Калі нагуляемся "ў брэнды"…

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Уладзімір ТОЎСЦІК, народны мастак Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Колькі памятаю сябе як мастака, як дасведчанага ў выяўленчым мастацтве прафесіянала, столькі ж — і размовы пра тое, што карціна як з’ява і нават жывапіс як від мастацтва альбо ўжо “сканалі”, альбо мусяць адысці ў нябыт у бліжэйшы час… Меркавалі, што функцыю жывапіснай карціны возьмуць на сябе мастацтва дэкаратыўна-прыкладное і дызайн, ды ўвогуле — творчасць трансфармуецца ў “арт-дзейнасць”. Але відавочна, што традыцыйнае выяўленчае мастацтва нікуды не знікае, — хіба зведвае пэўную трансфармацыю, бо з’явіліся новы інструментарый, новыя сродкі выразнасці. Да таго ж, і глядач сёння іншы, чым у часы росквіту мастацтва, якое называюць класічным.

/i/content/pi/cult/497/10654/4-8.jpgУ адрозненне ад савецкай эпохі, калі мастацтва знаходзілася пад моцным уплывам ідэалогіі (асабліва гэта датычыцца буйнамаштабных праектаў), сёння ягоныя стан і змест вызначае часцей кан’юнктура мастацкага рынку. І я не ведаю, стаў мастак праз гэта больш свабодным ці трапіў у яшчэ мацнейшую залежнасць, чым раней. Сітуацыя — неадназначная. Тым больш, што свабода (творчая, у прыватнасці) — гэта не набор вонкавых чыннікаў, а, калі хочаце, стан душы.

Быць самім сабой можна ў якіх заўгодна варунках, калі насамрэч мець такую патрэбу. Мне падабаецца тэза “Не трымайся плыні і не плыві супраць плыні — плыві туды, куды табе патрэбна”. Мне асабіста сацыялістычны рэалізм не замінаў маляваць тое, што я хацеў. Тое ж скажуць і іншыя мае калегі, якія заспелі той час. Карціны з ліку тых, што сталі маёй творчай візітоўкай, ствараліся ў савецкі час паводле дзяржаўнага заказу альбо набываліся ў дзяржаўныя зборы з рэспубліканскіх выставак. І гэта была звычайная практыка…

Сёння ж многае змянілася, і штосьці — не ў лепшы бок. У час, згаданы мной, мастака хвалявала, у якіх калекцыях знаходзяцца ягоныя работы і на якіх выстаўках экспануюцца. Прадметам гонару і знакам статуса была тая акалічнасць, што твае карціны ўпрыгожваюць грамадскія будынкі і іх кожны дзень бачаць тысячы людзей. Сёння ж ці не адзіны прадмет гонару мастака — матэрыяльны поспех. У дадзеным выпадку я кажу не пра канкрэтных асоб (тым больш, што творца мусіць са сваёй прафесіі сілкавацца), а пра небяспечную тэндэнцыю, калі пры адсутнасці дзяржаўнага заказу, прынамсі, у тым аб’ёме, каб забяспечыць працай ды заробкам прафесійную мастакоўскую супольнасць, мастакі вымушаны пераарыентоўвацца на прыватнага замоўцу. А гэта значыць, што з культурнага ландшафту знікаюць сацыяльна значныя тэмы, бо прыватны замоўца — гэта іншы маштаб. Ён найперш дбае пра камфорт свайго жытла ды офіса і мастацтва для гэтай мэты замаўляе адпаведнае.

Яно і зразумела, што ніхто не стане ўпрыгожваць уласнае жытло батальнымі палотнымі або карцінамі драматычнага зместу. Тут пасуе спакойны краявід, нацюрморт з кветкамі, сямейны партрэт ці ўвогуле нешта неканкрэтнае, абстрактна-дэкаратыўнае. Нярэдка мастаку замаўляюць палатно пад колер… шпалер. Вось у дарэвалюцыйнай Расіі, Еўропе, ва ўсім свеце была мода ўпрыгожваць багатыя дамы карцінамі на сюжэты антычнай гісторыі і міфалогіі. А гэта — культурны пласт, на якім стаіць еўрапейская цывілізацыя. Таму мець уяўленне пра культуру ды гісторыю Старажытнай Грэцыі, Старажытнага Рыма мусіў кожны, хто вучыўся ў гімназіі, кожны адукаваны чалавек ці той, хто на такі статус прэтэндаваў. Так што такія карціны ў доме былі сведчаннем высокага культурнага ўзроўню гаспадара, працавалі на ягоны імідж.

У нас сёння сітуацыя іншая. Прэстыжным лічыцца не наяўнасць у доме твораў мастацтва, а мэблі і абсталявання ад вядомых у свеце вытворцаў. Можа, калі мы нарэшце нагуляемся “ў брэнды”, сітуацыя зменіцца: прэстыжна стане мець уласны твар, уласнае аблічча, а не адпавядаць нейкаму стандарту. Але пакуль маем тое, што маем. Распаўсюджана думка, што карціна ў інтэр’еры — гэта ўвогуле анахранізм. І, на жаль, так часам разважаюць архітэктары і дызайнеры, якія праектуюць будынкі грамадскага прызначэння…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Я іншым разам чую пытанне, ці ёсць у Беларусі мастакі, здольныя напісаць гістарычнае палатно ўзроўню славутай карціны Валянціна Волкава “Мінск 3 ліпеня 1944 года”. Адказваю: ёсць! І калі ў краіны, у дзяржавы акрэсліцца патрэба ў творах такога кшталту, знойдуцца і творцы. Візуалізацыя нацыянальнай ідэі, адлюстраванне прыярытэтаў нацыянальнай гісторыі — гэта пытанне дзяржаўнай палітыкі. Вось у суседняй Літве, якая за савецкім часам вылучалася сярод іншых рэспублік заходняй арыентацыяй свайго мастацтва, дзе шмат — і паспяхова! — эксперыментавалі з формай, колерам, пластыкай, сёння мастакі засяродзіліся на адлюстраванні гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Велізарная колькасць карцін, прысвечаных Грунвальдскай бітве, якую яны называюць Бітвай пры Жальгірысе, князю Вітаўту, што ў іхняй гістарыяграфіі праходзіць як Вітаўтас… Мастакі ў дадзеным выпадку робяць дзяржаўную справу.

У савецкай Беларусі нацыянальнай тэмай у мастацтве была Вялікая Айчынная вайна. Шэраг работ, створаных на гэтую тэму беларускімі мастакамі, можна смела называць шэдэўрамі. Замоўцам твораў выступала дзяржава. І сёння толькі дзяржава можа ініцыяваць ды матэрыяльна забяспечыць эстэтычную аздобу нацыянальнай ідэі, адным з чыннікаў якой з’яўляецца асэнсаванне ўсёй, больш як тысячагадовай, гісторыі Беларусі.

Калі ж будзе на тое патрэба, дык з’явяцца карціны ўзроўню згаданага вышэй палатна Валянціна Волкава. У іншым выпадку, мы рызыкуем страціць жывапісную школу, страціць традыцыю…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"