэпартажы… Усё гэта сталася звыклым для кожнага. Вось і я, дазнаўшыся пра дату фестывалю, адразу ж запытаўся ў Сусветнага Павуціння пра “Прызба-фэст”. І ўжо праз секунду натрапіў на суполкі, створаныя арганізатарамі ў сацыяльных сетках. Запісаўшыся адразу ў некалькі, цягам тыдня атрымліваў звесткі пра тое, якім маршрутам лягчэй дабрацца да Залесся, што за мерапрыемствы запланаваны цягам трох дзён фэсту, і гэтак далей. Самай цікавай аказалася інфармацыя аб тым, што раніцай і вечарам у вёску будуць хадзіць замоўленыя арганізатарамі “фестывальныя” аўтобусы. Так што дабрацца сюды з Мінска было не так ужо і складана.

Само Залессе — на некалькі хат вёсачка, у якой жывуць баба Маня і баба Валя. Яны, дарэчы, таксама прымалі ўдзел у імпрэзах, спяваючы аўтэнтычныя палескія песні вечарамі перад вогнішчам, вакол якога збіраліся “прызбаўцы”. А яшчэ гэтае паселішча слыннае тым, што знаходзіцца акурат на ўскрайку найбуйнейшага нізіннага балота “Дзікае”, якое прымыкае да Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”.

Часам у вёсцы, як запэўніваў мяне адзін з арганізатараў “Прызба-фэсту” і ўладальнік аграэкасядзібы, на якой адбывалася імпрэза, Сяргей Сідарук, можна проста з ганку назіраць да шасці савіных відаў! Дарэчы, адна з гэтых соваў — барадатая кугакаўка — сёлета сталася сімвалам фестывалю: яе можна было ўбачыць намаляванай не толькі на сценах хат, але і на футболках, якія прапаноўваліся за даволі сімвалічную плату.

Экалогія + культурны абмен

Зразумела, што з усяго, сказанага вышэй, лагічна вынікаў экалагічны напрамак фестывалю. Сюды дадаліся кіношныя, музычныя ды тэатральныя прэзентацыі ад польскага вясковага тэатра “Венгайты” ды брэсцкага аматарскага тэатра “Крылы Халопа”. Як патлумачыла мне адна з арганізатараў “Прызба-фэсту” Аксана Гайко, галоўная ідэя залескай імпрэзы — у выхадзе за межы тэатральнай залы, за межы горада, за межы так званых стацыянарных культурных прастораў. Таму заканамерна, што спектаклі, майстар-класы, канцэрты, фільмы (чорна-белыя нямыя, але пад жывую музыку ўдзельнікаў) ладзіліся на спецыяльна пабудаванай летняй сцэне.

Па словах Аксаны Гайко, ёй вельмі не хацелася, каб “Прызба” сталася чарговай імпрэзай, на якую завітаюць знаёмыя “тусоўшчыкі” з Мінска ці Брэста, каб пабавіць час ды паслухаць саміх сябе… Таму і ўзнікла задума далучыць да фестывалю мясцовых жыхароў, зрабіць, так бы мовіць, культурны “бартар”.

Для гэтага арганізатары сустрэліся з жыхарамі Вялікага Сяла, запісалі вясковыя гісторыі і паданні ад старажылаў паселішча, а таксама павучылі мясцовую дзятву, як ставіць спектаклі ды іграць у іх. Як мне распавядалі, маленькія акцёры і актрысы аж вішчалі ад радасці, калі пачулі пра магчымасць выступіць на сцэне перад сваякамі! Балазе іграць ім давялося ў спектаклі пад назвай “Аповеды з Вялікага Сяла”, заснаванага на сабраным у “палявых умовах” матэрыяле. Паглядзець на сваіх дзяцей ды ўнукаў прыйшлі жыхары амаль усёй вёскі. А пасля агульнымі намаганнямі была зладжана святочная вячэра, на якую кожны жыхар паселішча прынёс улюбёную страву.

“Тры скарыначкі хлеба”

Дарэчы, частавалі на “Прызба-фэсце” па-паходнаму: грэцкай кашай, прыгатаванай на вогнішчы, грыбным супам, гарбатай ды яшчэ шмат чым. Каля вогнішча ды месца, дзе рыхтаваўся абед ці вячэра, пастаянна былі людзі, размаўляючы на беларускай, польскай, рускай ды нямецкай мовах. Балазе, як абяцалі кухары, у іх заўсёды кожнаму знойдзецца “тры скарыначкі хлеба”… І не падманулі.

Тут, мабыць, варта сказаць і пра нязмушанасць ды лёгкасць фестывальнай атмасферы: кожны мог папіць чаю, паўдзельнічаць у майстар-класе, пагуляць у валейбол ці бандмінтон, прайсціся па навакольным лесе ці проста адпачыць, чытаючы кніжкі… Бо мясцовая “бібліятэка” пад адкрытым небам, якая мела назву “Ля-нота”, была поўная кніг на любую тэматыку: ад твораў Мілана Кундэры да турыстычных даведнікаў па Брэстчыне...

Але ўсё гэта не значыць, што дні былі толькі “тусовачныя”. Расповеды, лекцыі, дыскусіі ад мінскіх ды брэсцкіх гасцей на разнастайныя тэмы — ад праблем дэвіянтнага мастацтва да пытанняў аб тым, ці павінен мастак мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, — прымушалі і задумвацца, і адстойваць сваю думку.

І апошняе. Натуральна, “тры скарыначкі хлеба” ў арганізатараў “Прызба-фэсту” так проста “ў кішэньцы” не з’явіліся. Кожны наведвальнік за першы дзень знаходжання на аграсядзібе мусіў заплаціць 60 тысяч, а ў другі дзень — ужо 100 тысяч рублёў. Трэці ж дзень фестывалю, які праходзіў у Вялікім Сяле, быў для наведвальнікаў бясплатны. Акрамя таго, імпрэза ладзілася пры фінансавай падтрымцы праекта “USAID”, які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”. Усё тое і дазволіла правесці тэатральна-экалагічна-мастацкі фестываль у невялікай палескай вёсачцы.

Але ці будзе працяг гэтай, безумоўна, годнай і цікавай ініцыятывы? Адказу на дадзенае пытанне я так і не атрымаў. Арганізатары ў адзін голас казалі аб тым, што спачатку варта абмеркаваць вынікі імпрэзы, а тады ўжо і вырашаць, ці з’явіцца на свет праект пад умоўнай назвай “Прызба-фэст-2”. Несумненна адно: пра Залессе цяпер ведаюць далёка за межамі Пружаншчыны. І гэта той вынік, які кажа сам за сябе.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"