“Дзевушка, а куды вы?”

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

З чаго складаецца культура супрацоўнікаў музеяў ды галерэй?
Падставай паразважаць на конт культуры супрацоўнікаў музеяў ды галерэй стала рэпліка літаратурнага крытыка Ганны Кісліцынай. Развіць тэму мы вырашылі, звярнуўшыся да дырэктара Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі ў Гомелі Людмілы Шымбалёвай і дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алега Рыжкова — не толькі дасведчаных у сферы кіравання культурнымі ўстановамі спецыялістаў, але і тых асоб, што маюць досвед супрацоўніцтва з замежнымі арт-пляцоўкамі.

“Дык з чаго пачынаецца культура?”

/i/content/pi/cult/498/10716/5-333.jpgГанна КІСЛІЦЫНА, літаратурны крытык, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— “Тэатр пачынаецца з вешалкі”… Гэты афарызм Канстанціна Станіслаўскага ведаю са школы. Але згадаўся ён нядаўна, на адкрыцці выстаўкі літоўскіх мастакоў, куды трапіла па запрашэнні Пасольства. Пачыналася ўсё цудоўна. У назначаны час я з’явілася ў галерэйнай установе рэспубліканскага значэння, што прымала падзею. Паднялася на другі паверх, паглядзела на работы — і так была імі зачаравана, што вырашыла схадзіць дадому па фотаапарат: захацелася мне, каб і іншыя пра выстаўку даведаліся. Пісаць пра такія мерапрыемствы даводзіцца часта, здымаць у музеях для мяне — справа звычайная, а жыву я непадалёк.

Праз паўгадзіны вярнулася, праходжу разам з іншымі наведвальнікамі ў залу, і раптам чую вокрык: “Дзевушка, а куды вы?” Спачатку нават не зразумела, што гэта мне. Па-першае, уваходзілі і іншыя людзі, а па-другое — ну, не такая я ўжо і юная. Але пасля другога вокліку агледзелася, падышла да жанчын на ўваходзе і спакойна патлумачыла, што іду на выстаўку літоўскіх мастакоў па запрашэнні літоўскіх дыпламатаў і магу нават запрашэнне паказаць. І тут тры жанчыны, якія там сядзелі, сталі мне выгаворваць… І што выстаўка ўжо закрываецца, і ў зале нікога няма… І што прыходзіць трэба да часу адкрыцця… І як я пасмела прыйсці не своечасова…

Была б я іншым чалавекам, то не толькі збегла б адтуль, а і наогул ніколі не вярнулася. Бо выгаворвалі мне так, быццам я — школьніца, якая спазнілася на ўрок! Тлумачыць нешта не мела сэнсу, тым больш выстаўка была адкрыта, час у запрашэнні не пазначаўся, галерэя працу яшчэ не скончыла… Таму проста сказала: “Ну, лічыце, што я спазнілася!” Павярнулася і пайшла на другі паверх. Але ўвесь шлях ад увахода да лесвіцы чула, як мяне за спінай уголас абмяркоўваюць супрацоўніцы музея: “Бач ты, спазнілася яна…”

Сказаць, што я была ўражана — нічога не сказаць! Што цікава: зала наверсе была яшчэ поўная гледачоў. Больш за тое, нават калі праз паўгадзіны я выходзіла адтуль, людзі яшчэ працягвалі заходзіць: выстаўка ж сапраўды вельмі цікавая і шырока прадстаўляе сучаснае мастацтва суседзяў… Але вось пісаць пра яе ў мяне настрою ўжо не было. Некалькі дзён гэтая гісторыя не давала мне спакою. У думках я спрабавала зразумець жанчын на вахце: “Вечар. Ім хочацца дадому. А мастакі стаяць у зале і не разыходзяцца. Ну трэба ж некаму выказаць незадаволенасць!..”

Але ж справу можна было вырашыць прыгожа! Напрыклад, сказаць: “Як добра, што вы паспелі да закрыцця! Калі падымецеся хутка, паспееце ўсё агледзець!” Ці: “Прыемных вам уражанняў! Вельмі цікавая выстаўка!” Нарэшце, проста прамаўчаць… Ці напісаць: “Уваход — да паловы на сёмую!”

