На мяжы скандалу і эксперыменту

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Сёлета ў Мінску пабываў грузінскі тэатральны крытык Лаша Чхарцішвілі. На адной з сустрэч са студэнтамі Інстытута журналістыкі БДУ ён распавёў пра найбольш істотныя, з яго пункта гледжання, тэндэнцыі ў развіцці сучаснага тэатра сваёй краіны.

60% сваіх

Каля 60% пастановак у Грузіі — гэта спектаклі паводле сучасных тамтэйшых драматургаў. Маладыя творцы маюць магчымасць рэалізавацца ў прасторы сучаснай культуры. Скажам, Лаша Бугадзэ, якога сёння ў Грузіі называюць рэкардсменам па колькасці напісаных твораў, папулярны не толькі ў сваёй краіне. Праўда, яго вядомасць заснавана на эпатажы: скажам, у адным з апавяданняў ён расказаў пра шлюб царыцы Тамары з Юрыем Багалюбскім і распісаў падзеі са спрэчнымі дэталямі. Іншы скандальны спектакль паводле ягонага твора быў прысвечаны рэаліям Грузіі ў нашы дні.

Тэмы

Лаша Бугадзэ ў 2011-м перамог у конкурсе радыёп’ес BBC і Брытанскага Савета з творам “Навігатар”, прысвечаным тэме віртуальнай рэальнасці, папулярнай у Грузіі. Малады пісьменнік Эрэкле Дэісадзэ напісаў скандальныя раман і п’есу пра сучасных святароў на сваёй радзіме. А яшчэ сярод галоўных тэм грузінскага тэатра — вайна, гвалт, каханне, нацыянальныя меншасці. Важная і тэма сям’і, якая раскрываецца падчас праз жорсткія эпізоды. Лаша Чхарцішвілі кажа: “Эрэкле Дэісадзэ напісаў, што мужчына-сучаснік ідзе дадому проста каб паспаць, і ніякіх адносін з жонкай у яго няма. І падобная крытыка грамадства са сцэны як тэатразнаўцу мне падабаецца”.

Вербацімы

Слова — госцю: “Я хацеў як прадзюсар паставіць п’есу Эрэкле Дэісадзэ, дзе напрыканцы спектакля дачка забівае свайго бацьку. Гэта — вербацім, заснаваны на рэальнай гісторыі (яна гучала па ТБ). Мы паказвалі спектакль аднойчы, бо рэжысёр не захацеў больш удзельнічаць: маўляў, пасля такіх пастановак не зможа працаваць у дзяржтэатрах. Цікавы і спектакль Дата Тавадзэ “Траянскія жанчыны” ў жанры фізічнага тэатра. Там шмат руху, прычым размова між героямі ідзе на адну тэму, а рух кажа пра іншае. Гэта вербацім. За аснову ўзяты не толькі Еўрыпід, але і адчуванні грузінскіх жанчын пра войны, якіх за апошнія дзесяцігоддзі Грузія перажыла тры. Вербацім рабіў і Тэатр Руставелі сумесна з брытанскім Нацыянальным тэатрам. Тэма — як людзі, якія нічога не маюць, апроч пенсіі, жывуць пасля вайны ў доміках, пабудаваных Урадам”.

Скандалы

Лаша Чхарцішвілі зазначае: “Зараз у Тэатры юнага гледача ёсць вячэрнія спектаклі як мінімум з эротыкай на сцэне. Крытыкі шмат пісалі, што нельга на такой сцэне ставіць падобнае, бо туды дзеці ходзяць! Але ТЮГ хоча, каб у яго не толькі дзеці хадзілі, але і дарослыя”. І многіх ужо не здзіўляе, калі ў акадэмічным тэатры акцёры распранаюцца на сцэне! Канешне ж, спектакль быў “18+”, але касцюм Адама ў такіх праектах адыгрывае больш значную ролю, чым увага да тэмы.

У Грузіі нямала скандальных праектаў. І гледачы іх успрымаюць. Часта немагчыма знайсці білеты. Аддзелы маркетынгу тэатраў штораз робяць адпаведны прэс-рэліз. А вось “Трусамі” нашага Паўла Пражко, якога вельмі піярылі, глядач, па словах Чхарцішвілі, чамусьці не асабліва зацікавіўся: “Я хадзіў на чацвёртую пастаноўку спектакля: сядзеў я і дзесяць чалавек, а зала — на сто пяцьдзясят месцаў!”

Эксперыменты

У Грузіі існуе прыватны Тэатр Каралеўскага квартала — бадай, самы эксперыментальны, найсучасны. Дата Тавадзэ паставіў там “Фрэкен Жулі” — спектакль-маніфест, які паказаў, якім павінен быць глядач, сучасны тэатр і акцёр. Акцёр-універсал — вось галоўная тэма гэтай пастаноўкі, а жаночую ролю ў ёй выконвае хлопец. Тэатразнаўца таксама адзначае, што ў Грузіі распаўсюджаны прыём, калі глядач знаходзіцца на сцэне побач з акцёрамі. А ў Тэатры кінаакцёра ці не кожны спектакль ставіцца так, што акцёр іграе і ў партэры, і на сцэне.

А дзіцячыя?

У Грузіі папулярныя дзіцячыя спектаклі, якія добра прадаюцца. Праўда, гаворка вядзецца пра пастаноўкі кшталту “Машы і Мядзведзя” паводле вядомай анімацыі. Гэты спектакль ужо паказвалі ў Азербайджане і Казахстане, у планах — Малдова і Беларусь.

Шэкспір

У грузінскім тэатры папулярны Шэкспір. І не проста так. Шэкспіраўскі тэатр “Глобус” у Лондане арганізаваў конкурс на пастаноўку п’ес класіка, дзе грузінскі спектакль “Як заўгодна” перамог. Пазней яго паказвалі ў “Глобусе” шаснаццаць разоў пры паўтаратысячнай зале.

Вікторыя ГОМЗА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