Менеджар пачынае і…

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Партнерыят для выніковай перспектывы
У першай палове верасня скіраваліся на Віцебшчыну: у Докшыцкі і Шаркаўшчынскі раёны. А шлях да гэтага паўночна-заходняга краю пралягаў, натуральна, праз Міншчыну. Мы пастараліся разнастаіць маршрут, насыціць яго не толькі аглядам ды аналізам работы клубаў, бібліятэк і музеяў. З дадзенай нагоды наўмысна не абмінулі радашковіцкі завод “Белмастацкераміка”, пра які “К” пісала апошні разам — ужо і не памятаем, калі. Зазначым, забягаючы наперад, што гэты візіт дазволіў нам па-новаму паглядзець на прафесію майстра-кераміста. А ўвогуле, адна вераснёўская паездка, ад пачатку да канца, прынесла нам столькі станоўчых эмоцый, колькі мы не зведвалі раней за дзве-тры летнія! Так атрымалася, што мы знянацку заспявалі там-сям жывыя ды яркія падзеі, якія пераконвалі: як бы там ні было, а рэгіянальная культура, нібы тая жняя на хлебным палетку, і красуе, і працуе, і сілкуе ўвесь навакольны свет. Пра гэта і пастараемся павесці гаворку.

/i/content/pi/cult/497/10644/10-1.jpg

Начальнік цэха № 1 радашковіцкага завода “Белмастацкераміка” Наталля Нехвядовіч у выставачнай зале прадпрыемства.

/i/content/pi/cult/497/10644/10-3.jpg

Не багі гаршчкі  абпальваюць

Так, не багі гліну да ладу даводзяць, а ў дадзеным выпадку — рабочыя завода “Белмастацкераміка”. Нам вельмі не хапала ў нашай “калекцыі” менавіта вытворчага буйнамаштабнага прадпрыемства па вырабе твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адна справа — раённы Дом рамёстваў з арыентацыяй на аматарскае дачыненне да беларускай традыцыі, і зусім іншая — дзяржаўнае прадпрыемства з планавым вядзеннем гаспадаркі, маштабным рынкам збыту ды паточнай вытворчасцю…

Спачатку мы пазнаёміліся з вынікамі працы “Белмастацкерамікі” ў фірмовай заводскай краме, што месціцца побач з заводам. Выбар — надзвычай шырокі, кошты — вельмі даступныя, без нацэнак, як, да прыкладу, у Мінску. Таму і пакупнікоў хапае. Вытворчасць супніц, вазонаў, збаноў, кубкаў, глечыкаў, проста сувеніраў, як мы потым высветлілі, — прыбытковая.

А вось і сам завод. Мы заблукалі б на трох паверхах ды ў шматлікіх пераходах, каб не начальнік цэха № 1 Наталля Нехвядовіч. Яна, яшчэ маладая жанчына, пачынала тут рабочым, дайшла да вышэйшага чацвёртага разраду, ведае да драбніц усё і ўсіх.

— Актыўна супрацоўнічаем з Расіяй, Казахстанам, краінамі Балтыі, — распавяла яна. — Тавар не залежваецца з той прычыны, што за разнастайнасцю ягонага асартыменту і знешняга выгляду ўважліва сочаць нашы мастакі…

Мы пасля наведалі вялізны пакой, дзе сабраны ўзоры прадукцыі, выпушчанай цягам існавання завода (яму ў наступным годзе спаўняецца 75). Відовішча музейнай экспазіцыі ўражвае мастакоўска-дызайнерскай фантазіяй. Тая сітуацыя, калі вочы сапраўды разбягаюцца...

Паслухаць гліну

На заводзе — толькі тры ганчары, якія рукамі “слухаюць” гліну, інакш кажучы, робяць рэчы ўручную. Ведаеце, чым рукачынныя вырабы адрозніваюцца ад штампоўкі? На ўнутранай паверхні, да прыкладу, глечыка, застаюцца ледзь улоўныя баразёнкі ад пальцаў. Штампаваны ж збанок — унутры гладкі. І каштуе ён танней...