Справа ж не ўва мне… Я да парадкаў нашых культурных устаноў прызвычаілася. Але вось на маім месцы магла быць сціплая студэнтка. Ці правінцыйная настаўніца. Ці аграном, які прыехаў у горад. Хіба мала людзей, якія працуюць па-за сферай культуры, але цягнуцца да яе? Ім гэтыя выстаўкі, можа, патрэбны больш, чым мне! І ніхто не мае права выгаворваць, калі і як заходзіць у храм культуры. Ён не проста павінен быць даступны, але і мусіць стаць гасцінным!

…Вось толькі-толькі нашы музеі, галерэі і бібліятэкі сталі вучыцца працаваць з наведвальнікамі: прыдумляць нейкія незвычайныя тэматычныя выстаўкі, па-іншаму арганізоўваць прастору, ладзіць цікавыя мерапрыемствы… Але да ўсіх гэтых цікавостак патэнцыйныя госці могуць папросту не дайсці. Бо ўстанова культуры пачынаецца з ганка!..

“А вы, прабачце, хто такія?”

/i/content/pi/cult/498/10716/7-1.jpgЛюдміла ШЫМБАЛЁВА, дырэктар Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі:

— Сёння паняцце “галерэя” складаецца з многіх фактараў, і адзін з іх, безумоўна, — паважлівае стаўленне да наведвальніка работнікаў музея, галерэі, Цэнтра культуры... На маю думку, “чалавечы” фактар вельмі важны, і ён часам здольны кампенсаваць недахопы галерэі, ці наадварот — сапсаваць уражанне ад культурнай установы.

Мне даводзілася наведваць розныя музеі і, на жаль, быць сведкай прыкрай абыякавасці яго работнікаў да аўдыторыі. Як і Ганне Кісліцынай, хочацца згадаць крылаты выраз Станіслаўскага: “Тэатр пачынаецца з вешалкі”. А культура музейнай пляцоўкі, на мой погляд, пачынаецца з ганка: як звяртаюцца да цябе на ўваходзе, ці заўважаюць, калі заходзіш у галерэю, Цэнтр культуры. Усё гэта для мяне выдае “клас” культурнай установы.

Памятаю, як наведала адзін вядомы расійскі музей: мяне там “сустрэлі” супрацоўнікі без бэджаў, якія нават і брывом не павялі, калі наведвальнік зайшоў да іх. Нават не павіталіся, не кажучы пра ўсмешку, цікавасць да чалавека… Прычым калі я зрабіла заўвагу супрацоўнікам на гэты конт, тут жа пачула: “А вы хто такая?” І тое пытанне, паўтаруся, кінулі мне музейшчыкі без адпаведных бэджаў, без якіх, па сутнасці, яны ператвараюцца ў “ананімных” грамадзян. І цалкам лагічны тут можа быць адказ: “А вы, прабачце, хто такія?”

Гэтая сітуацыя, урэшце, вырашылася мірна. Дырэктар, па запрашэнні якой я завітала ў музей, прадставіла мяне ды сваіх супрацоўнікаў адно аднаму. Потым была найцікавая экскурсія, агляд экспазіцый, напаўненне якіх, падача матэрыялаў — на самым высокім узроўні. І, здавалася б, застаецца толькі парадавацца за калегу, але вось адзін гэты “момант”…

Вядома, сёння ўсё больш растуць патрабаванні да культуры экспазіцыі галерэі, музея, да візуальнай падачы твораў мастацтва, але ніхто не адмяняў такой простай з’явы, як ветлівасць у культурнай установе. Як сустракаюць у ёй, як раскажуць ды пакажуць пра яе здабыткі, напаўненне... Ці прапануюць сувеніры, наяўнасць якіх — таксама прыкмета сучаснасці. Усё гэта па-ранейшаму мае вялікае значэнне і з’яўляецца нормай пляцоўкі, якой ніяк не ўдаецца дасягнуць на прыкладзе асобных устаноў…

Недахоп фінансавання, старыя, непрыстасаваныя будынкі, якія патрабуюць рамонту, абнаўлення, маруднае папаўненне фондаў, недахоп плошчаў… Мяркую, для многіх рэгіянальных музеяў, невялічкіх пляцовак гэтыя праблемы сёння актуальныя. Тым не менш, ніхто не замінае ўсім нам, у тым ліку і буйным культурным цэнтрам, быць уважлівымі да наведвальніка, каб яму хацелася прыйсці ў галерэю ці музей яшчэ і яшчэ…

“Музей — тэатр”

/i/content/pi/cult/498/10716/7-2.jpgАлег РЫЖКОЎ, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь:

— Галоўны трэнд сучасных замежных музеяў — акцэнт на ўвагу наведвальніка. Тэхналогіі, начынне музейных устаноў — усё гэта сёння саступае такому важнаму аспекту, як успрыняцце. І разумеючы гэта, музеі шмат працуюць над вывучэннем апошняга, праводзячы даследаванні.

