Дзяльба кабанчыка онлайн

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Фестываль у Міхалове: фольк-падзея ў фармаце open air
Раз на год, у першую суботу жніўня, шматлікія жыхары Падляшскага ваяводства Польшчы імкнуцца прыехаць у невялічкі горад Міхалова, што знаходзіцца непадалёк ад Белавежы: менавіта ў гэты дзень тут праходзіць Фестываль беларускай культуры “Прымацкая бяседа”.

/i/content/pi/cult/498/10676/14-1.jpg

Песня без межаў

Сёлетняе мерапрыемства адбылося на памежжы ўжо ў чацвёрты раз і сабрала каля сямі тысяч гасцей з Польшчы і Беларусі. У складзе артыстычнага “дэсанта” з нашай краіны выступілі народны вакальны калектыў “Росніца” з Гродна, інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам Аляксандра Арабея з Мінска, салісты Аляксей Хлястоў і Алена Ланская, а таксама лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Зубко, які скарыў ігрой на арыгінальных народных інструментах…

Акрамя таго, тут прысутнічалі фольк-калектывы з усіх куткоў Падляшша, жыхары Міхалова ды турысты, якія прыехалі сюды з розных краін. Як распавёў нязменны каардынатар і арганізатар “Прымацкай бяседы” Юрка Астапчук, на Беласточчыне любяць ды шануюць свае традыцыі, таму колькасць аматараў фэсту пашыраецца. “Нам важна паказаць, што беларуская супольнасць у Польшчы мае свае традыцыі, захоўвае ды шануе нацыянальны каларыт, родную культуру", — адзначыў суразмоўца. 

Дарэчы, сам Астапчук — асоба незвычайная. Ён не толькі нязменны арганізатар “...Бяседы”, але і былы дырэктар Дома культуры ў суседнім Гарадку, у якім цягам дзевяці гадоў да пераезду ў Міхалова ладзіў фестываль “Сяброўская бяседа”. Ён жа — кіраўнік ды саліст ансамбля “Прымакі”, а таксама галоўны інструктар па справах нацыянальных меншасцей у гмінным Цэнтры культуры горада Міхалова.

Таму я абсалютна не здзівіўся, калі пад час імпрэзы Юрка Астапчук быў літаральна “атакаваны” журналістамі з Польшчы і Беларусі. Здзіўляла мяне хіба толькі тое, як гэты чалавек паспявае і адказваць журналістам, і вырашаць арганізацыйныя пытанні, і спяваць на сцэне… Дадам яшчэ дэталь пра трыццаціградусную спёку, якая прымушала гасцей фестывалю хавацца ў цень ды піць прахаладжальныя напоі. Балазе апошніх вакол амфітэатра, дзе адбываліся асноўныя дзеі, было прадстаўлена ў вялікай колькасці…

“Вясковыя” тэхналогіі

Распавядаць пра сам фэст, мабыць, не варта: на ім трэба абавязкова пабываць самому, каб адчуць добразычлівасць гаспадароў, каб наслухацца народных песень, каб наталіцца нязмушанай святочнай атмасферай унікальнай падзеі… Скажу толькі, што сёлета ў Міхалове быў прэзентаваны першы відэакліп гурта “Прымакі” і новы дыск ансамбля пад назвай “Ты думай, думай”… Акрамя таго, тут жа, каля амфітэатра, можна было набыць разнастайныя сувеніры, дыскі польскіх ды беларускіх фальклорных гуртоў, пазабаўляцца на атракцыёнах, паплаваць у возеры, на беразе якога ўсталявалі надзіманую горку…

Але пра гэта — іншым разам. Засяроджу ўвагу вось на чым: асноўнае фінансаванне “Прымацкай бяседы” забяспечыла Міністэрства адміністрацыі і ўкаранення лічбавых тэхналогій Польшчы. Дзякуючы гэтым сродкам гледачы не толькі мелі магчымасць добра чуць усе выступленні артыстаў (апаратура, як казалі мне многія выканаўцы, працавала бездакорна), але і бачыць іх на вялізным экране, усталяваным непадалёк ад сцэны. Балазе дзве камеры працавалі цягам усяго свята, транслюючы “карцінку” не толькі для гасцей фэсту, але і ў Інтэрнэце ў рэжыме онлайн! Нагадаю, што ўсё гэта адбывалася ў паселішчы, накшталт нашага аграгарадка: у Міхалове на сённяшні дзень пражывае прыкладна тры тысячы чалавек, і статус горада яно атрымала адносна нядаўна — толькі ў 2009 годзе…

Падумалася мне адразу вось пра што: ці хутка мы будзем бачыць на айчынных фестывалях рэгіянальнага маштабу выкарыстанне найноўшых лічбавых тэхналогій? Прынамсі, я такога пакуль не сустракаў нідзе, нават на рэспубліканскіх фальклорных імпрэзах. Згадаю хаця б наведаныя мной сёлета “Берагіню” ці “Вясновы букет”. Пакуль жа даводзілася толькі пазайздросціць тэхнічнай “узброенасці” суседзяў…

Фестываліць талакой!

Але ж сказанае вышэй не азначае, што ў Міхалове спадзяваліся толькі на міністэрскія грошы. Шмат сродкаў давялося ўкласці ў арганізацыю “Прымацкай бяседы” і ўладам, і прыватным арганізацыям.

Справа ў тым, што на Падляшшы даўно зразумелі вядомую аксіёму: вырашаць пытанні, як і “фестываліць”, лепш за ўсё талакой. Таму, напрыклад, пражыванне ды харчаванне для артыстаў з Беларусі праспансіравала кіраўніцтва міні-гатэляў, што знаходзяцца як у Міхалове, так і ў яго наваколлях. Снапы жыта, якія аздаблялі сцэну, караваі, арганізацыя феерверкаў ды нават парсючкі, што смажыліся пад час усёй імпрэзы перад сцэнай, — усё было прадастаўлена прыватнымі гаспадаркамі гміны. Дарэчы, тыя засмажаныя кабанчыкі пасля прыгатавання на агні былі парэзаны на дробныя кавалкі і бясплатна раздадзены ўсім гасцям ды артыстам.

Не варта і казаць, што цягам “Прымацкай бяседы” кожнага спонсара называлі са сцэны неаднойчы. Да таго ж, не варта забываць, што на фестываль завітала шмат журналістаў. Так што рэкламай і гатэлі, і прыватныя спонсары былі забяспечаны напоўніцу. А па ўсім горадзе віселі расцяжкі ды ўлёткі са звесткамі пра фэст і яго партнёраў.

На мой погляд, усё гэта — прыклад, як трэба працаваць са спонсарамі. А яшчэ — досвед, які варта выкарыстоўваць і пры арганізацыі нашых, айчынных фестываляў. Цікава, які раён Беларусі скарыстаецца гэтым вопытам першы?..

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"