Памяць пра...

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Юрый БОНДАР, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
— У Цюмені да мяне падышла немаладая жанчына і паказала пажоўклы ад часу аркуш паперы. На ім было напісана: “Паведамленне. Ваш бацька, Уладыкін Пётр Савельевіч, 1895 года нараджэння, тэлефаніст 918 ст. палка, 250 ст. дывізіі, радавы, загінуў 25 лютага 1944-га, згодна з данясеннем, пахаваны: лес 15 км. на ўсход ад в. Азяраны Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці…”.

/i/content/pi/cult/499/10707/13-1.jpg— Дапамажыце знайсці магілу бацькі... Тата ў Сібірскай дывізіі ваяваў...

Просьба ўсхвалявала да глыбіні душы, і я даў сабе слова адшукаць магілу…

Калі мы кажам пра культуру, гэта найперш — саўдзел у добрых справах.

У Цюмень я прыехаў па запрашэнні тамтэйшай Дзяржаўнай акадэміі культуры і мастацтваў. Мы аб’ехалі больш за шэсцьсот кіламетраў па тайзе, наведваючы месцы пражывання беларусаў. Парадавала тое, што людзі захавалі культуру. Гэта і смачныя беларускія стравы, і адзенне, і, галоўнае, мілагучная найчысцюткая мова… А паселішчы ў Сібіры ўзніклі яшчэ ў першым дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя як вынік Сталыпінскай рэформы. Тады я падумаў, што беларуская культура не падуладная часу, не ведае межаў і адлегласцей…

Што ж такое культура для мяне? Міжволі згадваюцца словы рускага пісьменніка, паэта, крытыка Андрэя Белага. У 1910 годзе, у прадмове да зборніка сваіх тэарэтычных прац, ён пісаў: “Пытанне аб тым, што такое культура, ёсць пытанне нашых дзён”. Культура ў класічным разуменні — гэта, хутчэй, катэгорыя маральнасці, этыкі і эстэтыкі, веры і свядомасці, духоўны пачатак, аснова, прымянімая да ўсіх народаў, кантынентаў ды стагоддзяў, — тое, што ўзвышае чалавека. Але нават не кожны чалавек, які наведвае тэатры ці навучаецца ў ВНУ сферы культуры, з’яўляецца культурным. Таму для мяне культура — хутчэй, паняцце прыстойнасці і сумленнасці. Культура — гэта тое, які чалавек перад самім сабой, сам-насам са сваім сумленнем.

Безумоўна, культура мае на ўвазе тварэнне і творчасць. Для мяне культура — яшчэ і служэнне сваёй Айчыне, універсітэту ды яго калектыву. Наогул, наш універсітэт — культурны феномен. Тут дзівосная энергетыка і адданыя справе людзі. Нездарма госці, якія наведваюць нашу ВНУ, застаюцца тут на час звыш намечанага тэрміну. Міністр культуры Туркменістана Гунча Мамедава замест вызначаных пратаколам трыццаці хвілін прабыла ў нас каля трох гадзін, а спявак Аляксандр Рыбак не мог расстацца са студэнтамі, паламаўшы ўвесь графік прабывання…

І, вядома, спрыяе ўзаемапранікненне культур. Акрамя студэнтаў з краін былога СССР, ёсць пасланцы Кітая, Камеруна, Ірака. На нашых вечарынах кітайскія студэнты спяваюць беларускія песні, і, спадзяюся, што ў Кітаі дзякуючы нашым выпускнікам даведаюцца пра культуру Беларусі.

Уладзімір Пузыня і Уладзімір Гром — народныя майстры па адраджэнні старажытных беларускіх музычных інструментаў — адкрылі пры сваім жыцці музей-майстэрню, дзе сабраны ўзоры з усіх рэгіёнаў Беларусі. Цяпер ствараем аркестр дудароў, у якім, акрамя беларусаў, будзе і амерыканец Эрык Бергенэр — наш выкладчык англійскай мовы. Наш універсітэт падтрымлівае і развівае каларытную беларускую культуру.

Леў Талстой пісаў: “У мяне няма ўсяго, што я люблю. Але я люблю ўсё, што ў мяне ёсць”. У нас ёсць спадчына, якую мы любім, вывучаем і песцім. Лучыць жа культуру Беларусі родная мова…

…А магілу сібірака Пятра Уладыкіна я адшукаў паблізу вёскі Азяраны ў Рагачоўскім раёне і адправіў ліст у Цюмень з кропкай на карце ў тым месцы, дзе знаходзіцца брацкая магіла № 3874. Чакаю, калі прыедуць родныя Пятра Савельевіча…

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф