Прыватнаўладальніцкія бібліятэкі на Гомельшчыне

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Як мала мы ведаем пра сядзібныя (прыватнаўладальніцкія) бібліятэкі! Хіба што пра некаторыя, найбольш значныя. Але ж яны складалі важкі пласт культурнай спадчыны краіны. Найбольш старадаўнія з вядомых нам шляхецкіх кнігазбораў пачалі стварацца ў XVII ст., а XVIII ст. прыўнесла моду на прыватныя бібліятэкі. Яны збіраліся, бывала, не адным пакаленнем уладальнікаў, таму тэматыка кніг была разнастайнай. Недаступныя для чужых, яны змяшчалі і рэдкія выданні, і каштоўныя рукапісы, і унікальныя фамільныя архівы. Шмат было кніг на англійскай, нямецкай мовах, і асабліва — на французскай.

 /i/content/pi/cult/149/1065/Knigi3.jpg
З такіх калекцый на Гомельшчыне мы можам прыгадаць бібліятэкі фаварытаў расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ: П.Румянцава-Задунайскага, А.Башылава, З.Чарнышова, І.Пушчына, памешчыкаў Горватаў і іншых, з тых, якія атрымалі буйныя землеўладанні ў нашым рэгіёне ў выніку далучэння яго да Расіі пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай.

Акрамя кнігазбору Румянцавых, пра які неаднаразова згадвалася ў друку, асаблівай увагі заслугоўвае бібліятэка графаў Чарнышовых. У 1774 г. уладальнікам Чачэрска стаў першы беларускі намеснік і генерал-губернатар Магілёўскай губерні Захар Чарнышоў. Пасля яго смерці маёнтак перайшоў да яго жонкі Ганы Радзівонаўны, а потым — да яго роднага брата Івана, паколькі дзяцей у Захара Рыгоравіча не было. Некаторы час Чачэрск належаў сыну Івана Рыгоравіча — графу Рыгору Чарнышову.

Напрыканцы ХІХ ст. уладальнікам Чачэрска стаў палкоўнік Іван Гаўрылавіч Круглікаў-Чарнышоў з жонкай Соф’яй Рыгораўнай Чарнышовай, якая даводзілася ўнучатай пляменніцай фаварыту Кацярыны ІІ.

... У канцы 1980-х літаратуразнаўцы І.Абадоўская і М.Дзяменцьеў на падставе архіўных дакументаў вызначылі, што Аляксандр Пушкін меў агульных з Чарнышовымі продкаў са старажытнага роду князёў Ржэўскіх. Яны лічаць, што дзеці графа Р.Чарнышова даводзіліся паэту чацвераюраднымі братамі і сёстрамі.

Не выключаюць даследчыкі і такога варыянту падзей, паводле якога А.Пушкін,
 /i/content/pi/cult/149/1065/Knigi2.jpg/i/content/pi/cult/149/1065/Knigi2.jpg

Міхаіл Пушчын. 

вяртаючыся з паўднёвай ссылкі, мог не толькі праязджаць праз Чачэрск, але і наведаць сваякоў. Чарнышовы былі высокаадукаванымі і культурнымі людзьмі. Пры сваёй сядзібе стварылі музычны тэатр, за іх кошт у Чачэрску і павеце былі адкрыты школы і вучылішча. Чарнышовы сабралі багацейшую бібліятэку, у якой можна было знайсці літаратуру па ўсіх галінах ведаў. Яны набывалі творы А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Салтыкова-Шчадрына. На кнігі наклейваўся экслібрыс з гербам Чарнышовых і надпісам “Чачэрск”. На жаль, гэты кнігазбор, хутчэй за ўсё, загінуў, бо яго экслібрыс вядомы бібліяфілам толькі ў некалькіх экзэмплярах.

У Парычах (цяпер — Светлагорскі раён) знаходзіўся дзедзічны маёнтак Івана і Міхаіла Пушчыных. Яшчэ ў юнацтве Міхаіл марыў пасяліцца ў гэтым маёнтку, ажаніцца, гадаваць тут дзяцей...

Але лёс распарадзіўся інакш. За ўдзел у паўстанні дзекабрыстаў 1825 г. капітан лейб-гвардыі конна-піянернага эскадрона Міхаіл Пушчын быў пазбаўлены чыноў і дваранства і аддадзены ў салдаты.

