Я запрасіць хачу на танец…

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Юлія ЧУРКО, доктар мастацтвазнаўства, прафесар
Харэаграфія можа дэманстраваць самыя розныя чалавечыя эмоцыі, выкарыстоўваць самыя неверагодныя фарбы. Але ж ці мае гэты від мастацтва адпаведную папулярызацыю?

/i/content/pi/cult/498/10714/5-1.jpgАкрамя класікі з “Лебядзіным возерам”, якое незалежна ад якасці ўвасаблення збірае аншлагі, існуе безліч іншых напрамкаў, відаў і падвідаў. Знакаміты “Тодэс”, які для многіх стаў сімвалам сучаснасці, прадстаўляе звышэнергічных мужчын і напорыстых, агрэсіўных жанчын. Выканаўцы японскага буто, наадварот, падобныя да спячых самнамбул ці прышэльцаў з іншых сусветаў. Спартыўна-бальныя праграмы напоўнены элегантнасцю і адначасова страсцю. Стрып-дансы прасякнуты адкрытай, непрыхаванай эротыкай (дадамо, што сэксуальная прыцягальнасць, у лепшым сэнсе слова, у той або іншай ступені ўвогуле ўласціва харэаграфіі як віду мастацтваў: той жа вальс, які сёння стаў ледзь не знакам узнёслай, цнатлівай рамантыкі, калісьці ўспрымаўся як праяўленне “ўпадку нораваў”). А якія разнастайныя паводле тэматыкі ды пластычных сродкаў эстрадныя нумары!

Існуюць яшчэ і так званыя іншыя танцы, што сфарміраваліся пад уздзеяннем мадэрна і ствараюць далёка не заўсёды ідэальныя вобразы. Яны распавядаюць пра цяжкасці адаптацыі чалавека да цяперашніх рэалій, пра яго складаны ўнутраны свет, пачуццё раз’яднанасці, што ўзнікае ў “натоўпе самотнікаў”. У постсавецкі час на нашай тэрыторыі атрымалі вядомасць такія калектывы, якія працуюць у гэтай сферы, як гродзенскі “ТАД” на чале з таленавітым Дзмітрыем Куракулавым, “D.O.Z.SK.I”, ансамбль кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (кіраўнік — загадчык кафедры Святлана Гуткоўская), а таксама іншыя гурты ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Гродне. Многія з іх заявілі пра сябе на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), адным з самых прэстыжных у СНД.

Усё большае распаўсюджванне атрымлівае і хіп-хоп-культура, “вулічныя танцы”, тэхнічна бліскучыя спаборніцтвы каманд, якія выконваюць складаныя, яшчэ нядаўна дзіўнаватыя рухі брэйка, попінга, локінга і іншых пластычных навінак. Многія з іх перайшлі ў кліпы, кіно, тэатры, разнастайныя школы, навучальныя цэнтры.

Новую хвалю развіцця перажывае фальклор. Парадны партрэт народа ў пластыцы малюецца на канцэртах Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. Адраджаецца прага да фольк-вечарынак, старадаўніх побытавых скокаў. Міксты народнай творчасці з contemporary dance працягвае рабіць Ларыса Сімаковіч — кампазітар, спявачка, танцоўшчыца. Яна адной з першых дзёрзка змяшала архаіку з ультрасучасным мастацтвам. Трагічнае светаўспрыманне такіх яе пастановак, як “Інтуіцыя міфа”, "Эўтаназія”, здавалася б, ішло насуперак бескампраміснай, сонечнай фальклорнай душы, якая не ведае драматычных зломаў. Магчыма, такі паварот быў навеяны катастрофай на Чарнобыльскай АЭС і ў чарговы раз даводзіў, што час існуе не толькі гарызантальна, але і вертыкальна.

Сапраўды, формы танца сталі значна больш разнастайнымі. А ці павысілася цікавасць да гэтага віду мастацтва? Увагу моладзі, якая заўсёды прагне новага, прыцягнулі сёння сайты і блогі Інтэрнэту, камп’ютарныя гульні, спорт з яго масавымі балельшчыкамі футбола і хакея. Пры ўсёй хуткасці распаўсюджвання інфармацыі, мы самі сталі куды менш рухавыя. А між тым, пластыка не толькі выратоўвае ад гіпадынаміі, але і разнявольвае — як цела, так і душу. Танцам, рухамі, жэстамі чалавек часам можа выказаць куды больш, чым словамі. Харэаграфія — у любых яе праявах — фарміруе асобу, індывідуальнасць ды адначасова выхоўвае пачуццё партнёрства, уменне “слухаць і чуць” суразмоўцу. Дык давайце танчыць — у любым блізкім для вас стылі!..