Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Выдаецца з кастрычнiка 1991 года
Мелодыя разьбяроў
У выставачнай зале Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці да 16 кастрычніка праходзіць сумесная выстаўка "Чароўная мелодыя Палесся" работ вядомых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з горада над Сожам Васіля Сілкова і Валерыя Казлоўскага.
Купалле абяцалі?
“Я быў рэжысёрам некаторых святаў, калі ля сцэны збіраліся тры тысячы чалавек і хто-небудзь з натоўпу крычаў: "Паказвай Купалле, нам яго ў газетах абяцалі!” Падобныя купаллі і сёння заканчваюцца “нацыянальнай беларускай стравай” — шашлыкамі...” — кажа Іван Кірчук. Прадстаўнікі рэдакцыі “К” на гэтым тыдні пабывалі ў гасцях у лідара этна-трыа “Троіца”, які не так даўно прэзентаваў сваю другую кнігу, названую ім “Гарыць свечка ля алтара...”.
Помнік ад двух тэатраў
Два тэатры — Нацыянальны акадэмічны драматычны імя Максіма Горкага і Магілёўскі абласны драматычны — прыклалі намаганні для стварэння новага надмагілля Уладзіміру Кумельскаму — акцёру, рэжысёру, заснавальніку трупы, што ў свой час стала "касцяком" для ўтварэння Горкаўскага тэатра. Адкрыццё помніка прайшло з удзелам творчага складу абодвух калектываў, а таксама студэнцтва.
Гашкевіч у Хакадатэ
У Цэнтры падтрымкі грамадскасці горада Хакадатэ (Японія) сёння адкрылася выстаўка з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння першага консула Расійскай імперыі ў Японіі, ураджэнца Беларусі Іосіфа Гашкевіча. Ягоныя ўгодкі ўнесены ў Каляндар памятных дат UNESCO на 2014-ы.
У чыстым выглядзе… выяўленчае? Мастацтва?
Для гутаркі з Алесем ТАБОЛІЧАМ мы выбралі тэму, не звязаную з ягонай музычнай дзейнасцю ў гурце “Znich”, хоць тое, пра што мы казалі, мае дачыненне і да музыкі як часткі культурнай прасторы. Без малога дзесяць гадоў ён працуе майстрам у адным са сталічных салонаў па нанясенні на цела грамадзян неабходных ім надпісаў ды малюнкаў. І справу рук сваіх лічыць, безумоўна, відам мастацтва, а значыць, тым, што трапляе пад вызначэнне “культура”. Больш за тое: Таболіча называюць ці не заснавальнікам адной з канцэпцый татуіроўкі... Нагодай жа даследаваць дадзеную тэму падрабязна стаў Фестываль тату-культуры, які гэтымі днямі праходзіць у Мінску. Нават з акна рэдакцыі “К” бачны постар на рэкламнай канструкцыі з яго анонсам. Дый статус падзеі куды шырэйшы за клубныя канцэрты ў рэчышчы “рок за тату”. Да ўсяго, Алесь адназначна называе татуіроўку відам мастацтва. Як аказалася (што прадказальна), гэтая ягоная тэза — досыць спрэчная.
Вам патрэбна?
Днямі збіраўся ў камандзіроўку на адно (не буду казаць, якое) мерапрыемства, што адбываецца ў адным (не стану таксама “здаваць”, у якім) з рэгіёнаў краіны. Патэлефанаваўшы арганізатарам, папрасіў даслаць запрашэнне на адрас рэдакцыі для абгрунтавання камандзіроўкі. У адказ пачуў наступнае: “Запрашэнні мы не дасылаем. Гэтае мерапрыемства патрэбна вам, вы ў ім зацікаўлены. І гасцініцу таксама рэзерваваць не будзем — парупцеся пра гэта самі…”
Калі нагуляемся "ў брэнды"…
Колькі памятаю сябе як мастака, як дасведчанага ў выяўленчым мастацтве прафесіянала, столькі ж — і размовы пра тое, што карціна як з’ява і нават жывапіс як від мастацтва альбо ўжо “сканалі”, альбо мусяць адысці ў нябыт у бліжэйшы час… Меркавалі, што функцыю жывапіснай карціны возьмуць на сябе мастацтва дэкаратыўна-прыкладное і дызайн, ды ўвогуле — творчасць трансфармуецца ў “арт-дзейнасць”. Але відавочна, што традыцыйнае выяўленчае мастацтва нікуды не знікае, — хіба зведвае пэўную трансфармацыю, бо з’явіліся новы інструментарый, новыя сродкі выразнасці. Да таго ж, і глядач сёння іншы, чым у часы росквіту мастацтва, якое называюць класічным.
