“Танцавальная дазіроўка”

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Летнік традыцый і відовішчны “Зайчык”
Спявачкі і танцоры фальклорнага гурта “GUDA” з Мінска далучыліся да ўжо адзінаццатага па ліку Міжнароднага летніка традыцыйнага танца, які быў арганізаваны літоўскім Клубам традыцыйнага танца. Сёлета падзея адбылася ў вёсцы Мардасавас, што знаходзіцца ў Варэнскім раёне Алітускага павета, у так званым Дзукійскім доме — утульнай сядзібе побач з Нацыянальным паркам Літвы.

/i/content/pi/cult/497/10658/14-1.jpg

 

 

Фрагмент беларускага вясельнага танца “Жабка”.

Вёска Мардасавас — маляўнічае закуцце, гектары прыгожага сасняку, рэчка, прыкладна трынаццаць кіламетраў да бліжэйшай чыгуначнай станцыі і чатыры-пяць — да крамы. Краму тую, дарэчы, шмат хто з гасцей наведваў, і гэта нягледзячы на, здавалася б, вялікую для шпацыру адлегласць. Але там яна такой не здавалася. Варта зазначыць, што падобныя, так бы мовіць, экспедыцыі ладзіліся, хутчэй, дзеля цікаўнасці (асаблівых праблем з харчаваннем не было, бо гарачую ежу туды рэгулярна прывозілі, а часам, у спякотныя дні, дастаўлялі нават марожанае). Патрабавалася толькі на самым пачатку зрабіць адносна невялікі грашовы ўзнос у залежнасці ад колькасці дзён гасцявання таго або іншага ўдзельніка, і можна было смела разлічваць на штодзённую трохразовую трапезу.

Сярод іншых прыемнасцей можна прыгадаць калодзеж тыпу журавель, які быў у распараджэнні ўдзельнікаў летніка. А з чатырох дзён нашага там знаходжання цягам двух стаяла жудасная спёка! Летнік, пэўна, прыйшоўся даспадобы аматарам палатачных лагераў, бо ўмовы жыцця былі паходна-палявыя. Усё гэта, разам з нязмушанай атмасферай, чароўнай прыродай, цёплым надвор’ем, жывой музыкай, што лунала вечарамі, ды вясёлымі танцамі ўдзень і ўначы, стварала непаўторнае ўражанне — адчування далучанасці да ладу продкаў.

Адзначым этнічны стыль, які літоўцы ўвасобілі ў аздобе сядзібы ды месца: гэта і вянкі з кветак, і традыцыйныя саламяныя “павукі” пад страхой хаты (распаўсюджаныя таксама ў беларусаў), і фігуркі разнастайных жывёлін ды птушак з саломы, размешчаныя на плоце, абвітыя сухімі кветкамі слупы…

Штодзень танцы пачыналіся пасля сняданку. Праходзіла ўсё ў фармаце майстар-класаў, калі кожны ахвотны мог павучыцца літоўскім ды іншым традыцыйным танцам. У прыватнасці, пад пільным кіраўніцтвам танцмайстраў удзельнікі летніка развучвалі дробную польку, кадрылі ды іншыя здаўна папулярныя ў нашым рэгіёне танцы. Пасля ж абеду звычайна сваім народным танцам аўдыторыю навучалі ўжо замежныя госці, сярод якіх — і мы, беларусы, а таксама латышы ды чэхі.

Беларускі майстар-клас адбыўся ў першы дзень нашага прыезду. Ладзіў яго вядомы этнахарэограф, кіраўнік ансамбля “Верабейкі” з Любані Сяргей Выскварка з дапамогай удзельнікаў Клуба традыцыйнага танца “Сіта” з Мінска, а музычнае суправаджэнне забяспечваў кіраўнік капэлы “На таку” Аляксей Крукоўскі. І, натуральна, актыўны ўдзел у майстар-класе прынялі прадстаўнікі Школы традыйнага мастацтва гурта “GUDA”. Разам з усімі мы затанчылі “Лявоніху”, польку-бабачку, а хлопцы паспрабавалі сілы ў вясельным танцы “Жабка”.

Падчас лекцыі спадара Выскваркі пра традыцыйную культуру Любаншчыны былі прадэманстраваны некалькі спосабаў завязвання хусты, а нашы спявачкі агучылі абрадавымі вясельнымі песнямі.

У першы ж дзень пасля вячэры, а дзясятай гадзіне ўвечары, пачыналася танцавальная вечарына, якая доўжылася да глыбокай ночы, прычым “танцавальная дазіроўка” павялічвалася паступова: у першы дзень — да другой гадзіны ночы, у другі — да трэцяй, у трэці — да чацвёртай, а ўжо на чацвёрты дзень — ажно да самай раніцы. Праграма такіх начных вечарын, натуральна, складалася пераважна з літоўскіх танцаў, але замежныя госці прэзентавалі таксама і свае. Не абышлося, канешне ж, і без нашых беларускіх танцаў. Так, ці то на другі, ці то на трэці дзень, калі ўсе чакалі сняданку, мы раптам пачулі знаёмы матыў: гэта літоўскія дзяўчаты-валанцёры, якія стаялі на раздачы ежы, натхнёна напявалі нашу “Лявоніху”. Такім чынам, танцавальны летнік, які, відавочна, быў арганізаваны для папулярызацыі літоўскіх традыцыйных танцаў, у пэўнай ступені паспрыяў і папулярызацыі беларускай культуры.

Апрача танцаў, у час летніка можна было павучыцца і традыцыйным рамёствам, сярод якіх, напрыклад, тканне паясоў, пляценне з лазы, лепка з гліны і выраб упрыгожанняў з металу. Адначасова можна было выпрабаваць і свае музычныя здольнасці, бо ў летніку ладзіліся майстар-класы ігры на бубне і, натуральна, на літоўскім традыцыйным струнным інструменце канклес.

Не забыліся арганізатары і на адукацыйную частку: можна было паслухаць лекцыі, прысвечаныя аспектам традыцый. Праўда, каб штосьці пачарпнуць з тых лекцый, пажадана было разумець па-літоўску. Але мясцовая пані Броня ласкава пагадзілася перакладаць нам асобныя лекцыі на рускую мову. Яшчэ летнік запомніўся конкурсам талентаў, на якім праявілі сябе і беларусы. Спявачкі выканалі абрадавую песню з Гомельшчыны, а танцоры прэзентавалі відовішчны беларускі танец “Зайчык”.

Літоўскі танцавальны летнік, безумоўна, быў варты таго, каб яго наведаць. Гэта сапраўднае свята традыцыйнай культуры, прычым не толькі літоўскай. Кожны прысутны мог там актыўна паўдзельнічаць у міжнародным камунікаванні ды культурным абмене, нечаму павучыцца і, цалкам магчыма, самому кагосьці нечаму навучыць.

Зміцер ГУД, Святлана СУДНОЎСКАЯ, удзельнікі мінскай Школы традыцыйнага мастацтва гурта “GUDA”