Акадэміст, які спявае эстраду

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Амаль усе "мульты-" Ігара Задарожнага
Дзесяць гадоў плённай працы на прафесійнай сцэне, прызнанне гледачоў і павага з боку калег-прафесіяналаў — такі паслужны спіс мае саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігар ЗАДАРОЖНЫ. У яго асобе наша эстрада набыла прадаўжальніка выканальніцкіх традыцый, закладзеных некалі незабыўнымі спевакамі Эдуардам Міцулем, Віктарам Вуячычам, Анатолем Падгайскім, Яраславам Еўдакімавым... І справа не толькі ў тым, што Ігар мае такі ж моцны ды тэмбральна багаты барытон — голас, які цяпер так рэдка сустрэнеш сярод эстрадных спевакоў. Задарожны валодае высокай выканальніцкай культурай. У ім ёсць харызма, што праяўляецца ў выдатных манерах, у патрабавальным гусце да сцэнічных паводзін і рэпертуару, у тым выключным арыстакратызме, які беспамылкова адчуваецца ў маім героі адразу ж. А Ігар Задарожны яшчэ і кампазітар, музыкант-мультыінструменталіст (скажам, адзіны ў рэспубліцы грае на хрустальных бакалах), ён валодае цыркавымі рамёствамі, выдатна танчыць і нават адбівае стэп. Словам, у мастацтве — чалавек невыпадковы. Але менавіта ў вакальную прафесію прыйшоў не адразу.

/i/content/pi/cult/498/10717/6-1.jpg

— Мае бацькі — не музыканты, але нейкія музычныя гены, відаць, былі ўва мне закладзены, — кажа Ігар. — У дзяцінстве я цягнуўся да бацькоўскага баяна, які цяпер у нас перадаецца з пакалення ў пакаленне: калісьці на ім граў бацька, потым я, а зараз спрабуюць мае сыны. Напэўна, мая музычнасць была заўважана бацькамі. І, калі трэба было ісці ў школу, мяне аддалі ў спецклас з музычным і харэаграфічным ухілам.

— А калі ў вас адкрыўся голас? Бо вы ж скончылі музычнае вучылішча ў сваім родным Брэсце па класе баяна!

— У музычнай школе. А скончыў яе ў Манголіі, дзе бацькі працавалі па кантракце. Мы пражылі там пяць гадоў. Памятаю як зараз фотаздымак нашага школьнага хору: сем дзяўчат і я сярод іх адзіны хлопчык — зусім як у вядомай песні! Настаўнікі ўвесь час змяняліся: адны з’язджалі, бо заканчваўся кантракт, другія, наадварот, прыязджалі. Таму ў мяне было мноства педагогаў і па спецыяльнасці, і па сальфеджыа. Але хор мне заўсёды падабаўся. Я спяваў разам з дзяўчынкамі ў гэтым хоры, мы рыхтавалі праграмы і справаздачныя канцэрты напрыканцы года. Напэўна, ўжо тады голас пачаў неяк “прабівацца”. Але сур’ёзна я пачаў займацца вакалам у музычным каледжы, праўда, спачатку — у форме факультатыву.

Мне пашчасціла з педагогам па асноўнай спецыяльнасці: я вучыўся па класе баяна ў цудоўнага выкладчыка Віктара Фіяфанавіча Шыманоўскага, які ўкладваў у сваіх вучняў душу і сэрца. Але ў мяне вызначыліся пэўныя вакальныя здольнасці, і я стаў больш грунтоўна займацца спевамі. Паралельна спяваў у царкоўным хоры Мікалаеўскага храма ў Брэсце. Спачатку мяне ўзялі на клірас, а потым перавялі ў асноўны хор, так званы змяшаны. Мы з гэтым хорам, дарэчы, шмат гастралявалі, — у асноўным, у Германіі. Там няшмат праваслаўных храмаў, але мы спявалі службы, дый папросту выступалі на канцэртах. Жылі па сем’ях. Нам, пятнаццацігадовым юнакам, гэта было вельмі цікава: свет паглядзець, чамусьці павучыцца. І ў гэтым хоры я спяваў практычна да ад’езду ў Мінск. А вырашальную ролю ў выбары спецыяльнасці адыграў мой педагог Сяргей Панасюк, які займаўся са мной вакалам на апошніх гадах навучання ў каледжы. Ён параіў мне праслухацца на падрыхтоўчае аддяленне вакальнага факультэта Акадэміі музыкі.