Менеджар пачынае і…
У першай палове верасня скіраваліся на Віцебшчыну: у Докшыцкі і Шаркаўшчынскі раёны. А шлях да гэтага паўночна-заходняга краю пралягаў, натуральна, праз Міншчыну. Мы пастараліся разнастаіць маршрут, насыціць яго не толькі аглядам ды аналізам работы клубаў, бібліятэк і музеяў. З дадзенай нагоды наўмысна не абмінулі радашковіцкі завод “Белмастацкераміка”, пра які “К” пісала апошні разам — ужо і не памятаем, калі. Зазначым, забягаючы наперад, што гэты візіт дазволіў нам па-новаму паглядзець на прафесію майстра-кераміста. А ўвогуле, адна вераснёўская паездка, ад пачатку да канца, прынесла нам столькі станоўчых эмоцый, колькі мы не зведвалі раней за дзве-тры летнія! Так атрымалася, што мы знянацку заспявалі там-сям жывыя ды яркія падзеі, якія пераконвалі: як бы там ні было, а рэгіянальная культура, нібы тая жняя на хлебным палетку, і красуе, і працуе, і сілкуе ўвесь навакольны свет. Пра гэта і пастараемся павесці гаворку.
Пад попыт — і майстар-клас
Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы ўжо 75 гадоў — з першага дня заснавання! — займаецца пошукам артэфактаў ды тэхналогій Магілёўшчыны, збірае лепшыя ўзоры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адраджае і папулярызуе промыслы і рамёствы, абрады і святы. А яшчэ — сістэматычна ладзіць мерапрыемствы па актуалізацыі розных відаў традыцыйнага рамеснага мастацтва. Адным з праектаў, які пашырыў маштабы і магчымасці Цэнтра, з’яўляецца творчая лабараторыя “Чароўны куфар”. Ён распачаты напрыканцы 2010-га і дзейнічае па сёння.
“Танцавальная дазіроўка”
Спявачкі і танцоры фальклорнага гурта “GUDA” з Мінска далучыліся да ўжо адзінаццатага па ліку Міжнароднага летніка традыцыйнага танца, які быў арганізаваны літоўскім Клубам традыцыйнага танца. Сёлета падзея адбылася ў вёсцы Мардасавас, што знаходзіцца ў Варэнскім раёне Алітускага павета, у так званым Дзукійскім доме — утульнай сядзібе побач з Нацыянальным паркам Літвы.
Небяспечны тэатр?
У кожнага тэатральнага форуму свае мэты і задачы, але, здаецца, усе фестывалі аб’ядноўвае адна ідэя: узнаўленне культурнага і чалавечага дыялога, калі важнымі становяцца мастацкія памкненні ды цікавасць да бліжняга. Папулярны тэрмін “open-minded” (“адкрытасць свету”) робіцца невербальным лозунгам ці не кожнага тэатральнага фэсту. Вось і Маладзёжны форум “Артміграцыя”, які прайшоў у другі раз у Маскве, меў на мэце стымуляванне маладзёжнай творчай мабільнасці, стварэнне матывацый для мастацкага эксперыменту і наладжванне кантакту.
Што бачна з “Белай Вежы”?
Добры знак: у дзень закрыцця ХІХ Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа” член аргкамітэта (а насамрэч — душа і розум гэтага форуму), генеральны дырэктар — мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандр Козак ужо агучыў некаторыя ідэі наконт наступнага, юбілейнага, свята. Такі доўгатэрміновы разлік і вельмі сур’ёзны, нават скрупулёзны падыход да фарміравання праграмы, імкненне насыціць фестывальны тыдзень максімальнай колькасцю спектакляў — абавязкова добрых і розных, даўно сталі адметнасцю форуму ды залогам яго пастаяннага развіцця.
“Туман” з Беларусі
У панядзелак у сталічнай філармоніі адкрываецца ІХ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Асаблівасцю амаль усіх такіх форумаў была прэзентацыя новага беларускага твора, які арганізатары замаўлялі камусьці з нашых кампазітараў. Сёлета гэта будзе “Туман” для сімфанічнага аркестра і аргана, напісаны маладой, але ўжо вядомай беларускай творцай Вольгай ПАДГАЙСКАЙ, якая сама будзе і саліраваць.
Гліна з падтэкстам
Мастак-кераміст Валерый Калтыгін нарадзіўся на Брэстчыне, з 1980-х жыве ў Бабруйску. За тры дзесяцігоддзі ён настолькі ўкараніўся ў культурную глебу гэтага горада, што стаў мясцовай славутасцю. На маю думку, уявіць Бабруйск без Валерыя Калтыгіна — тое ж самае, што Віцебск — без Марка Шагала. Пры гэтым адзначу, што такую ацэнку сваёй асобы Валерый Аркадзьевіч наўрад ці ўхваліў бы. Гэта ён у творчасці можа быць дзёрзкім, але ў жыцці — сціплы і далікатны…
“Жар-птушка” прыляцела...