...У “ручнога” ганчара — неблагі заробак. Да прыкладу, зарплату сельскага бібліятэкара ён перакрывае разы ў тры. Але і працоўная нагрузка ў такога глінамеса — адпаведная. Паспрабуйце правесці рабочы дзень за ганчарным кругам — і пераканаецеся, што грошы дарэмна не дастаюцца. Таму і не кожны за той круг ірвецца…

Астатняя прадукцыя робіцца паўаўтаматызавана. Вымаецца з форм, ачышчаецца, клеіцца, замываецца, абпальваецца, пакрываецца фарбай ці лакам. Калі глазуруецца — абпальваецца яшчэ раз, пры большай тэмпературы. Потым усё сартыруецца па “жанрах”, пакуецца і адпраўляецца да спажыўца.

Радашковіцкую кераміку без цяжкасцей можна прыдбаць і ў Мінску, бо фірмовых крам тут хапае. Але выбар у Радашковічах — больш чым багаты. Дый цэны вас парадуюць. А пакаштаваць гарбаты на лекавых зёлках па беларускай рэцэптуры ды яшчэ і з самабытнага керамічнага кубка — двайная смаката! Адзінае, чаго бракуе, на наш погляд, заводу, дык гэта энергічнай, цікавай і яркай рэкламы…

І аўтэнтыка, і прыбытак

Якая выснова ад пабачанага? Можна доўга разважаць над тым, што магчымая далёкая перспектыва нашых дамоў рамёстваў — у аб’яднанні вось у такія вытворчыя кангламераты, як “Белмастацкераміка”. Сапраўды, можна паставіць на паток вытворчасць не толькі збаноў, але і, скажам, лазовай мэблі ці саламяных “павукоў”. Але навошта?! Гэтым займаюцца нашы мастацкія камбінаты. Мы вельмі спадзяёмся, што яны старанна вывучаюць запыт спажыўца і не падманваюць яго чаканні. А вось аб’яднанне РДР з мясцовымі гаспадарчымі групамі аддзелаў — справа, на наш погляд, вельмі рэальная і агульнакарысная. Да прыкладу, дзе цяпер можна прыдбаць зграбны кошык з лазы ці з белага сасновага карэння? Хіба што на правінцыйным рынку і пры ўмове, што вам вельмі пашчасціць. І нават у гэтым выпадку кошык той будзе “рабочым”, зробленым з дроту і без прэтэнзій хоць на нейкую вытанчанасць... Вось з такімі думкамі і дабіраліся да Докшыц. Прынамсі, ідэя па творчым стасункаванні народных майстроў з рабочымі гаспадарчых груп нам вельмі спадабалася. Тым больш, першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо ёсць. У Карме, што на Гомельшчыне, спрабуюць вырабляць на продаж раздзелачныя кухонныя дошкі. Будзем спадзявацца — на падставе мясцовых вытворчых і мастацкіх тэхналогій. Проста такі выраб — даражэйшы. Дык хто наступны?..

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Традыцыйныя для беларускай кухні гаршчкі ды збанкі можна набыць не толькі ў Радашковічах. Іх багата ці не ў кожным раённым Доме рамёстваў. А вось чым “Белмастацкераміка” мяне сапраўды ўразіла, дык уменнем быць на грэбні хвалі, адчуваць кан’юнктуру рынку. Пагадзіцеся, на рынку дэкаратыўных і мастацкіх вырабаў гэта вельмі важна. А таму я не мог абысці ўвагай арыгінальныя керамічныя вырабы, прысвечаныя Чэмпіянату свету па хакеі, усміхнуцца з крэатыўнасці мастакоў прадпрыемства, якія наладзілі выпуск мадэрновых кашпо для кветак, а таксама набыць сабе сталовы набор на дваіх для сушы.

Лепшыя ў вобласці…

Вось і Докшыцы. Спачатку мы зацікавіліся аптымізацыйнымі працэсамі ва ўстановах мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Вось якую карціну нам намалявала ў дачыненні да клубнай дзейнасці галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Дземідовіч. Гарадскі дом культуры перайменаваны ў Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці. Былы метадычны цэнтр увайшоў у ягоны склад пад назвай “аддзел традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці”. Вось пад гэтым “дахам” і працуюць цяпер 24 установы культуры. Скарачэнняў у аддзеле, мякка кажучы, не любяць. Калі хто і сыходзіць з “дыстанцыі”, дык у асноўным — на пенсію. Прынамсі, нас пераканалі ў аддзеле, што пакрыўджаных аптымізацыя не пакінула. Дай бог, каб так было і надалей.

