Страта цікавасці? А як на суседняй вуліцы?

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

У Клімавічах пра Інтэрнэт, ізноў пра яго, а таксама пра попыт на культуру / Знянацку і без “візы”: журналіст “К” + мясцовы "інсайдар" ва ўстановах культуры
За некалькі гадзін да прыбыцця ў горад, дзе я збіраўся стаць нечаканым госцем і ў гэтай якасці наведаць шэраг устаноў культуры, у галаве закруціліся фразы з савецкай кінакласікі: “Шэф, усё прапала! Гіпс здымаюць... Лёлік, спыні...” Праз нечаканы збег абставін інкогніта маё раскрылася, і кіраўнікі тых самых устаноў, якім я планаваў зваліцца снегам на галаву, аказаліся папярэджанымі пра візіт, а, значыць, “узброенымі”. Але адступаць мы не звыклыя, і камандзіроўку было вырашана давесці да канца. А як прыгожа я хацеў пачаць матэрыял!.. Маўляў, само маё прозвішча загадвала выправіцца ў Клімавічы...

/i/content/pi/cult/498/10672/10-2.jpg

 

 

Пакой Марыі Мяшчэрскай, што існуе ў Раённым краязнаўчым музеі.

/i/content/pi/cult/498/10672/10-4.jpg

/i/content/pi/cult/498/10672/10-5.jpg

Крок першы

/i/content/pi/cult/498/10672/10-1.jpgШто ведае сярэднестатыстычны жыхар Беларусі пра гэты горад? У плане культуры, відаць, толькі тое, што тут праходзіць Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. Каб раскрыць культурнае жыццё аднаго з райцэнтраў Магілёўскай вобласці, маім “сталкерам” па Клімавічах стаў Пётр ШАШКОЎ — загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі. Пётр Леанідавіч курыруе і арганізоўвае дзейнасць гарадскіх і раённых турысцка-краязнаўчых гурткоў, аказвае ім метадычную дапамогу. “Праца цікавая, але складаная, — дзеліцца ён. — Справа ў тым, што змяніліся дзеці. Раней ім было ў радасць пайсці ў паход, навучыцца раскладваць вогнішча, начаваць у палатках. Гэта быў і ёсць самы дзейсны ды “бюджэтны” спосаб выхавання моладзі. Сёння ж яна ўткнулася ў камп’ютары, і адарвацца ад іх — няпроста. Але я не хацеў бы ўсё спісваць на гаджэты, як раней усе стрэлкі пераводзілі на тэлевізар. Грамадства развіваецца, на змену адным інтарэсам прыходзяць іншыя, але ёсць рэчы, якія павінны быць з чалавекам заўсёды. Гэта любоў да прыроды, да мясцін, дзе нарадзіўся і вырас, да гісторыі радзімы”.

Наогул, як вы ўбачыце ніжэй, тэма “моладзь і камп’ютары”, зададзеная маім спадарожнікам, пройдзе чырвонай ніткай скрозь амаль усе сустрэчы ва ўстановах культуры райцэнтра. Дарэчы, асноўныя з іх знаходзяцца ў крокавай даступнасці адно ад аднаго.

...Помнік Леніну, за ім — невялікі Раённы цэнтр культуры, у якім апошнім часам часта выступаюць айчынныя выканаўцы (гурт “Цягні-Штурхай” сёлета наведваў двойчы, на пачатку жніўня тут спяваў Аляксандр Саладуха). Сяргей БУЛЯНКОЎ, дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, адзначаючы кампактнасць РЦК, шкадуе, што яна не дае магчымасць арганізаваць у ім працу хоць бы пары гурткоў.

ЦК з’яўляецца цэнтрам правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў як у горадзе, так і ў раёне. Ён уяўляе з сябе, уласна, РЦК і метадычную службу. На практыцы, упор больш робіцца ўсё ж на мерапрыемствы, колькасць якіх немалая. І гэта нягледзячы на тое, што Сяргею Аляксандравічу хацелася б большага фінансавання. “Калі артысты песеннага калектыву могуць выступаць гадоў дзесяць у адных і тых жа касцюмах, хоць тое, лічу, і не зусім нармальна, дык тэатральныя касцюмы патрэбны пад кожную пастаноўку, — наракае ён. — Выйсце — вядомае: штосьці перашываем, нешта купляем у “сэканд-хэндах”. Аднак, скажам, летась мы не змаглі набыць для іх свае патрэб тое, што планавалі: сума была выдзелена адна, а кошты ўвесь час растуць. Але сёлета, дзякуючы мясцовым уладам, набылі гукаўзмацняльную апаратуру”.

