Непажаданая фауна

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Мы не маглі застацца абыякавымі да радкоў чытачкі, прадыктаваных шчырым болем за безабаронных істот, і зноў наведалі гэтае сумнае месца, якое штодня папаўняецца новымі чацвераногімі палоннікамі. Скажам адразу: дзякуючы намаганням зоаабаронцаў, публікацыям у прэсе, грамадскай падтрымцы за апошні год у пункце адбыліся істотныя перамены. У маі 2007 г. у выніку рэарганізацыі ён быў аддзелены ад “Спецкамунаўтатрансу”. У штатным раскладзе з’явіліся пасады намесніка дырэктара па зоаабарончай дзейнасці, урача і фельчара ветэрынарнай медыцыны (што дазволіла атрымаць ліцэнзію на аказанне ветэрынарных паслуг), заатэхніка. Мяне сустрэла намеснік дырэктара па зоаабарончай дзейнасці “Фауны горада” Наталля БЯЛЯНАВА.

Даведаўшыся пра нагоду журналісцкага візіту, яна сказала:

— Так, многія абураюцца тым, што тут усыпляюць жывёлін. У народзе нашу ўстанову ахрысцілі “скуралупняй”. Але мне балюча гэта чуць, і я вельмі прашу вас напісаць у газеце, што гэтае месца пастаянна папаўняецца “дзякуючы” самім жа жыхарам горада. Бескантрольнае расплоджванне сабак і кошак, стаўленне да іх як да цацак, з якімі можна пазабаўляцца, а пасля выкінуць, чалавечыя здрада і жорсткасць выракаюць на бяздомныя блуканні новых і новых “братоў нашых меншых”. І ў той час, калі спагадлівыя людзі прыкормліваюць беспрытульнікаў каля пад’ездаў, іх суседзі тэлефануюць сюды і патрабуюць адлавіць жывёлін, бо не хочуць цярпець іх побач.

 /i/content/pi/cult/149/1068/Fauna1.jpg
Ды нават калі вулічны кот ці сабака ўцякуць ад лаўцоў, наўрад ці ім удасца доўга бадзяцца. Беспрытульная рэальнасць суровая: гэта голад і холад, за якімі падступаюць хваробы, рызыка загінуць пад коламі аўтамабіляў, ад рукі злога чалавека ці ад агрэсіі сабе падобных…

— Лічу, што самы галоўны крок наперад, які нам удалося зрабіць, — працягвае Н.Бялянава, — адмова ад здзельнай аплаты працы лаўцоў. Раней яны былі зацікаўлены прывозіць як мага болей жывёлін, таму сярод палоннікаў траплялася шмат даверлівых хатніх гадаванцаў у ашыйніках, якіх неабачлівыя гаспадары выпусцілі “пабегаць” без нагляду. Цяпер жа лаўцы атрымліваюць заработную плату па тарыфе і выязджаюць толькі па заяўках ЖЭСаў ды іншых арганізацый, па экстрэнных выкліках гараджан. Маем зараз 8 машын.

Пакуль мы размаўлялі, дыспетчар Ала Сабалько раз-пораз адказвала на тэлефонныя званкі. Ніводнага — ад жадаючага абзавесціся чацвераногім сябрам, спрэс патрабаванні: прыедзьце хутчэй, забярыце…

— На бліжэйшы час заяўкі распісаны, чакайце брыгаду заўтра пасля абеду,— нарэшце сказала ў слухаўку дыспетчар. І тут у прыёмную нерашуча ўвайшоў мужчына інтэлігентнай знешнасці. Спытаўся, як бы здаць ката. Маўляў, прыгожы коцік, пушысты, вясёлы, ды неспадзявана ў жонкі развілася алергія на поўсць. Можа, тут знойдуць яму новых гаспадароў?

