Назва фэсту — невыпадковая. Кожны год ён ладзіцца паміж латышскім святам Ліга і славянскім Купаллем. Мы вырашылі, падтрымліваючы нашы традыцыі і знаёмячы з імі іншыя народы, у прыватнасці — латышоў, прадэманстраваць, што культура — бязмежная і мае агульныя карані. Таму кульмінацыяй фэсту заўсёды з’яўляецца “Купалле”.
Яшчэ адна прыкмета — тое, што ў нас на фестывалі выступілі літаральна ўсе вобласці Беларусі. Таксама прымалі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дыяспар Літвы і Эстоніі. Усе калектывы, якія гасцююць у нас, маюць магчымасць не толькі пазнаёміць нашых жыхароў са сваёй творчасцю, з культурай беларускага народа, але і самі могуць адкрыць для сябе наш цудоўны горад, культуру, якая стала для нас роднай. А паказаць нам ёсць што. У перапынках паміж мерапрыемствамі ўдзельнікі з вялікім задавальненнем знаёмяцца з горадам. Замак, музеі, паркі, бібліятэкі, планетарый, аквапарк, парк прыгод, катанне на паравозіку і рачная прагулка на катары “Герцагс Екабс” — усё гэта ўнесена ў праграму азнаямлення. А дапамагаюць знаёміцца з городам актыўныя беларусы суполкі “Спадчына”. Пачалося ж усё з Дзён беларускай культуры. Ля вытокаў іх стаялі першы старшыня Праўлення “Спадчыны” Мікалай Жаўрыд і яго намеснік Алена Нарушэвіч…
На пасяджэнні Праўлення мы доўга вырашалі, як адзначыць юбілей. Вырашылі прысвяціць фестываль нашым беларускім гарадам-пабрацімам. Ганаровымі гасцямі сталі прадстаўнікі Полацка і Наваполацка. Выступленнямі нас радавалі народны цырк “Юнацтва” (Наваполацк), ансамблі “Заманіха” і “Субацея”, Тэатр гістарычнага касцюма “Звяз” (Полацк). А гаспадаром свята стаў вентспілскі калектыў народнай песні “Журавінка”.
Латвійскі фальклорны калектыў “Ротальніекс” прадставіў фрагменты святкавання Ліга. Адкрыўся “Горад майстроў”, дзе рамеснікі з Вентспілса і беларускія ўмельцы прадставілі свае творы.
Статусу нашаму мерапрыемству надаў удзел Пасла Беларусі ў Латвіі Марыны Далгаполавай, першага сакратара Пасольства Аляксея Смірнова, выканаўчага дырэктара Вентспілскай гарадской думы Алдыса Абеле. Мэр Айвар Лемберг прыняў Пасла Беларусі і кіраўнікоў калектываў. Сустрэча адбылася ў замку Лівонскага ордэна. За фінансавую і маральную падтрымку мы ўдзячныя Гарадской думе, Цэнтру культуры горада і кіраўніцтву порта, усім спонсарам ды ўдзельнікам, якія дапамаглі нам у арганізацыі і правядзенні дзясятага фестывалю!..
Данута БАГУШКА, член Праўлення беларускага таварыства” Спадчына”
Вентспілс, Латвія