Пры Цэнтры культуры працуюць восем калектываў: сем народных (адзін з іх — пры Цiманаўскім СДК, астатнія — у самім РЦК) і адзін узорны (дзіцячы фальклорны калектыў “Астраночка” Старадзедзiнскага СК). Пры такім багацці толькі ўганараваных званнем творчых суполак Сяргей Булянкоў адзначае, што моладзь ідзе ў культуру з усё меншай ахвотай. “Яна ўсё больш занурваецца ў віртуальны свет Інтэрнэту. А ў нас свет сапраўдны! Можна было б паспрабаваць “згуляць на полі” юнакоў і дзяўчат, адкрыць пры Цэнтры інтэрнэт-кафэ. Глядзіш, іх зацікавіла б і тое, што адбываецца ў РЦК наогул, але на такое кафэ, на інтэрнэт-дыскатэку ў нас няма сродкаў. У тым ліку і з гэтай прычыны мы губляем моладзь, якая нават на звычайныя дыскатэкі ходзіць усё менш…”

І яшчэ пра “гульню на полі моладзі”. Работнікі Цэнтра імкнуцца звязаць Сеціва з рэчаіснасцю: праз арганізацыю тэматычных гутарак прапануюць маладым людзям “жывыя” абмеркаванні праблем, пра якія тыя кажуць у сацыяльных сетках. А каб не страціць наступнае пакаленне, супрацоўнікі РЦК спрабуюць зацікавіць рэальнай творчасцю дзяцей. Напрыклад, з дапамогай аматарскага аб’яднання “Непаседы”. Метадысты некалькі разоў на месяц праводзяць у дзіцячых садках гульнявыя праграмы.

Для тых, хто выйшаў з камсамольскага ўзросту нядаўна і даўно, ёсць і добра вядомыя дыскатэкі з серыі “каму за...”, а таксама безалкагольныя “агеньчыкі”, “круглыя сталы” ды шоу-праграмы. Апошнія — асаблівы гонар дырэктара: гэта нешта кшталту шынка, які носіць назву “Эх, разгуляй!”. Тэатральнае прадстаўленне, дзе публіцы нагадваюць пра рэчы простыя: п’янства і разводы — гэта дрэнна, а культура і вера ў прыгожае — добра. Праўда, маніторынгу таго, наколькі імпрэзы са станоўчага боку ўплываюць на клімавіччан, пакуль не праводзілася. А мо і варта…

Пра аптымізацыю Сяргей Аляксандравіч таксама казаў без захаплення, зрэшты, прызнаючы ў цяперашніх умовах яе неабходнасць. Ён кантралюе і каардынуе работу 27 устаноў культуры, якія знаходзяцца ў Клімавіцкім раёне. На сяле ёсць такія з іх, у штаце якіх лічыцца не адзін дзясятак чалавек; нейкую колькасць тых устаноў сапраўды варта аптымізаваць, і тады “жалезны” аўтаклуб прыйдзе на змену клубам стацыянарным. Урэшце, ужо ідзе. Тым самым людзям даюць зразумець, што іх не кінулі, на іх не забыліся. “Аптымізацыя аптымізацыяй, — уздыхае мой візаві, — але амаль ва ўсіх нашых сельскіх установах культуры трэба абнавіць гукаўзмацняльную апаратуру. Пакуль яе “абнаўляюць” — гэта значыць, рамантуюць сваімi сіламі, але ж так да бясконцасці працягвацца не можа...”

Каментарый Пятра Шашкова:

— У апошнія гады творчае жыццё ў РЦК актывізавалася. Але хочацца большага крэатыву. Трэба спрабаваць! Не атрымалася адно, дык вось атрымалася з тымі ж шоу-праграмамі, якія маюць у горадзе рэзананс. Прыдумалі вынесці абмеркаванне праблем, пра якія спрачаюцца ў сацыяльных сетках, на жывую публіку. Не скажу, што на такія сустрэчы — карысныя, на мой погляд, — прыходзіць шмат народу. Але тое азначае адно: трэба змяніць падыход. Народныя ансамблі, якія працуюць у Цэнтры, — гэта добра, але дзе калектывы, арыентаваныя на сучасныя музыку, танцы? Думаю, попыт на іх быў бы. Напэўна, на гэта проста няма грошай. Магчыма, і спецыялістаў бракуе... А агульнай “бядой” для ўсіх устаноў культуры, мяркую, з’яўляецца тое, што праявы ініцыятывы ў іх прапарцыйныя заработнай плаце, якую атрымліваюць работнікі сферы. А там, дзе людзі працуюць яшчэ і за ідэю, там справы ідуць лепш…

Крок другі

І за ідэю працуюць ў Раённым краязнаўчым музеі. У дзень майго прыезду ў выставачнай зале чаявалi ветэраны будаўнічых арганізацый напярэдадні прафесійнага свята.