— У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вы трапілі ў клас выдатнага спевака і педагога Міхаіла Жылюка. Што з’яўляецца асноўным у яго выкладчыцкай працы?

— Ён ніколі нічога не навязвае, а імкнецца раскрыць асабісты патэнцыял кожнага вакаліста. Гэта — майстар, які дасягае выніку сваім досведам, сваім прыкладам. Міхаіл Аляксандравіч — добры псіхолаг, умее правільна настроіць перад выступленнем, каб студэнт перад выхадам на сцэну адчуваў свабоду, задавальненне ад спеваў, а не прыгнечанасць ды страх. Я прыехаў у сталіцу і апынуўся сам-насам у чужым горадзе. А педагог быў чалавекам, з кім можна было паразмаўляць на любую тэму, атрымаць параду, дапамогу…

— Кансерваторыя профільна рыхтуе акадэмічных спевакоў. Але так склалася ў вашым жыцці, што вы абралі для сябе эстраду. Чаму?

— Вы правільна сказалі: менавіта “так склалася”. Сапраўды, цяпер я, у асноўным, спяваю эстраду: магчыма, таму, што гэта больш запатрабавана, а магчыма, таму, што гэта звязана з маёй працай у аркестры Жыновіча. Хаця ў маім рэпертуары шмат арый з опер ды аперэт, класічных рамансаў. І, калі будзе неабходнасць і магчымасць выконваць акадэмічныя творы, я думаю, што з гэтым спраўлюся не горш, чым майстры опернай сцэны.

— І ўсё ж вернемся да вашай працы на эстрадзе. Вы аддаяце перавагу стылю рэтра. Вашы куміры — выдатныя спевакі мінулых гадоў Валерый Абадзінскі, Эдуард Хіль, Муслім Магамаеў. Чым яны блізкія вам як выканаўцы?

— Напэўна, акадэмічнай манерай спеваў у эстраднай песні, культурай выканання. Гэта мяне вельмі прываблівае.

— Ігар, вы штогод выступаеце на сцэне Белдзяржфілармоніі з сольнымі канцэртамі, і праграмы з вашым удзелам збіраюць поўныя залы. Вас ведаюць, нягледзячы на тое, што на тэлеэфіры запрашаюць нячаста. І ўсё ж, ці ведаеце вы, хто ваша публіка?

— У асноўным, гэта людзі сярэдняга веку і больш сталае пакаленне. Хаця я заўважаю, што на мае канцэрты стала прыходзіць і моладзь. Гэта радуе. Мая публіка, збольшага, — інтэлігенцыя, людзі, якія цэняць мастацтва, шануюць песні з глыбокім сэнсам, — тыя старыя добрыя песні 1970-х — 1980-х, узроўню якіх зараз так не хапае. У гэтых творах — адкрытыя эмоцыі, сапраўдныя, шчырыя пачуцці. І паслухаць іх прыходзяць і настаўнікі, і ўрачы — публіка, якая прагне гэтай добрай настальгіі.

— Вось ужо чацвёрты сезон вы з’яўляецеся салістам аркестра імя Жыновіча. Што дае праца ў гэтым калектыве?

— Перш за ўсё — досвед працы на вялікай сцэне, засваенне новага рэпертуару і ўвасабленне маіх творчых планаў. Сольныя канцэрты я заўсёды праводжу з аркестрам, і яны праходзяць на ўра. Гэта ўнікальны калектыў, адзіны ў сваім родзе не толькі ў нашай краіне, а ўвогуле — ва ўсім свеце. Публіка любіць гэты аркестр — ну, і нас, салістаў, напэўна, таксама… У калектыве заўсёды прыязная атмасфера, без закулісных інтрыг ды плётак. Калі ім нешта не падабаецца, яны адкрыта кажуць: тут не так, зрабі інакш. Усе яны — выдатныя прафесіяналы, і калі працуеш з такімі людзьмі на адной сцэне, адчуваеш іх узровень, дык і твой расце. Аркестр дае мне магчымасць росту.

