Праца на імідж у +34

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, аглядальнік газеты"Культура"
Так атрымалася, што за апошнія тры тыдні мне давялося наведаць ажно чатыры фестывалі, адзін з якіх ладзіўся за мяжой. Пабачыў, што называецца, шмат і станоўчага, і адмоўнага. Дый увогуле “нафестываліўся” так, што… Але ж, як казаў Станіслаў Ежы Лец, “калі вада падступае да горла — дык вышэй галаву!”. Таму спынюся, натуральна, на тым добрым, што ўбачыў на гэтых імпрэзах, на тым, што, на мой погляд, варта было б пераняць усім, хто ладзіць падобныя фэсты — раённыя, рэгіянальныя ці рэспубліканскія — на Беларусі.

/i/content/pi/cult/498/10713/4-22.jpgПачну, як гэта ні дзіўна, з рэкламы. Зразумела, сёння многія арганізатары рупяцца пра тое, каб паведаміць пра свой унікальны (?) фэст як мага большай колькасці журналістаў, размяшчаюць аб’явы ў Інтэрнэце, у СМІ. Але… Зыходзячы з вопыту тых імпрэз, дзе давялося пабываць, інфармацыю пра будучае мерапрыемства варта друкаваць на старонках газет і ў Сеціве яшчэ задоўга да пачатку самой падзеі. Можна ды нават трэба інтрыгаваць чытачоў навінкамі фестывалю, заклікаць да ўдзелу ў будучых конкурсах ды майстар-класах, знаёміць з праграмай фэсту, зменамі ў ёй і гэтак далей.

Безумоўным плюсам для арганізатараў будзе не толькі праца са СМІ, але і выкарыстанне сацыяльных сетак. Стварыўшы ў іх адпаведныя суполкі, можна час ад часу закідваць туды інфармацыю пра жыллёвыя ўмовы, пра тое, як лягчэй дабрацца да месца, пра тое, колькі будзе каштаваць харчаванне ў бліжэйшых рэстарацыях... Усё гэта не толькі паспрыяе таму, што пра дату фэсту будуць заўсёды памятаць, але і пераканае патэнцыйнага наведвальніка, што, прыехаўшы на свята, ён без асаблівых перашкод зможа там і пераначаваць, і перакусіць, і адпачыць. А гэта, паверце, дарагога каштуе ў выбары месца.

Акрамя гэтага, варта абавязкова парупіцца пра транспарт. Тыя ж расклады цягнікоў, маршрутак, электрычак, аўтобусаў можна размяшчаць таксама ў сацыяльных сетках, абмяркоўваць найлепшыя варыянты даезду турыстаў асабістым транспартам, прапаноўваць гасцям аб’ядноўвацца і прыязджаць разам з тымі, хто мае вольнае месца ў аўтамабілі. Да таго ж, можна арганізаваць дастаўку гасцей з аўтавакзала ці аўтастанцыі з дапамогай міні-вэнаў ці невялікіх аўтобусаў. Балазе транспартныя арганізацыі Беларусі прадастаўляюць падобныя паслугі сёння для ўсіх ахвотных. А гэта — той знак павагі да турыстаў, які яны абавязкова ацэняць. Бо, што ні кажы, а сямейным людзям дабірацца “на сваіх дваіх” да месца, дзе праходзіць фестываль, наўрад ці даспадобы.

Яшчэ на падобных імпрэзах варта абавязкова прадугледзець інтэрактыўнасць, ці, прасцей кажучы, узаемадзеянне з гледачамі. Майстар-класы з прыцягненнем турыстаў да ганчарнага круга або ткацкага станка, амберкаванне лекцыі ці праблемных пытанняў з дапамогай “мазгавога штурму” альбо з колам зацікаўленых гасцей, паходы ў наваколле за лекавымі раслінамі ці дзеля знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай таго або іншага мястэчка ці вёскі — усё гэта спрыяе таму, што добрыя ўражанні ад фестывалю застануцца ў памяці надоўга.

Супрацоўніцтва з турыстычнымі фірмамі — асобная тэма. Скажу толькі, што калі парупіцца пра ўнясенне свайго фестывалю ў адпаведныя планы турфірм хаця б за паўгода да імпрэзы, дык на апошнюю завітае шмат гасцей. Прычым не толькі з Беларусі. Але ж тады паўстаюць пытанні рассялення турыстаў, стварэння месцаў для адпачынку, вольных аўтастаянак для транспарту, гандлёвых кропак, якіх павінна хапаць на ўсіх ахвотных… Стаяць у чэргах у трыццаціградусную спёку, як давялося мне пад час тых, наведаных мной, фестываляў, не так ужо і прыемна…

Таму, рэкламуючы тое або іншае мерапрыемства, варта прыгадваць і гэтыя, на першы погляд, не зусім значныя пытанні. Бо зразумела, што сустрэўшыся з непадрыхтаванасцю арганізатараў ці нястачай чагосьці неабходнага, турыст на наступны фестываль ужо не завітае, колькі ні расказвай яму пра ўнікальны ды адмысловы фэст у сацсетках ды газетах. Нездарма кажуць, што працаваць на імідж можна дзясяткі гадоў, а страціць яго цалкам магчыма і за адну хвіліну...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"