“Ганаруся сваім калектывам, у якім я пачынала малодшым навуковым супрацоўнікам, потым стала старшым, а цяпер з’яўляюся дырэктарам музея, — кажа Дар’я ЭВЕРС. — У нас вельмі камунікабельная, творчая каманда”. У якасці прыкладу такой згуртаванасці і крэатыўнасці Дар’я Аляксандраўна распавяла пра тое, што музей праводзіць выязныя заняткі для школ і дзіцячых садкоў горада ды раёна, знаёмячы малечаў з гісторыяй краю, старажытнымі абрадамі. Прычым праграмы такія, як правіла, — інтэрактыўныя, калі публіцы прапануецца паўдзельнічаць у якой-небудзь гульні, звязанай з тэмай прэзентацыі. У якасці прызоў — сувеніры, у прыватнасці, з выявамі горада, вырабленыя самімі супрацоўнікамі ўстановы. (Сувенірную прадукцыю можна набыць і ў самім музеі, як і буклеты ды іншую папяровую рэкламу — таксама ўласнай вытворчасці!)

Можа, з-за таго, што з юных гадоў дзецям прывіваецца цікавасць да родных мясцін, і памяшканне музея не пустуе: на колькасць наведвальнікаў яго дырэктар не скардзіцца, сцвярджаючы, што ёсць ўстойлівы попыт і на індывідуальныя экскурсіі для аднаго-двух чалавек. (Дзіцячы білет каштуе 750 рублёў, дарослы — 3 000 рублёў, экскурсія — 22 500). Насельніцтва праяўляе актыўнасць і ў справе папаўнення фондаў экспанатамі. Адно з апошніх паступленняў — тэлевізар “Гарызонт” 1960-х гадоў.

Не скардзіцца Дар’я Эверс і на фінансаванне. Так, летась для пакоя Марыі Мяшчэрскай (музей знаходзіцца ў будынку асабняка, які належыў у XIX стагоддзі гэтай княгіні; з прыходам да ўлады бальшавікоў доўгі час тут размяшчаліся самыя розныя структуры) былі набыты старадаўнія стол, крэслы, аўстрыйскі сервіз. Не забываюць пра музей спонсары, дакладней, ягоныя работнікі апошнім пра яго нагадваюць. Такім чынам тут з’явіўся прынтар і не пераводзіцца папера... А вось свайго аўтамабіля, так неабходнага ў паездках па раёне з гісторыка-адукацыйнымі місіямі ды экспедыцыямі, у музея няма. Адчувае патрэбу ён і ў яшчэ адной штатнай адзінцы (нягледзячы на аптымізацыю): вельмі неабходны супрацоўнік, які займаўся б улікам ды аховай помнікаў архітэктуры і археалогіі, якіх у раёне каля 90.

Каментарый Пятра Шашкова:

— Што агульнага паміж калектывамі музея і Цэнтра культуры? Тое, што вялікая частка іх супрацоўнікаў — людзі маладыя. З аднаго боку, сапраўды, частка сённяшняй моладзі — і не малая — з меншай цікавасцю ставіцца да культурнай спадчыны краіны. З іншага, прадстаўнікі таго ж пакалення з задавальненнем працуюць у гэтай самай культуры. І — прыўносяць нешта новае, рэалізуюць свежыя праекты. (Нават у дробязях: узяць тыя ж магніцікі з відамі горада, раёна, якімі гандлююць у музеі.) Дый выстаўкі тут змяняюць адна адну. Што ў мяне выклікае супярэчлівыя пачуцці, дык гэта адчувальны ў некаторых залах установы савецкі дух. Няхай ён і не затхлы, але — спецыфічны. Гэта тычыцца і афармлення, і экспазіцый. Так, той час быў з вялікімі перамогамі і са шматлікімі нягодамі, — памяць пра яго, натуральна, трэба захоўваць. Але адчуванне ад падачы некаторых экспазіцый усё ж дзіўнаватае...