— А ці ведаеце вы, што дарослых катоў забіраюць адсюль вельмі рэдка, і, хутчэй за ўсё, вашага ўлюбёнца давядзецца праз некаторы час усыпіць? Пастарайцеся самі прыстроіць яго ў добрыя рукі,ды, урэшце, выйдзіце з ім у выхадны на заалагічны рынак у Ждановічах — пушыстых ахвотней купляюць,— стала ўгаворваць наведвальніка Наталля Аляксандраўна.

Мужчына павагаўся і выйшаў з незадаволеным выразам твару.

— На жаль, нам часта даводзіцца бачыць уладальнікаў, якія імкнуцца ўнікнуць адказнасці за тых, каго яны прыручылі, і перакласці свае клопаты на кагосьці іншага, — сумна канстатавала Н.Бялянава.— Запомніўся такі выпадак: гаспадар прывёў здаваць англійскага бульдога, старога і хворага. Бач ты — як перастаў на выстаўках медалі зарабляць, дык ужо і не патрэбны. Той мужчына не пажадаў слухаць нашых ушчуванняў і сышоў, прывязаўшы сабаку проста пад плотам.

Я пацікавілася, у якіх умовах утрымліваюцца цяпер чацвераногія жыхары “Фауны горада” ў чаканні сваёй долі.

Мы з Наталляй Аляксандраўнай выйшлі ў двор, да вальераў з сабакамі. Пры нашым з’яўленні ўсчаўся звонкі рознагалосы брэх. Не злосны, але адчайны — спроба на сабачай мове завязаць дыялог з чалавекам праз металічную сетку.
 /i/content/pi/cult/149/1068/Fauna2.jpg

Хаця ў кожным вальеры ёсць будка з посцілкай, стаіць міска з вадой, раз на дзень даюць мясапрадукты ці сухі корм, жывёлы інтуітыўна не чакаюць нічога добрага ад гэтай няволі. Вакол адны дварнякі розных масцей і памераў, ці спатрэбяцца яны каму? Шчанят і стэрылізаваных сабак трымаюць у памяшканнях і кормяць два разы на дзень.

Кацінае племя таксама ўладкавана ў будынку. Але ў пакоях для кошак дасюль не праведзена вентыляцыя, таму пасля вуліцы дыхаць тут цяжкавата. Кіскі сядзяць у клетках, тужліва сціснуўшыся ў камячкі, амаль не рэагуючы на наш прыход.

— Ці маюць гэтыя небаракі шанцы спазнаць утульнае хатняе жыццё і гаспадарскую ласку?

— Наколькі гэтыя шанцы вялікія, мяркуйце самі, — адказала мая субяседніца. — Напрыклад, за адзін толькі квартал 2007 года, з ліпеня па верасень, былі адлоўлены 563 сабакі і 827 кошак, прыняты ад насельніцтва 226 сабак і 117 кошак. За гэты ж тэрмін удалося ўладкаваць 325 сабак (21 з іх знайшлі ранейшыя ўладальнікі) і 326 кошак (36 з іх таксама былі вернуты ўладальнікам).

З канца чэрвеня мінулага года ў “Фауне горада” пачала дзейнічаць праграма стэрылізацыі перспектыўных і маладых жывёл. (Пад перспектыўнымі разумеюцца сімпатычныя, здаровыя, кантактныя і лагодныя.) Пакладзены пачатак стварэнню ўчастка ўтрымання жывёл з падоўжаным тэрмінам знаходжання — фактычна, гарадскога прытулку.

Супрацоўнікі “Фауны горада” робяць усё магчымае, каб прыстроіць паболей сабак і кошак. Інфармацыю пра дзейнасць КУП можна ўбачыць у зоамагазінах. Па ўсіх каналах БТ дэманструецца ролік, у якім прама гаворыцца: “У жывёлін з “Фауны горада” ёсць два выйсці — або ў вашу сям’ю, або ў пакой эўтаназіі”. Многія наведвальнікі прызнаваліся, што рашыліся ўзяць адсюль сабаку ці кошку пасля яго прагляду.