— Вы не толькі спяваеце, але і граеце на многіх музычных інструментах. Яшчэ адна грань вашага таленту — стварэнне музыкі: песень ды інструментальных п’ес…

— Я пачаў гэтым займацца яшчэ ў Брэсцкім музычным каледжы. У мяне быў таленавіты педагог Уладзімір Рыжкоў, які здолеў раскрыць мой кампазітарскі патэнцыял. Дый сам Уладзімір Анатольевіч — не толькі музыкант і кампазітар: ён яшчэ і піша цікавыя вершы. Вось аднойчы ён рыхтаваў свой творчы вечар ды прапанаваў мне два вершы для напісання песень. І я сачыніў музыку. Атрымаліся невялікія вакальныя творы — раманс і песня. Выконвалі іх брэсцкія калектывы. Такі быў мой першы кампазітарскі вопыт. А потым я сачыніў некалькі п’ес для цымбальнага аркестра каледжа, у якім сам граў на баяне. Нават на дзяржэкзамене ў каледжы я дырыжыраваў сваім аўтарскім творам і па спецыяльнасці таксама выконваў на баяне ўласную п’есу. Стымул быў вялікі паспрабаваць сябе ў кампазіцыі, таму што гэта магла ацаніць публіка!

— Аркестроўкі таксама самі пісалі?

— Цалкам. Канешне ж, пад наглядам і кіраўніцтвам педагога. Памылкі выпраўлялі разам, але на апошнім курсе я мог ужо сам напісаць партытуру. Я стварыў джазавыя кампазіцыі для аркестра народных інструментаў “Залатая ліхаманка” і “Амерыканская сюіта”. Іх выконвалі і ў Брэсце, і ў Мінску — у тым ліку аркестр імя Жыновіча ды аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Валатковіча пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Я ведаю, што ў Беларусі яшчэ некалькі калектываў узялі ў рэпертуар мае творы.

— А зараз ствараеце музыку?

— Аркестравыя п’есы — не, бо бракуе на іх стварэнне часу. А вось у песенным жанры працую і пастаянна выконваю свае ўласныя песні.

— Калі вы ішлі ў прафесію, то, напэўна, разумелі, што музыка не прыносіць вялікіх дывідэндаў…

— Ну, я б не сказаў і таго, што музыканты — народ бедны. Прынамсі, я заўсёды захапляўся не толькі музыкай, але і сумежнымі творчымі спецыяльнасцямі, якія дазваляюць мне выжываць у наш нялёгкі час. Я займаюся і фатаграфіяй, і відэаздымкай, і цыркавым мастацтвам, якое ў свой час было для мяне як хобі, а сёння часткова стала нават і прафесіяй. Я працую як дзіцячы фокуснік, мяне запрашаюць на розныя мерапрыемствы. Ну і, канешне ж, карпаратывы: добрая песня, добры вакал заўсёды ўпрыгожыць любое свята. Плюс яшчэ я граю на саксафоне, што таксама немалаважна для таго, каб быць запатрабаваным. Умею крыжыкам вышываць!.. (Усміхаецца.)

— Гэта жарт?

— Ну чаму ж? У дзяцінстве я займаўся вязаннем, хадзіў ва ўсялякія гурткі. У нас у Манголіі не было асабліва чым заняцца, вось я і наведваў усе гурткі без разбору: інкрустацыя і саломкай, і металічнай стружкай, і маскі мы ляпілі, і вязалі, і малявалі, і ракеты запускалі, і дэльтапланы рабілі. Я ўсё на сабе выпрабаваў.

— Вы — бацька трох сыноў. Якую будучыню бачыце для сваіх дзяцей? Ужо задумваліся пра гэта?

— Многае будзе залежыць ад іх саміх. Яны самі павінны будаваць сваё жыццё, а бацькі мусяць скіроўваць іх у патрэбны бок. Хай спрабуюць сябе ва ўсіх галінах. Магчыма, нехта з іх захоча стаць музыкантам, як мы з жонкай (жонка Ігара скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе фартэпіяна. — В.Б.). Але не выключана, што гэта можа застацца на ўзроўні захаплення, і яны набудуць іншую спецыяльнасць. Мы з жонкай не ставім мэты выгадаваць з іх музыкантаў-вундэркіндаў. Няхай самі развіваюцца і шукаюць сябе. Ціснуць на іх нам не хацелася б…

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца