Што такое “табала”?

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Дзіцячаму клубу аматараў фальклору “Вясковая табала”, які існуе пры Хаціслаўскім СДК, прысвоена ганаровае званне “ўзорны”. Заснавальнікам, нязменным кіраўніком, рэжысёрам, пастаноўшчыкам, сцэнарыстам ды ідэйным натхняльнікам калектыву з’яўляецца Галіна Хомік.

/i/content/pi/cult/498/10675/11-3.jpg

Вось што яна распавяла:

— Слова “табала” я пачула ўпершыню ў вёсцы Мельнікі. Яго ў сваім маўленні цяпер выкарыстоўваюць і жыхары Хаціслава. “Табала” ў нашым населеным пункце — гэта “збор”, “гурт дзяцей”. Слова з сакавітым мясцовым каларытам — яркае, гучнае, запамінальнае! Мы падумалі: чаму б не даць клубу аматараў фальклору такую ж назву? Хоць для разгляду прапаноўвалася амаль пяцьдзясят найменняў.

Мне даспадобы і ўкраінскі, і беларускі фальклор. Я вырасла на памежжы дзвюх блізкіх культур. У жыхароў Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў шмат агульнага. А некаторы час таму існаваў нават інтэрнацыянальны ансамбль з супрацоўнікаў Картэліскага ДК на Украіне, дзе я раней працавала, і беларускага Макранскага СДК. А калі я пераехала жыць на Беларусь, дык мне захацелася больш глыбока пазнаёміцца з яе невычэрпным народным багаццем і, па магчымасці, захаваць яго для будучых пакаленняў.

У 2012 годзе “Вясковая табала” стала ўдзельніцай Рэспубліканскага фестывалю “Берагіня”. Пачаўся новы этап яе развіцця. Змянілася і стаўленне саміх удзельнікаў да таго, чым займаліся ды што прапаноўвалі гледачам на сцэне…

Галіна Іванаўна фальклор збірала і збірае не толькі ў Хаціславе ды навакольных вёсках. Цікавыя народныя знаходкі яна “адкапала” ў вёсцы Дарапеевічы — у Сцепаніды Сцепанюк і Анатоля Дзямянкі. Своеасаблівым адкрыццём сталіся і “Асопава полька” (в. Дарапеевічы), і “Полька Рузя” (в. Гвозніца). Вернута з нябыту і многае іншае…

Сёння ў клубе — шаснаццаць артыстаў: восем хлопцаў і восем дзяўчат ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў. “Вясковай табалы” не было б, каб не акампаніятары Віктар Галавій і Святлана Бяльчук, а таксама балетмайстар Алена Люльковіч. У рэпертуары — дваццаць народных танцаў, дзесяць песень і пяць абрадаў, а таксама легенды, казкі, байкі, дзесяць сольных песень. А колькі яшчэ будзе…

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта

На здымку: узорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК са сваім кіраўніком Галінай Хомік.