Калекцыя для раёна

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Цягам дзесяці дзён у раёне праходзіў абласны пленэр мастакоў Брэстчыны “Традыцыі і легенды Маларыцкага краю”.

/i/content/pi/cult/499/10701/10-5.jpg

Жанчыну ў маларыцкім строі піша Ігар Раманчук.

У рабоце пленэру прынялі ўдзел прафесійныя мастакі Аляксандр Улыбін, Валерый Пепяляеў, Дот Абдусаматаў, Ніла Гарчанюк, Тамара Дзянісава, Анатоль Жалудко, Марат Клімаў, Ігар Раманчук, Леанід Салаўёў (усе з Брэста), Аляксандр Дулуб (Гродна), Валерый Сідоркін (Мазыр), Алег Скавародка (Віцебск).

— Галоўныя мэты, якія ставіліся перад удзельнікамі пленэру, — распавядае намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, — адлюстраванне ў творах мастакоў таго, што мае адметнага Маларытчына ў архітэктуры і ландшафце, яе гістарычных ды культурных асаблівасцей, прадстаўнікоў традыцыйнай культуры рэгіёна. А яшчэ — стварэнне калекцыі жывапісу і графікі для ўстаноў культуры раёна…

Для ўвасаблення задум мастакам было прапанавана некалькі аб’ектаў, у тым ліку — Маларыцкія строі, цэрквы (у Маларыце, Дарапеевічах, Ляхаўцы, Олтушы), цар-дуб, дуб-патрыярх, рэкі Рыта, Асіпаўка, Арэхаўскае і Олтушскае азёры, Лукаўскае вадасховішча, помнікі падзеям Вялікай Айчыннай вайны…

— Кожны ўдзельнік пленэру перадаў бясплатна ў фонд Маларыцкага райвыканкама адзін твор, — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэй Гарбацэвіч. — Яшчэ па адной карціне, створанай у час пленэру, кожны мастак прадаставіў для адборачнай камісіі. Па рашэнні апошняй работы будуць выкупляцца. З іх сфарміруюць калекцыю твораў жывапісу і графікі. І як вынік — арганізацыя выставак у Маларыце і Брэсце, выданне каталога…

У час урачыстага закрыцця шматдзённага пленэру ў малой зале ГДК было шматлюдна. Пейзажы, нацюрморты, партрэты, графічныя работы яшчэ пахлі фарбамі, але
захаплялі. Урэшце, радуе, што ў раёна нарэшце будзе свая калекцыя жывапісу, створаная прафесійнымі мастакамі вобласці і рэспублікі. Каб не гэты пленэр, то, магчыма, для стварэння таго, што напісана за дзесяць дзён, спатрэбіўся б не адзін год.

— Каб дакрануцца да высокага мастацтва, ужо не абавязкова ехаць у абласны цэнтр ці нават сталіцу, — кажа Лідзія Ківачук, адзін з арганізатараў мерапрыемства. — З карцінамі можна будзе азнаёміцца ў Маларыце. Наяўнасць уласнай калекцыі жывапісу надае і больш высокі культурны статус раёну…

— Перакананы, што геаграфічнай правінцыі не існуе, — падкрэслівае Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюза мастакоў. — Ёсць, напрыклад, правінцыя культурная. Але дзякуючы выбітным асобам свайго краю, узроўню развіцця культуры рэгіёны, якія знаходзяцца далёка ад цэнтра краіны, могуць узняцца на высокі ўзровень. Мастацтва спрыяе павышэнню духоўнага цэнзу той або іншай мясцовасці. У дадзеным выпадку (у дачыненні да Маларыты) неабходна асэнсаваць, што адбылося, што даў пленэр. Так, мяркую, павінны рабіць і іншыя нашы невялікія населеныя пункты. Мы цікавыя сабе і свету найперш тым, што мы такія, як ёсць. Цяпер у свеце пануе тэндэнцыя: самыя прыбытковыя інвестыцыі ўкладваюць у мастацтва. З гэтага і неабходна зыходзіць. Прыемна адзначыць, што ўлады раёна гэта разумеюць, падтрымліваючы правядзенне такіх мерапрыемстваў. Перакананы, што маларытчане адчулі смак прыгожага, і цяпер без гэтага больш жыць не змогуць!..

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта

Фота аўтара