Сёння стартуе IV Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТeАrt” — як і летась, з разгорнутага беларускага блока, насычанага найноўшымі айчыннымі прэм’ерамі. Міжнародную ж праграму сёлетняга фестывалю адкрые не драматычны спектакль, а балет “Жар-птушка” Ігара Стравінскага ў харэаграфіі Міхаіла Фокіна, пастаўлены народным артыстам Андрысам Ліепам у нашым Вялікім тэатры. Крытыкі і журналісты паспелі ацаніць падзею пад час здачы спектакля мастацкаму савету.
Паміж “этна” і “тэхна”
“Жыве Валянціна Шоба, у асноўным, у Гродне, але, мяркуючы па некаторых работах, час ад часу — у космасе”, — такую характарыстыку сваёй творчасці атрымала гродзенская мастачка ад мінскага крытыка. Гучыць эфектна, нават фантастычна. Але калі быць дакладным, дык гэта не больш чым канстатацыя таго навуковага факта, што ўсе мы, незалежна ад прапіскі і грамадзянства, жывём у Сусвеце (ці, як казаў Максім Багдановіч, “...усе разам ляцім да зор”). Адно што не кожны пра гэта думае, а вось мастачка, усведамляючы сваю “касмічную місію” як побытавую завядзёнку, час ад часу глядзіць у неба і малюе Сонца. З натуры. Як іншыя малююць гарадскія краявіды ды вясковыя палеткі.
Летуценнік без кампрамісаў
На жаль, я не быў знаёмы з гэтым цудоўным мастаком. Не паспеў. Ён пайшоў з жыцця 11 ліпеня 1965 года, а я прыехаў з Ленінграда ў Мінск напрыканцы жніўня. У першыя ж дні сваёй працы ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР падрабязна азнаёміўся з тагачаснай пастаяннай экспазіцыяй беларускага выяўленчага мастацтва на першым паверсе. І сярод іншых жывапісных твораў па свежасці ды выразнасці каларыту, па яснасці кампазіцыйнага мыслення адзначыў для сябе цудоўны “Партрэт акадэміка М.М. Нікольскага”. Я зацікавіўся аўтарам (а гэта быў Мікалай Тарасікаў), і дырэктар музея Алена Васільеўна Аладава параіла мне звярнуцца да мастацтвазнаўцы Пятра Герасімовіча, таксама супрацоўніка ўстановы (мы працавалі ў адным кабінеце), і да жывапісца Яўгена Красоўскага, якія вельмі блізка сябравалі з мастаком.
Прыйшоў Багач…
21 верасня адзначалася свята народнага календара Багач. Старажытнае свята ў гонар Дажджбога — бога дабрабыту, сонца і багацця — спалучылася з праваслаўным: у гэты ж дзень вернікі святкуюць Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы.
Першая кропля капраплактаму
У гродзенскім Новым замку працуе выстаўка, прымеркаваная да 70-годдзя Гродзенскай вобласці.
“Хіба ж я прымітыўная?”
Усе мы родам з дзяцінства. І адбітак яго так ці інакш праяўляецца ў нашым далейшым жыцці. Так атрымалася і з лепельскай дзяўчынкай Зінай Ляйко. Нарадзілася яна ў 1935 годзе, і змалку зведала і голад, і цяжкую сялянскую працу. Але заўсёды прыкмячала прыгожыя краявіды роднай вёсачкі Вялікі Поўсвіж, прыгажосць кветак у полі ды розныя адметныя рысы аднавяскоўцаў. Як яна сама распавядала пазней: “Вот віжу красівыя цвяты — і думаю: нарысую точно так жа. Ілі вот коні пасуцца на траве: адзін — белы, яшчэ — карычневы, а ўжо чорны — дык самы красівейшы…”.