Крок трэці

Раённы дом рамёстваў. З дзіўным адчуваннем дэжавю. Зараз зразумееце, чаму. “Пачуваемся не вельмі камфортна, — прызнаецца дырэктар Аляксандр КОТАЎ. — У тым сэнсе, што дзяцей да нас стала прыходзіць менш: не жадаюць яны займацца рамёствамі. Гадоў дзесяць таму кожны наш педагог — іх сёння ў РДР чацвёра — вёў гурток, які складаўся з сямі-дзесяці чалавек. Цяпер у іх — адзінкі. Павеў часу: дзеці “сышлі” ў камп’ютары, гаджэты. Да таго ж, яны прагматычна глядзяць у сваю будучыню: ці дасць ім праз некалькі гадоў тое захапленне, якім яны займаюцца, магчымасць зарабляць на жыццё?..”

Дый з майстрамі ў раёне калі не трагедыя, дык сітуацыя “на мяжы”. Засталося іх — з нацяжкай — чалавек трыццаць. Раней з Аляксандра Уладзiленавiча “патрабавалі па плане” ледзь не да дзвюх соцень такіх умельцаў, цяпер — колькі ёсць. Дырэктар змірыўся з лічбай трыццаць: хай тры чалавекі на раён, але каб гэта былі сапраўдныя майстры! Але, канстатуе ён, пераемнасць страчана. Некаторыя беларускія гарады славяцца сваімі “фірмовымі” рамёствамі. Калісьці ў Клімавічах такой была кераміка, якую Котаў тут і адрадзіў, але перадаць сваю справу ў надзейныя, прафесійныя рукі ён не можа, паколькі не ведае, каму. Ёсць тыя, хто нешта робіць для сябе, нават гандлюе вырабамі, але заняцца керамікай усур’ёз альбо вярнуцца да яе — такога жадання ў іх няма.

Дырэктар РДР павялічыў бы лік гурткоў, увёўшы, скажам, гурток разьбы па дрэве, але чым прывабіць сюды тых з магчымых педагогаў, хто рэжа лыжкі адначасова і на продаж, і для душы, а сам працуе ў перасоўнай механізаванай калоне? Якім акладам? Дый пры аптымізацыі “радасць” гэтая перайшла ў катэгорыю “нязбытных мар”…

“Я шмат чую слоў пра тое, як ледзь не масава адраджаюцца беларускія рамёствы. На практыцы гэта не так. Я ж езджу па краіне, бачу, што адбываецца, — гаворыць адкрыта Котаў. — Возьмем практычна любы наш фестываль рамёстваў. Усе ходзяць вакол якога-небудзь бондара: маўляў, адраджаецца рамяство! А на самай справе ён такі — адзін! А што далей? Заўтра памрэ і рамяство? Больш правільна было б рабіць акцэнт не на адраджэнні, а — на захаванні рамёстваў”.

Для захавання свайго рамяства Аляксандру Котаву трэба — па мінімуме — не так ужо і шмат: печ для абпалу. Яна ў РДР ёсць, але — маленькая. На вялікую грошай ён папрасіў, абяцалі выдзеліць. Чакае. Дачакаецца — адразу паўстане іншая праблема: вялікая печ мае спажываць больш энергіі, за якую трэба будзе плаціць больш. Замкнёнае кола…

Тым не менш, надзея на лепшае Аляксандра Уладзіленавiча не пакідае. Але, зноў-такі, “ставіць” ён на асоб, якія заўсёды рухалі культуру. У Доме рамёстваў развіваюць саломкапляценне, бісерапляценне, кераміку, батык. З 2006-га па 
2009-ты шэсць яго навучэнцаў сталі лаўрэатамі прэзідэнцкай стыпендыі. І сёння ў вучнях спадар Котаў бачыць падлеткаў адораных, здольных перамагаць на міжнародных конкурсах (такія поспехі ёсць, дый педагогі неаднойчы станавіліся лаўрэатамі разнастайных фестываляў, а работы самога дырэктара не так даўно былі адзначаны на выстаўцы сібірскай керамікі). І — здольных сваім мастацтвам не даць зачахнуць “пястоце” (так некаторыя называюць гліняныя цацкі-свістулькі ў выглядзе птушак, якіх, у тым ліку, вырабляе Котаў)…

Каментарый Пятра Шашкова:

— Аляксандру Уладзіленавiчу трэба было выгаварыцца, што ён і зрабіў. Колькі ён носіцца з гэтай печкай — рукі апускаюцца. Я не сказаў бы, што Дом рамёстваў патрэбен нашаму гораду толькі тады, калі праводзяцца выстаўкі ды фестывалі. Але... У астатні час яго рэкламу сустрэць цяжка. Чый гэта недагляд, калі ён ёсць? Котава? Ён — мастак, камерцыя яму чужая ў прынцыпе. А можа, рэклама зусім не патрэбна? Напэўна, неонавая — не. А самая звычайная?.. І не ў печы справа наогул (хоць і ў ёй таксама). Справа, відаць, у большай увазе з боку дзяржавы…

Крок чацвёрты

А маю ўвагу прыцягнула аб’ява на дзвярах Дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў пра ксеракапіраванне. У дырэктара ўстановы спытаў, якія яшчэ пазабюджэтныя хады адшукваеце, каб зарабіць?

