Не дзіва, што мэтай ІХ Навуковых чытанняў мы вызначылі больш глыбокае даследаванне гродзенскага перыяду жыцця нашага слыннага земляка. А сярод удзельнікаў Чытанняў — тыя, хто ведае і шануе творчасць Быкава.
Дырэктар Абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага Лідзія Мальцава падкрэсліла знакавасць асобы Быкава для Гродна. З цеплынёй узгадала любімага з дзяцінства празаіка другі сакратар Пасольства Беларусі у Польшчы, намеснік дырэктара Беларускага цэнтра культуры ў Польшчы Юлія Рубіна. Як заўсёды, глыбокімі і змястоўнымі дакладамі парадавалі гродзенскія даследчыкі літаратуры Аляксей Пяткевіч, Ігар Жук, Ала Петрушкевіч, Святлана Тарасава, Алена Руцкая...
Самакрытычнасць Быкава нават да драбніц ва ўласнай творчасці — тэма выступлення гродзенскай пісьменніцы Ірыны Шатыронак. Карэспандэнт абласной газеты Святлана Мурына згадала першыя крокі на журналісцкім шляху Васіля Быкава ў “Гродзенскай праўдзе”. Цікавым і эмацыйным стаў аповед краязнаўцы, калісьці — уласнага карэспандэнта газеты “Звязда”, Вітольда Іваноўскага. Ён ведаў Васіля Быкава як сціплага, тактоўнага, інтэлігентнага чалавека, але пры гэтым прынцыповага і... з пачуццём гумару. Паэт, перакладчык, журналіст, заслужаны дзеяч культуры Польшчы Віктар Швед падзяліўся ўспамінамі аб сустрэчы з пісьменнікам у 1992 годзе, калі Быкаў у складзе дзяржаўнай дэлегацыі прыязджаў у Варшаву, сустракаўся з беларусамі Падляшша.
Прагучалі і прапановы, цалкам падтрыманыя ўдзельнікамі Чытанняў: аб’яднанне гродзенскіх музейных кнігазбораў і стварэнне Музея Васіля Быкава, адкрыццё мемарыяльных дошак, распрацоўка новага турыстычнага маршруту па мясцінах, знітаваных з імем творцы.
У рамках Чытанняў дзейнічаў адкрыты прагляд “Мужнасць сапраўднага таленту”, дзе экспанавалася мастацкая спадчына Быкава і даследаванні шляху пісьменніка.
Любоў ТУРМАСАВА, загадчык аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага