Паштоўка — як сведка гісторыі

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Як вядома, любая справа асабліва ладзіцца, калі ёю займаюцца людзі апантаныя. Яшчэ адно пацвярджэнне гэтаму — дзейнасць Уладзіміра Ліхадзедава, начальніка аддзела продажаў адкрытага акцыянернага таварыства “Ай Сі Імпекс”. Уладзімір Аляксеевіч зарэкамендаваў сябе і самым вядомым беларускім філакартыстам — так называюць таго, хто збірае і вывучае паштоўкі. Праўда, чалавеку, далёкаму ад калекцыяніравання, можа падацца, што занятак гэты не сур’ёзны для такога дзелавога чалавека. Ды інакш ставяцца да гэтага захаплення людзі дасведчаныя — тыя, якія добра ведаюць, што і паштоўкі — гэта таксама мастацкі летапіс свайго часу.

Першым ацаніў значнасць памкненняў У.Ліхадзедава не хто-небудзь, а галоўны рэдактар газеты “Советская Белоруссия” Павел Якубовіч. І ў Паўла Ізотавіча з’явілася цікавая ідэя: было б няблага, калі б матэрыялы са збору У.Ліхадзедава трапілі на старонкі газеты. А, да ўсяго, друкаваліся б з разгорнутым аповедам пра час, што тычыцца пэўнай паштоўкі, і пра тое, што на ёй адлюстравана.

 /i/content/pi/cult/149/1066/Pashtouka1.jpg
Сказана — зроблена. За пяро ўзяўся вядомы пісьменнік-краязнаўца Алесь Карлюкевіч, які на той час працаваў у “Советской Белоруссии” ўласным карэспандэнтам, а цяпер узначальвае рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Літаратура і Мастацтва”. Так кожны тыдзень у “СБ. Беларусь сегодня” і пачалі рэгулярна з’яўляцца падборкі “У пошуках страчанага” (дарэчы, назву таксама прыдумаў П.Якубовіч). Праект атрымаў такі шырокі розгалас, што аўтарскі калектыў у складзе А.Карлюкевіча, У.Ліхадзедава і П.Якубовіча за рэалізацыю яго быў адзначаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” 2006 года.

Аднак не быў бы гэта П.Якубовіч, калі б у яго не з’явілася чарговая, не менш значная, ідэя: выдаць кнігу, якая б так і называлася — “У пошуках страчанага”. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пайшло насустрач, і літаральна ў апошнія дні мінулага года Мінская фабрыка каляровага друку дала жыццё не проста кнізе, а дыхтоўнаму альбому, падзагаловак якога сам гаворыць за сябе: “Гісторыя Беларусі ў старых паштоўках. З калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава”. Аўтар жа тэксту, зразумела, — А.Карлюкевіч.

Канешне, часткова змешчаны ранейшыя матэрыялы, але і шмат новых, што, несумненна, выклікае яшчэ большую цікавасць да своеасаблівага філакартысцкага экскурсу ў Беларусь колішнюю.

Дарэчы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Адам Мальдзіс знайшоў надзіва дакладнае вызначэнне кнізе ў сваім пасляслоўі пад назвай “Павучальнае падарожжа ў часе і
 /i/content/pi/cult/149/1066/Pashtouka2.jpg
прасторы”, зазначыўшы: “Матэрыялы кнігі ... маюць для нашага грамадства, нашай дзяржавы, такой маладой і адначасова такой сталай, з тысячагадовай багатай, але далёка не да канца спазнанай гісторыяй, вялікае павучальна-пазнаваўчае і выхаваўчае значэнне”. І ўдакладніў: “Павучальнае — таму, што вучаць павазе да продкаў, да гістарычных традыцый. Пазнаваўчае — таму, што дазваляюць нам шырэй глянуць на мінулае: не ўсё ў ім было дрэннае, як нам часам у працэсе самасцвярджэння здаецца; і раней узводзіліся будынкі, якія мелі і маюць эстэтычную каштоўнасць. Іншая справа, што войны і наша нядбайнасць прывялі да разбурэння многіх помнікаў архітэктуры. А выхаваўчае — таму, што вучаць нас любові да Айчыны, малой і вялікай”.

 /i/content/pi/cult/149/1066/Pashtouka3.jpg
“Падарожжа” сапраўды дае шмат душы і сэрцу. 16 раздзелаў кнігі дазваляюць перанесціся на шмат дзесяцігоддзяў назад. Быццам увачавідкі праходзіш па Брэсце і Брэстчыне, па Віцебску і Віцебшчыне, па Гомелі і Гомельшчыне, па Гродне і Гродзеншчыне, па Магілёве і Магілёўшчыне, па Мінску і Міншчыне. Асобна змешчаны паштоўкі, прысвечаныя Пінску, Полацку, Навагрудку. А на старонках раздзела “Беларускія вобразы” паўстаюць абліччы простых людзей, якія некалі жылі на нашай зямлі.

Да кожнага раздзела прапанаваны асобныя гісторыка-краязнаўчыя нарысы. Напісаныя жывой, вобразнай мовай, яны, зразумела, даюць шмат інфармацыі, у тым ліку нярэдка і такой, што пакуль у шырокі ўжытак не ўведзена. Хацелася б спадзявацца, што ў гэтага выдання будзе працяг. У кнізе ж прадстаўлены толькі 340 старых паштовак і фотаздымкаў, а ўся калекцыя У.Ліхадзедава налічвае на сённяшні дзень каля 15 тысяч старых паштовак. Так і просяцца на свет сама меней пяць падобных фаліянтаў.

А што яны будуць запатрабаваны, сумнення няма. Хутка разыходзіцца і гэтая кніга, што выйшла накладам тры тысячы асобнікаў. Было б вельмі добра, каб яна трапіла ў бібліятэкі, у тым ліку і ў школьныя, асабліва ў тыя, што знаходзяцца ў рэгіёнах, населеных пунктах, якія адлюстраваны на рэпрадукцыях.

Мікола ТАМАШЭВІЧ