Мелодыі адыходзячай эпохі

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

У галерэі Тызенгауза ў Гродне працавала выстаўка жывапісу Вацлава Спорскага, работы якога былі надзвычай сугучныя таму настрою таемнай чароўнасці, што панаваў сярод людзей у калядныя святы. Мастак выпрацаваў асабістую сістэму вобразна-выяўленчых сродкаў, якая вылучае яго сярод іншых творцаў. Ён імкнецца раскрыць патаемную сутнасць з’яў жыцця прыроды і чалавека.

 /i/content/pi/cult/149/1072/Melodyi.jpg

В.Спорскі. “Апошняя прыстань”.

Навакольны свет асэнсоўваецца жывапісцам праз вобразы-сімвалы, якія ўзнікаюць амаль у містычнай прасторы, што надае абрысам прадметаў пэўную загадкавасць. Так, з небыцця ХІV ст. выплывае велічны коннік Давыд Гарадзенскі, а старажытная Каложская царква ў Гродне выглядае не столькі адлюстраваннем унікальнага помніка, колькі жывапісным асэнсаваннем дэкаратыўных выдатнасцей архітэктуры, выяўленнем тых пачуццяў шчырай любові, якія ахопліваюць кожнага гараджаніна пры ўспаміне пра гэтую невялікую, але поўную годнасці пабудову. Аўтар па-мастацку трансфармуе гістарычныя адметнасці не толькі Беларусі, а і сусветных цывілізацый увогуле, тактоўна ўводзячы іх выявы ў асацыятыўныя вобразныя пласты твораў (“Музыка сфер”, “Бег часу”), калі філасофскія развагі пра каштоўнасць кожнага імгнення жыцця дапаўняюцца настальгічнымі ўспамінамі-мроямі дзяцінства (“У памяць пра дзяцінства”, “Мелодыі адыходзячай эпохі”).

Карціны прыроды таксама прасякнуты глыбокім суб’ектыўным пачуццём творцы. Напрыклад, у відарысе марской гавані ўвага акцэнтуецца не на водных даляглядах, а менавіта на старым без ветразяў караблі, які знайшоў тут свой апошні прытулак.

В.Спорскі тонка адчувае трапяткую гармонію прыгажосці жанчыны, эмацыянальна эстэтызуючы сутнасныя праявы яе шматаблічнай асобы. Яна — то загадкавая русалка ва ўмоўнай прасторы азёрных глыбінь, то залатая жар-птушка, упэўненая ў сваіх чарах царыца, але з моцнымі драпежнымі кіпцюрамі. Аўтар сцвярджае высокую духоўную місію жанчыны праз вобраз Божай Маці, якая пануе над сусветам, у кампазіцыі “З’яўленне”. Апелюючы да рэнесансавага светавыяўлення, мастак нагадвае пра хрысціянскую сутнасць свят, пра нараджэнне радасці і чысціні ў існаванні чалавека.


Марына ЗАГІДУЛІНА
Гродна