Але, не станем прыхоўваць, у першую чаргу нас цікавілі творчыя праекты. Сталы чытач “К” ведае, што мы не-не — ды і звяртаемся па досвед на Докшыччыну. Не, дзякуючы ненавязлівым старанням дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярыны Лабука культура вобласці пачала крэатывіць даўно і актыўна. Але менавіта “культурная” метадычная служба Докшыцкага раёна стала па выніках мінулага года лепшай на Віцебшчыне. Таму кожнага з тутэйшых спецыялістаў “К” лічыць сваім экспертам у справе творчага доўгатэрміновага праектавання.

Святы Серафіма ды Роха

Мы падлічылі: у раёне — больш за дзясятак брэндавых мерапрыемстваў. Пра нядаўні Сасновы фэст у Бягомлі мы пісалі. Канчатковая назва мерапрыемства — “Бурштынавыя сосны Бягомля”. Напрыканцы верасня ў Параф’янаве чакаецца “Джынсавы фэст”. Мы калісьці былі ў гэтай вёсцы і пісалі пра тое, што варта было б для тэатралізацый напоўніцу выкарыстоўваць пляцоўку ля клубнай установы. І нас вельмі парадавала тое, што гэтае ўтульнае месцейка — добраўпарадкаванае і будзе выкарыстана для джынсавага дэфіле ды іншых мерапрыемстваў.

Пра Сітцы мы таксама пісалі ў свой час. І ўвогуле, гэтая паездка ў Докшыцкі ды Шаркаўшчынскі раёны прайшла для нас пад дэвізам “Час прайшоў. Што змянілася да лепшага?”. Дык вось, Сітцы. Ініцыятыва мясцовых работнікаў культуры зладзіць Свята Серафіма стала явай. У жніўні гэты вясковы фэст сабраў сотні вернікаў. А прайшло яно, як мы і прапаноўвалі год таму на старонках “К”, у мясцовым старасвецкім парку, быццам знарок прызначаным для ўрачыстых тэатралізацый. Дарэчы, у Ваўкалатах аналагічная доўгатэрміновая акцыя з богаслужэннем і канцэртам прысвечана святому Роху. Клубныя ўстановы Крыпульскага сельсавета праславіліся Святам лазні, Барсукоўскага сельсавета — Святам рыбы. І самае карыснае тут у тым, што аддзел не навязваў сялу сваю волю, — вясковыя работнікі самі літаральна закідалі аддзел уласнымі прапановамі. Быць безініцыятыўным у раёне стала нямодна. І не толькі таму, што пасіўнасць дадаткова ніяк не аплачваецца. Прафесіянал, урэшце, жывіцца не толькі грашыма…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Аб прафесіяналізме хацелася б больш падрабязна. Стварыць каманду аднадумцаў гэтак жа лёгка, як вырасціць сад элітных яблынь. У Докшыцах яна ёсць. Яе “выгадавала” кіраўнік аддзела Інга Журомская. Аўтарытэт гэтай прыгожай і моцнай жанчыны — бясспрэчны. Пэўныя сённяшнія начальнікі аддзелаў блытаюцца ў сітуацыі, не могуць акрэсліць праблемнае кола ўласнай справы, не арыентуюцца ў лічбах ды фактах, дый заспець іх цяжка: яны пастаянна на нейкіх пасяджэннях. Журомская жыве ў іншай прасторы. Прынамсі, пасяджэнні не замінаюць ёй бачыць людзей. Дзякуй, Інга Мечыславаўна, і моцнага Вам здароўя!

Выхад на іншы ўзровень

Недахоп аддзела ў тым, кажа яго галоўны спецыяліст Таццяна Дземідовіч, што праекты пакуль не выйшлі на ўзровень міжнароднага супрацоўніцтва. Каб скарыць і гэтую вяршыню, нядаўна было вырашана ўзяць на працу ў аддзел дыпламаванага менеджара, які атрымаў адукацыю ў БДУКіМ.