 /i/content/pi/cult/149/1068/Fauna3.jpg
Фатаграфіі з апісаннямі перспектыўных жывёлін перыядычна змяшчаюць некаторыя газеты. На Сусветны дзень абароны жывёлы — 4 кастрычніка— “Фауна горада” праводзіла дзень адчыненых дзвярэй для дзяцей і дарослых, прапануючы бясплатна выбраць чацвераногага сябра.

Але праўды тут не хаваюць: незапатрабаваныя шарыкі і муркі падвяргаюцца эўтаназіі. Раней іх труцілі аміякам ці забівалі кіямі, што выклікала справядлівае абурэнне зоаабаронцаў. Цяпер усыпляюць ін’екцыяй прэпарата Т-61, прынятага ў ветэрынарыі. Наколькі гуманны гэты спосаб, я спытала ў ветэрынарнага фельчара КУП Андрэя Драздова. Т-61 спалучае “тры ў адным”: атруту, снатворнае і абязбольваючае. Яго ўздзеянне досыць хуткае, аднак залежыць ад індывідуальных асаблівасцей арганізма. Сама працэдура ін’екцыі з’яўляецца насіллем: жывёліну звязваюць, укол робіцца тоўстай іголкай у вобласць сэрца… Супрацоўнікі КУП у кантакце з Інстытутам эксперыментальнай ветэрынарыі імя Вышалескага шукаюць больш мяккі метад эўтаназіі.

— Асабіста я не хацела б, каб усыплялі жывёлін,— кажа Н.Бялянава. — У некаторых краінах здаровых бяздомных сабак і кошак стэрылізуюць і выпускаюць у ранейшыя месцы пражывання.

Але ў нас няма заканадаўчых падстаў для такой практыкі. Пакуль адны людзі выкідваюць на вуліцу непатрэбных жывёлін, другія спрабуюць іх ратаваць. Н.Бялянава з’яўляецца
 /i/content/pi/cult/149/1068/Fauna4.jpg
старшынёй праўлення грамадскага аб’яднання абароны жывёлы “Эгіда”, якое праводзіць асветніцкія, выхаваўчыя акцыі сярод школьнікаў і моладзі, мае свой прытулак для сабак і кошак. На сайце “Эгіды” гараджане могуць атрымаць хуткі адказ на любое пытанне па “жывёльных” праблемах, а ў рубрыцы сайта “Зверьё ничьё” — убачыць фатаграфіі жывёлін, якіх штодня прывозяць у “Фауну горада”.
Гэта асабліва важна для тых, хто шукае свайго згубленага сабаку ці ката. Шмат дапамагаюць валанцёры. Так, пенсіянерка Ала Мазуркіна рэгулярна ўладкоўвае ў добрыя рукі беспрытульных сабак.

Аднак, як справядліва заўважыла аўтарка ліста ў рэдакцыю, адных толькі высілкаў энтузіястаў недастаткова. Паведамляем чытачам, што 7 снежня 2007 г. ва ўпраўленні жыллёвай гаспадаркі Мінска быў створаны каардынацыйны савет па вырашэнні праблем, звязаных з безнагляднымі жывёлінамі, куды ўвайшлі прадстаўнікі УЖГ, супрацоўнікі “Фауны горада”, прадстаўнікі зоаабарончых арганізацый “Эгіда”, “ЗааСвет”, “Ратаванне”. Большасць членаў савета схіляецца да думкі, што неабходна сілай закону забараніць расплоджванне беспародных сабак і кошак, а на расплоджванне пародзістых увесці ліцэнзіі, прапагандаваць сярод насельніцтва стэрылізацыю жывёлы, увесці ў навучальных установах выкладанне біяэтыкі.

Пакуль жа чалавечыя безадказнасць, жорсткасць і абыякавасць пастаўляюць на “канвеер смерці” ўсё новых чацвераногіх “сяброў”.


Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара і Святланы КАСЯЧЭНКА