Не “абавязаны прапісцы”
Не раз чуў такія фразы, што музыканты, якія выконваюць непапсовую музыку (урэшце, і не толькі) і пры тым жывуць не ў сталіцы, адрасавалі мінскім калегам: “Вам лёгка стаць знакамітымі! Усе цэнтравыя пляцоўкі — у вас, вядучыя СМІ, Інтэрнэт, FM-станцыі, студыі гуказапісу, прадзюсары, двухмільённы горад!.. Невядома яшчэ, ці здолелі б вы стаць папулярнымі, каб мы з вамі памяняліся геаграфічным становішчам!” Усё так. І — не так. А як? Пра тое мы папрасілі выказацца музыкантаў двух гуртоў, адзiн з якіх, “Akute”, “вырваўшыся” з Магілёва, сёння карыстаецца ўстойлівым попытам не толькі ў Мінску, але і за мяжой. Іншы ж, “Glofira”, з Гомеля, нягледзячы на ўзрост, усё яшчэ набірае абароты. Бас-гітарысту “Akute” Раману ЖЫГАРАВУ (далей — Р.Ж.) і франтмену “Glofira” Сяргею СОЧНЕВУ (С.С.) мы задалі адны і тыя ж пытанні…
З паўтара дзясятка вёсак…
Адгрымеў у Ляскавічах “Покліч Палесся” — падзея для беларускай традыцыйнай культуры знакавая. Гэта, бадай, адзіны фестываль са значнай доляй аўтэнтычнага фальклору ў праграме, падтрыманы на самым высокім дзяржаўным узроўні. Хацелася б распавесці пра частку падрыхтоўкі да яго, у якой давялося ўзяць удзел.
На Музейным, у Гомелі!
Гэтыя ўстановы прэзентавалі ўласную адметнасць, крэатыўныя і маркетынгавыя знаходкі ўчора ў адмысловым пралогу да ІІ Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі" ў Гомелі. А яго насычаная праграма доўжыцца і сёння... Фотарэпартаж з ІІ Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі" прапануе наш аглядальнік Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ.
Фестываль мастацтваў землякоў: уражанні
— Учора мне патэлефанавала знаёмая, таксама беларуска з Украіны, якая гэтымі днямі гасцюе ў сваякоў на Магілёўшчыне. Калі я ёй паведаміў, што браў удзел у ІІ Фестывалі мастацтваў беларусаў свету ад Украіны (на жаль, аказаўся адзіным яе прадстаўніком), запыталася, ці застаўся я задаволены падзеяй. Так! Задаволены!
Справа ў паспешлівасці? Была. А цяпер?
У 2009 годзе выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” была выпушчана кніга “Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского”. Гэтае выданне ўтрымлівала значную колькасць памылак ды недакладнасцей і наўрад ці магло прэтэндаваць на статус энцыклапедыі ці нават звычайнага даведніка. Рэцэнзія кандыдата гістарычных навук Максіма Макарава на дадзеную кнігу “Магчыма, справа ў паспешлівасці?” была апублікавана ў “К” № 29 за 18 ліпеня 2009 г. Мы спадзяваліся, што ў выдавецтве з водгукам, прынамсі, азнаёміліся. Але нядаўна Максім Макараў паведаміў "К", што ў кнігарні “Акадэмкніга” яму давялося пагартаць другое выданне “Городов, местечек і замков…” 2013 года. На вялікі жаль, выказаныя заўвагі не былі ўлічаны. Падаецца, пры наяўнасці слушных крытычных водгукаў выдавецтвы прымаюць парады ці заўвагі да ўвагі, каб выпусціць пасля “дапрацаванае і выпраўленае выданне” ці, прынамсі, зрабіць адмысловы раздзел з карэктнай факталогіяй. Але такога не адбылося ў выпадку з дадзеным выданнем. Чаму? Мо водгук проста не дайшоў да адрасата? Мы вырашылі паўтарыць з некаторымі скарачэннямі фактаграфічную частку рэцэнзіі гісторыка Максіма Макарава: справа ці не беспрэцэдэнтная, але…
Бывайце, Мая Міхайлаўна...
22 верасня не стала Маі Міхайлаўны Клімковіч. Чалавек выключнай абазнанасці ў беларускай мове, яна шмат гадоў працавала літаратурным рэдактарам у газеце "Культура", дбаючы пра дасканаласць слова ў публікацыях. Вялікі дзякуй, Мая Міхайлаўна, і — зямля Вам пухам...
Сынкавіцкая царква
— У савецкія часы нас з братам таемна пахрысцілі і мы пачалі цікавіцца хрысціянскай архітэктурай. У адным з альбомаў натрапілі на здымак царквы-крэпасці ў Сынкавічах. У выглядзе гэтага помніка здзівіла спалучэнне духоўнай прыгажосці і манументальнай трываласці. Тагачасная савецкая архітэктура, якая атачала навокал, не выклікала моцных эмоцый, бо не валодала такімі рысамі. Вайсковае і хрысціянскае, зброя і малітва, вайна і вера... Захацелася пазнаёміцца з культурай таго часу.
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by

Новы нумар

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2007 - 2024 «Культура». Зроблена ў «Вэбпрофі»