Анімацыя на тэму муз

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

На чарговым прэс-паказе кінастудыя “Беларусьфільм” прадставіла некалькі анімацыйных стужак з цыкла “Казкі старога піяніна”, знятых сумесна з расійскай студыяй “М.И.Р.”. Серыі працягласцю па трынаццаць хвілін прысвечаны жыццю і творчасці Пракоф’ева, Баха, Шапэна, Дэбюсі.

/i/content/pi/cult/498/10721/8-5.jpg

Гэты цыкл выходзіць з 2005 года. Ідэя належыла расійскаму кінасцэнарысту, рэжысёру і прадзюсару Ірыне Марголінай. Яна звярнулася з ёй у Міністэрства культуры Расіі і, атрымаўшы там “бласлаўленне”, пачала шукаць спонсараў ды збіраць каманду. У выніку ўзнікла студыя, назва якой складаецца з ініцыялаў апантанай творцы. Сумесна з “Беларусьфільмам” былі створаны не ўсе мультфільмы цыкла. Шукаючы магчымасці выхаду на міжнародны кінарынак, Марголіна супрацоўнічала таксама з рэжысёрамі не толькі Расіі, але і ЗША, Вялікабрытаніі. Але можна з упэўненасцю сказаць, што менавіта нашы, беларускія, творцы задалі цыклу тон, стварылі яго адметную эстэтыку і адпаведны імідж. Гэта заўважна нават па ўзнагародах, якімі адзначаліся на міжнародных фестывалях асобныя серыі: беларускія мульцікі маюць іх больш.

Дый пачынаўся цыкл, зноў-такі, з тады яшчэ прыватнага, без удзелу “Беларусьфільма”, супрацоўніцтва з усёй сям’ёй беларускіх аніматараў Пяткевічаў-Марчанка: рэжысёрам першага фільма, пра Бетховена, выступіў Уладзімір Пяткевіч, мастакамі — Алена і Уладзімір Пяткевічы і Вольга Марчанка. Тэхніка камп’ютарнай версіі анімацыі на пяску, вытрыманая ў гэтай серыі, стала спадарожнічаць усяму цыклу. Нягледзячы на тое, што ўсе серыі робяцца ў розных тэхніках і стылістыках, таямніча-паэтычная застаўка “Казак старога піяніна” застаецца ранейшай — “пясочнай”.

Сярод адзінаццаці знятых на сёння фільмаў цыкла асабіста я лепшым назвала б наступны — “Сяргей Пракоф’еў. Чацвёрты апельсін”. Яго ідэя і сцэнарый належаць нашаму знакамітаму Ігару Волчаку. Колішні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе фартэпіяна, ён выказвае сваю музычнасць літаральна ў кожнай сваёй анімацыйнай рабоце. Дзесьці — наўпрост, праз тэмы і назвы, ці ўвогуле выступаючы кампазітарам стужкі. Дзесьці — прыхавана, праз драматургію ды формаўтварэнне, уласцівыя розным музычным жанрам. Ён валодае тым метадам развіцця матэрыялу, які ў музыцы завецца сімфанізмам і выяўляецца зусім не толькі ў сімфоніях. Галоўнае — што з чаго “ўзрастае”, што ў што ператвараецца, як спалучаюцца розныя элементы — няхай і кантрасныя, але абавязкова ўзаемазвязаныя, бы розныя бакі аднаго медаля. Усё гэта ў “Пракоф’еве...” закладзена ўжо на ўзроўні ідэі ды выканана папраўдзе філігранна (рэжысёр — колішняя выпускніца нашай Акадэміі мастацтваў Юлія Цітова). Апельсін, “пазычаны” з оперы “Каханне да трох апельсінаў”, становіцца сімвалам усёй творчасці кампазітара, якая і сапраўды ззяе сонцам апельсінавага колеру. Становячыся лейтматывам, своеасаблівым рэфрэнам аповеду, апельсін, бы чароўны казачны клубок, які то хаваецца, то ўзнікае наноў, вядзе нас ад адной сцэны да другой. А колькі яшчэ падобных “пераўтварэнняў” сустракаецца ў стужцы! Яны, можа, менш кідкія за апельсін, але ад гэтага не менш значныя. Тут і хлопчыкі на галіне дрэва, бы чарада вераб’ёў, і цягнік, падобны да раяля, і абсалютна дакладнае “ўздзеянне” паядынка з Валянцінам з “Фаўста” Ш.Гуно на оперу “Велікан” дзевяцігадовага Пракоф’ева, і “ажылыя” партрэты кампазітараў старэйшага пакалення, у якіх Пракоф’еў вучыўся, і цень з д’ябальскімі рожкамі за спінай Луначарскага, і коп’і-сцягі-цвікі-ноты ў фільмах Эйзенштэйна, з якім супрацоўнічаў Пракоф’еў. Спалучэнне розных тэхнік — маляванай і камп’ютарнай анімацыі, перакладкі — адпавядае самой эстэтыцы ХХ стагоддзя. А рэпрызнасць, так званая арачнасць кампазіцыі, калі ў канцы згадваецца пачатак, надае кампазіцыі тую класічную гарманічнасць ды ўраўнаважанасць, якія для Пракоф’ева, пры ўсёй яго схільнасці да авангардных эксперыментаў, мелі асноватворнае значэнне.