Ён служыў некаторы час у Краснаярскім гарнізоне ў Сібіры, пасля быў пераведзены на Каўказ, дзе за смеласць і воінскі талент атрымаў афіцэрскі чын. Быў цяжка паранены, а ў 1836 г. падаў у адстаўку і нарэшце пасяліўся ў Парычах.
 /i/content/pi/cult/149/1065/Knigi1.jpg

Захар Чарнышоў.

Адтуль Пушчын паслаў у Мінск на адрас губернскага дэпутацкага сходу прашэнне аб унясенні ягонага імя ў радаводную кнігу дваранства Мінскай губерні, і просьба была задаволена. У 1865 г. ён быў узведзены ў чын генерал-маёра і прызначаны камендантам Бабруйскай крэпасці. Памёр Міхаіл Пушчын у 1869 г., пахаваны ў сваіх улюбёных Парычах. Побач спачывае прах яго жонкі Марыі Якаўлеўны. У 1866 г. яе стараннямі ў Парычах было адкрыта жаночае вучылішча.

У бібліятэцы Міхаіла Пушчына асаблівае месца займалі творы Аляксандра Пушкіна, ліцэйскага сябра яго брата Івана Пушчына, кнігі пісьменнікаў-дзекабрыстаў Ф.Глінкі, І.Бястужава, В.Раеўскага, К.Рылеева, В.Кюхельбекера і іншых. І гэты кнігазбор таксама не захаваўся да нашых дзён.

У 1929 г. на старонках часопіса “Наш край” (№№ 6 — 7) быў надрукаваны артыкул К.Баева “К вопросу об источниках и литературе по истории Гомеля и Гомельщины”. К.Баеў пісаў, што ў Рэчыцкую раённую бібліятэку паступілі кнігі з нараўлянскага маёнтка Горвата, аднак частка іх была адпраўлена ў Дзяржаўную бібліятэку Беларусі.

Хто ж такі Горват? З архіўных дакументаў першай паловы ХІХ ст. стала вядома, што буйнейшымі землеўладальнікамі на Нараўляншчыне былі браты Горваты. Яны няўхільна пашыралі свае абшары, набываючы зямлю і вёскі ў іншых памешчыкаў.

Так, Аляксандр Ігнатавіч Горват купіў у фон Гольстаў вялікі маёнтак Барбораў, а ў спадчыннікаў графа Арлова — сядзібу Белая Сарока. Мястэчка Нароўля належала Данілу Ігнатавічу Горвату. Ён жа валодаў мястэчкам Каралін (Ельск). Горваты сабралі унікальную па тых часах бібліятэку. У ёй меліся кнігі па гісторыі, этнаграфіі і археалогіі Расіі, Беларусі ды Літвы, гістарычныя даследаванні расійскіх і замежных навукоўцаў, “Акты Виленской археографической комиссии”, “Памятные книжки Минской губернии”, зборы сачыненняў і асобныя творы Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, І.Тургенева, А.Чэхава...

Хацелася б адзначыць таксама бібліятэку памешчыкаў Башылавых, чый маёнтак знаходзіўся ў межах сучаснага Жлобінскага раёна. Адным з саўладальнікаў бібліятэкі быў Міхаіл Сяргеевіч Башылаў — вядомы мастак-ілюстратар “Гора ад розуму” А.Грыбаедава, “Кабзара” Т.Шаўчэнкі, “Вайны і міру” Л.Талстога. У бібліятэчным фондзе была багата прадстаўлена руская і замежная класіка, творы старажытнаславянскіх пісьменнікаў, у тым ліку Кірылы Тураўскага, кнігі па мастацтве і жывапісе.

Лёс гэтай бібліятэкі застаецца невядомым з той прычыны, што бацька М.Башылава цалкам разарыўся, і маёнтак быў прададзены. Частку кніг М.Башылаў перавёз у Маскву.

На вялікі жаль, рэвалюцыйныя падзеі 1905 і 1917 гг., Першая сусветная і Грамадзянская войны прывялі да страты нямала кніжных скарбаў са старых дваранскіх маёнткаў. Няўлічаныя і неапісаныя, многія з іх зніклі назаўжды.


Клара БІРУКОВІЧ,
кандыдат гістарычных навук
Гомель