Прозвішча спецыяліста нам тактоўна не назвалі. Напэўна, каб не сурочыць. А раптам у яго не атрымаецца? Спадзяёмся, усё будзе добра, бо ў рэспубліцы ўжо назапашаны невялікі, але канкрэтны досвед працы работнікаў культуры з самымі рознымі замежнымі грантамі, пра што “К” пісала і будзе пісаць. На наш погляд першыя пазіцыі тут займаюць аддзелы Рагачоўшчыны ды Слонімшчыны. Іншымі словамі, спецыялісту-“міжнародніку” ёсць куды праехаць і ў каго павучыцца. Будзем спадзявацца, што яго не напалохае “некабінетнасць” пасады…

Нам пашанцавала ў Докшыцах яшчэ і з той нагоды, што на тых выхадных раённы цэнтр адзначаў Свята горада. Адна з галоўных падзей мерапрыемства — VI партнерыят прадпрымальнікаў прымежных рэгіёнаў: Расія — Латвія — Эстонія — Беларусь. Акцыя праходзіць у шосты раз, але ў Докшыцах — упершыню. Сутнасць яе — у пошуку партнёраў у розных кірунках вытворчасці і творчасці, у прэзентацыі нашых дасягненняў для замежных інвестараў.

Натуральна, свае захады ў гэтым кірунку зрабіў тут і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Як зазначыла галоўны спецыяліст Таццяна Дземідовіч, яны ўжо даўно хочуць наладзіць кантакты з калегамі, якія жывуць і працуюць на расійскай Пскоўшчыне. У што выльюцца гэтыя кантакты? “К” абяцае трымаць чытачоў у курсе.

Як стаць банкірам?

Бібліятэчную справу мы таксама не маглі абмінуць. Калісьці дырэктар Докшыцкай ЦБС Ірына Карэпанава вельмі здзівіла бібліятэчным мультымедыйным цэнтрам, буккросінгам. Цяпер каго імі здзівіш? Але і кіраўнік сістэмы — у пастаянным руху. Да прыкладу, трэці год ладзіць Дзень праваслаўнай кнігі. Дапамагае Свята-Елісавецінскі манастыр з Мінска. Сёлета дзея доўжылася з 14 па 19 сакавіка — лічы, не дзень, а тыдзень. У кінаканцэртнай зале “Іскра” дэманстраваліся фільмы на духоўную тэматыку. У чытальнай — дзейнічаў Скрыпторый: збор старадрукаў. Дзеці сюды завітвалі па некалькі разоў…

Летам у раёне дзейнічаў праект “Лета — чытач — кніга”. Любы ахвотны мог стаць “банкірам”: для дзяцей былі зроблены імправізаваныя банкаўскія ячэйкі, куды заносілі звесткі аб прачытаных кнігах. Лепшы ж “фінансіст” атрымаў прэмію.

А пасля Дня бібліятэк, 16 верасня, у кніжных установах раёна быў абвешчаны Дзень самакіравання. За працу бібліятэкі адказвалі вучні 5 — 6 класаў. У госці да іх сябры валам валілі. Колькасць чытачоў, натуральна, павялічылася. Хто яшчэ можа пахваліцца гэткім россыпам бібліятэчных інавацый?

А цяпер падумаем над пытаннямі “Ці патрэбен менеджар-“замежнік” у ЦБС?” і “Ці шмат у рэспубліцы прыкладаў бібліятэчных міжнародных праектаў?”. Мы, прынамсі, згадалі толькі адну трансгранічную праграму, у выніку рэалізацыі якой Музей Дугі Струвэ з’явіўся ў Гальшанскай бібліятэцы, што ў Ашмянскім раёне. Мо памыляемся? Пішыце, абвяргайце, спрачайцеся!

(Не)лірычнае агульнае завяршэнне

Мы прыкінулі, з кім “К” найбольш актыўна супрацоўнічае з ліку абласнога кіраўніцтва Віцебшчыны. Адказ атрымаўся досыць канкрэтным. Супрацоўнічае “К” найперш з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімірам Цярэнцьевым і са згаданым сёння дырэктарам Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярынай Лабука. І ён, і яна — актыўныя эксперты “К” у абласной галіне культуры. Як справа паказвае, не толькі эксперты-тэарэтыкі, але і практыкі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія натхняюць падначаленых на пошук інавацый не рыторыкай, а асабістым прыкладам. Пацвярджэнне гэтаму мы ўбачылі і ў Шаркаўшчынскім раёне. Але пра гэта — у наступных артыкулах.

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"