Як змяняецца ўспрыняцце наведвальніка ў залежнасці ад узросту, сацыяльнага статуса, пола? Кожная катэгорыя, так бы мовіць, мае свой фокус увагі. Прынамсі, адзін шведскі музей заказаў адмысловае даследаванне, мэтай якога было даведацца, на што звяртаюць увагу пры праглядзе экспазіцыі мужчыны, а на што — жанчыны. Улічваючы даныя, установа далей стварала свой экспазіцыйны праект, пэўным чынам выбудоўваючы святло, расстаўляючы візуальныя акцэнты…

Дарослыя, дзеці — аналіз аўдыторый можа быць самым розным. І адпаведным — вынік. Абраныя экспанаты можна размясціць у экспазіцыі так, што на іх зверне ўвагу толькі дзятва, а аб’екты “для дарослых” будуць у зусім іншай плоскасці ўвагі. На жаль, пакуль гэтыя падыходы да ўспрыняцця наведвальніка ў беларускай музейнай культуры — у зародкавым стане.

Мяркую, што для кожнага музейшчыка ці галерыста сёння відавочна: сучасная музейная публіка — іншая, яна змяняецца. Наведвальніку ўжо не цікава хадзіць з экскурсаводам у вялікай групе — ён прагне інтэрактыву. Разумеючы гэта, пэўныя замежныя музеі ўжо пачынаюць адмаўляцца ад такой пасады, або, хутчэй, формы працы, як экскурсавод, замяняючы яго музейным педагогам. І апошні працуе з публікай, па сутнасці, як аніматар. Спецыяліст становіцца нібыта правадніком у гісторыю, цікавячыся адчуваннямі, развагамі, меркаваннямі госця. Ён вядзе з ім прамы дыялог, падштурхоўваючы да рэакцыі, кантакту.

І сёння галоўным пры стварэнні музейнай экспазіцыі становіцца рэжысёр. Не мастак, не гісторык, а менавіта рэжысёр, які выбудоўвае драматургію экспазіцыі: як будучы наведвальнік мусіць успрымаць матэрыял. Пры гэтым замежныя музеі не саромеюцца звяртацца і да тэатральных рэжысёраў, бо гэта цалкам адпавядае сутнасці сучаснага музея, калі ён, па сутнасці, ужо тэатр, дзе ў ролі акцёраў — музейныя прадметы, а ў ролі гледача — наведвальнік. Тэатральныя рэжысёры проста пераносяць свае прынцыпы пабудовы спектакля на музейную экспазіцыю, якая мусіць прывабліваць гледача, публіку сваёй відовішчнасцю, гісторыяй, што захоплівае. Усё пралічваецца, раскладваецца “па паліцах”, і менавіта гэтая прадуманасць робіць слынныя музейныя ўстановы такімі папулярнымі.

Мы ж пакуль, на жаль, карыстаемся зусім іншымі падыходамі да экспазіцыйнай прасторы, і яны, вядома, патрабуюць перагляду.

Перад нашым музеем сёння, у прыватнасці, стаіць наступная задача: як толькі мы дачакаемся рэканструкцыі, адна з першых мэт — разумна выбудаваць лагістыку праходу па залах, каб экспазіцыя “разгортвалася”, раскрывалася перад наведвальнікам як захапляльны расповед. Без гэтай логікі музей застаецца “ў мінулым”. Так, выкарыстанне сучасных тэхналогій — важны дадатак да экспазіцыі, але галоўным у ёй з’яўляецца драматургія. Мы ў тым ужо перанакаліся на прыкладзе нашай перасоўнай выстаўкі “Беларусь у Першай сусветнай вайне”, якая мае адпаведны сцэнарый…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Ганна КІСЛІЦЫНА
загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук