Прыйшоў Багач…

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

21 верасня адзначалася свята народнага календара Багач. Старажытнае свята ў гонар Дажджбога — бога дабрабыту, сонца і багацця — спалучылася з праваслаўным: у гэты ж дзень вернікі святкуюць Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы.

/i/content/pi/cult/497/10645/11-1.jpg

Калі зазірнуць у каляндар, убачыш, што гэты дзень напярэдадні восеньскага раўнадзенства атрымаў шмат назваў: Другая Прачыстая, Малая Прачыстая, Багатнік, Багатуха, Другая Спажа, Другі Святок…

Захавальнікі народных традыцый — удзельніцы ансамбля песні “Крыніцы” і жаночага клуба “Залаты ўзрост” разам з культработнікамі Мазалаўскага сельскага дома культуры, што ў Віцебскім раёне, вырашылі адзначыць свята ўраждаю, як кажуць, па ўсіх законах жанру: са спевамі, танцамі ды прысмакамі.

Да гэтага часу ўсялякія работы на полі заканчваліся, а калі дзе і пераворвалі зямлю, дык толькі пад позневеснавыя цеплалюбівыя культуры: авёс, грэчку ды іншыя. Дбайны ж гаспадар імкнуўся да Багача закончыць усе палявыя работы і нават пачысціць ды схаваць да вясны інвентар, які ў прыказках называецца “рагачом”. У народзе казалі: “Прыйшоў Багач — кiдай рагач, бяры сявеньку ды сей памаленьку”. Багачом называлі лубку, напоўненую зернем з кожнага сялянскага падворка, узятага з калосся першага ці апошняга снапа ў час жніва, куды ставілася грамнічная свечка.

Доўга вырашалі актывісты, якія цікавяцца абрадамі і даўніной, дзе свята адзначаць ды ў каго “багач” захаваць. І вырашылі: быць святу ў вёсцы Суднікі, а “багачу на покуце стаяць, дабрабыту і шчасця жадаць” у дбайных гаспадароў, добрых бацькоў ды паважаных жыхароў — сям’і Марыі і Івана Зубачоў.

Так, распавядае кіраўнік ансамбля і жаночага клуба Ірына Толкач, пад час свята правялі абрад абыходу вёскі з багачом, выконвалі абрадавыя песні, прамаўлялі “багачоўскія” прыказкі ды прымаўкі. Прадоўжылася святкаванне Багача застоллем, на якое гаспадары заўсёды запрашалі ўдзельнікаў шэсця.

Святкаванне замыкала цыкл вяснова-летніх абрадаў і было пачаткам восеньскіх вяселляў. Багач цяпер у вёсках амаль не ладзяць, таму такія шыкоўныя імпрэзы пакідаюць шанц на тое, што свята ўсё ж захаваецца.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