Некаторыя хібы іншых стужак выцякаюць менавіта са сцэнарыяў. Кансультантам праекта выступае вядомая расійская музыказнаўца Алена Далінская, аўтары карыстаюцца фондамі Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага і Дзяржаўнага музея музычнай культуры імя М.Глінкі. У кожнай серыі знойдзены свой падыход да абранай тэмы, свая “фішка”. Але той унутранай музычнай арганізацыі, што ёсць у “Пракоф’еве”, ім усё ж бракуе. Узнікаюць і пытанні наконт мэтавай аўдыторыі. Калі “Пракоф’еў…” аднолькава цікавы ўсім, бо кожны бачыць у ім свае тэмы ды вобразы, то ў некаторых іншых такой непарыўнай повязі няма.

“Бах” (рэжысёр — Алена Пяткевіч) патанае ў біяграфічных дэталях, засвоіць якія з аднаго прагляду немагчыма. Яны часам нават перашкаджаюць успрымаць візуальны шэраг. Колеравая гама — “бахаўская”. А вось абраная тэхніка маляванай татальнай анімацыі, на мой погляд, больш пасавала б музыцы сыноў Баха, а не яго самога. Але, на жаль, філасофія пяску і, шырэй, сама “цякучасць” пяску — няўмольная, яна зачароўвае, больш глыбокая ды “глейкая”, чым у вады, — ужо была “зрасходавана” ў “Бетховене”, музыка якога, дарэчы, будуецца не на канстантным “раскручванні-ўзрастанні”, як у Баха, а на імгненных кантрастах, што ўтвараюць павышаную колькасць “падзей” на адзінку часу.

Самым цікавым у “Шапэне”, зробленым у тэхніцы перакладкі (рэжысёр — Ірына Кадзюкова), з’яўляецца выкарыстанне малюнкаў кампазітара і ягонага атачэння, пачынаючы з Жорж Санд. Тая літаральна ва ўсіх кадрах — курыць, што, дарэчы, адпавядала рэчаіснасці. Але што скажа наконт гэтага Міністэрства адукацыі, якое павінна ўкараніць згаданыя мультфільмы ў навучальны працэс?

Адметнасцю цалкам расійскага фільма “Шу-шу. Клод Дэбюсі” (рэжысёр і мастак — Андрэй Ушакоў) стаўся зварот да балета кампазітара “Скрыня з цацкамі”, напісанага для дачкі, якую дома ласкава называлі Шу-шу. Але стылістыка гэтага твора, напісанага ў позні перыяд, была зусім не імпрэсіянісцкай! У ім, хутчэй, можна знайсці “прадчуванне” далейшага постмадэрна з яго прагай да цытавання і калажаў, уласцівых ХХ стагоддзю.

Ды ўсё ж мае “прыдзіркі” — дробязь у параўнанні з самой ідэяй гэтага праекта. Жыццё і творчасць класікаў даўно ўжо трэба было ўвасобіць сродкамі анімацыі. Дадам, што на Захадзе падобныя праекты даўно ўжо не навіна. Там нават гісторыя сусветнай музыкі можа быць выкладзена не толькі “не акадэмічна”, з гумарам, але з сапраўдным сцёбам, у тым ліку ў выглядзе забаўных коміксаў. З адной, праўда, папраўкай: там больш акцэнтуюцца не біяграфічныя дэталі, а стылявыя. Прасочваецца сам гістарычны працэс з усімі яго заканамернасцямі, што часам выглядаюць як нечаканасці. Скрозь гэтую прызму і падаецца творчасць кампазітараў. Тэксты — вельмі сціслыя, але надзвычай трапныя, са стопрацэнтным вызначэннем самага галоўнага — самога “нерва” музыкі кожнага з творцаў. Узгадаю і цікавы польскі серыял “Чароўная флейта”, дзе сабраны каля паўсотні мульцікаў рознага хронаметражу. У кожнай серыі цалкам гучыць невялікі музычны твор, які аздабляецца відэашэрагам, утвараючы своеасаблівае “нямое кіно наадварот”.

Што ж да “Казак старога піяніна”, дык акурат сёння пасля апоўначы, у самы, што называецца, “недзіцячы час”, некаторыя з іх можна будзе ўжо не ўпершыню пабачыць па расійскім тэлеканале “Культура”. Свае пошукі спажыўцоў вядуцца і ў нас. Як паведамілі на “Беларусьфільме”, дасягнута дамоўленасць дадаваць да часопіса “Пачатковае навучанне” DVD-дыскі, на якіх будуць змешчаны стужкі пра гербы гарадоў (“Аповесць мінулых часоў”), а таксама “Казкі старога піяніна”.

І ўсё б добра, ды не дае спакою думка: калі ж мы зробім штосьці падобнае пра нашых творцаў? Пра тых беларусаў, якія ўславілі сусветную навуку і культуру?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"