— На фестывалі “Залатая пчолка” гандлюем вырабамі нашых вучняў, — адказаў Сяргей ПЕТРАЧЭНКА.

Апошніх у школе — ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў — восемдзесят дзевяць (пры пяці педагогах). Выкладаюць тут жывапіс, кампазіцыю, малюнак, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. “Нашы навучэнцы прымаюць удзел у конкурсах і пастаянна нешта выйграюць, — кажа Сяргей Уладзіміравіч. — Напрыклад, у 2013-м на Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка “Свет з марай” узялі Гран-пры, чатыры першыя месцы і два другія. Сёлета ж чацвёра нашых дзяцей сталі лаўрэатамі Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”.

Сяргей Петрачэнка цудоўна разумее, што толькі невялікая частка яго выхаванцаў у далейшым звяжа свой лёс з выяўленчым мастацтвам, але атрыманае тут эстэтычнае выхаванне абавязкова адаб’ецца на іх светаўспрыманні. (А як мінімум у пяці цяперашніх гадаванцах дырэктар бачыць задаткі выдатных прафесіяналаў. І стаўленне да іх у школе — асаблівае, што, зрэшты, на шкоду астатнім навучэнцам не ідзе.)

У цэлым на матэрыяльную базу Петрачэнка не скардзіцца, але пашырыць яе быў бы не супраць. Таксама ён і за тое, каб увесці яшчэ адзін прадмет навучання — камп’ютарную графіку, — замяніць мэблю, памяняць дзверы. З наборам праблем не існуе, хоць, па мерках раёна, навучанне ў ДШВМ не з танных: 75 тысяч рублёў у месяц.

Каментарый Пятра Шашкова:

— Каб захоўваць і развіваць нашы ўстановы культуры, патрэбны каласальныя грошы... Школа “круціцца” як можа, за што яе кіраўніцтву трэба сказаць вялікі дзякуй! Творча і з любоўю ў ёй ставяцца да ўсяго, пачынаючы ад самой творчасці ды заканчваючы тымі ўмовамі, якія там ствараюць для вучняў. І адказ атрымліваюць адпаведны: не выпадкова, што выкладаюць у ёй яе былыя выпускнiкi. I такі момант: у Доме рамёстваў дзеці займаюцца бясплатна, у школе — за грошы. Калi б знаходжанне там нічога не давала, наўрад ці бацькі адпраўлялі б сюды сваіх дзяцей ды плацілі за навучанне…

Напрыканцы пра сыр, як у Пінску, вам распавядаць не стану. І пра кілімчык у нумары гасцініцы... Агульная для ўсіх праблема заключаецца ў тым (і для кіраўніцтва раённай сферы культуры тое, упэўнены, не сакрэт і не “смецце, вынесенае з хаты”), што рамонту патрабуюць усе ўстановы культуры, у якіх пабывалі. (А музей відавочна чакае рэстаўрацыі.) У Школе выяўленчых мастацтваў, урэшце, работы пакрысе праводзяць уласнымі сіламі. І падыходзяць да абнаўлення сапраўды творча. Няма шпалер? Нейкім неверагодным спосабам прыдумалі ілюзію іх, размаляваўшы кабінеты з густам ды ўяўленнем…

А наогул, сітуацыя ў Клімавічах вымалявалася для мяне ў чымсьці парадаксальнай, калі ўважліва ўслухацца ва ўсё тое (а потым прааналізаваць пачутае), пра што мне распавялі кіраўнікі ўстаноў культуры горада. Калі ў адной з іх назіраецца тэндэнцыя страты цікавасці да культуры, у іншай, на суседняй вуліцы, аказваецца, людзі з усіх сіл імкнуцца да апошняй. “Вінавата” спецыфіка ўстаноў, арганізацыя працы з людзьмі, нейкі аб’ектыўны стан рэчаў? Ці ўсё ж Інтэрнэт?..

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"