Сынкавіцкая царква

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Зміцер САСНОЎСКІ, лідар гурта “Стары Ольса”:
— У савецкія часы нас з братам таемна пахрысцілі і мы пачалі цікавіцца хрысціянскай архітэктурай. У адным з альбомаў натрапілі на здымак царквы-крэпасці ў Сынкавічах. У выглядзе гэтага помніка здзівіла спалучэнне духоўнай прыгажосці і манументальнай трываласці. Тагачасная савецкая архітэктура, якая атачала навокал, не выклікала моцных эмоцый, бо не валодала такімі рысамі. Вайсковае і хрысціянскае, зброя і малітва, вайна і вера... Захацелася пазнаёміцца з культурай таго часу.

/i/content/pi/cult/497/10664/13-3.jpgАбласная бібліятэка, мастацкі аддзел, аддзел гісторыі... Высветлілася, што Сынкавіцкая царква — невялічкая частка вялікай гістарычнай цывілізацыі, якая стварала, служыла Богу, змагалася, кахала... Яшчэ больш здзівіла адкрыццё, што гэта не проста страчаная цывілізацыя, — яна была сваёй для нашых продкаў. Крыўдна было, што я не валодаў ніякімі рысамі той культуры. Пачаўся перыяд гістарычнай усёеднасці: археалогія, палеаграфія, архітэктура, крыніцазнаўства, жывапіс, тэалогія, картаграфія, этнаграфія, спортшкола... Але ўсё перайначыў канцэрт гурта “Кантабіле”, які выконваў “Полацкі сшытак”…

Калі ў 1992 годзе па Беларускім тэлебачанні ўжо не першы раз паказалі канцэрт “Кантабіле”, я падрыхтаваў магнітафон і запісаў яго (потым гэтую касету пазычылі музыканты гурта “Gods Tower”). “Полацкі сшытак” меў нязвыклыя спалучэнні высокай еўрапейскасці ды мясцовага свойскага каларыту. Выбух пачуццяў ад гэтай музыкі быў такі моцны, што ўзрушвае і дагэтуль. І вось, гістарычная музыка зацягнула назаўжды. Іншыя віды вывучэння мінуўшчыны адступілі на другі план, бо дазвалялі ўбачыць (архітэктура) ці дакрануцца (археалогія) да мінулага, а музыка дазваляла пачуць тую даўнюю цівілізацыю сваіх продкаў!

Потым быў універсітэт, другі, стажыроўкі за мяжой, збор калекцыі старых інструментаў, стварэнне гурта “Стары Ольса”… Шмат што пабачана, але Сынкавічы і “Полацкі сшытак” працягваюць заставацца для мяне сімвалам роднай гісторыі!..