Аб чым пяе ганчарны круг?

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Каля трох гадоў працуе раённы Дом рамёстваў у вёсцы Галынка на Зэльвеншчыне. І сёння мясцовы клуб, у якім размясцілася гэтая ўстанова, нагадвае сапраўдны музей народнай творчасці.

— Пачыналі мы з двух гурткоў, — распавядае ўлюбёны ў сваю справу чалавек, дырэктар Дома рамёстваў Сяргей Худзяеў. — А зараз іх 6, у гуртках займаецца амаль 70 чалавек — вучні мясцовай школы і жыхары навакольных вёсак.

Сапраўды залатыя рукі ў Алы Сідорык з вёскі Залацеева. Гэтая маладая жанчына вучыць ткацтву школьніц, займаецца і з дарослымі. Да таго ж, яна выштукоўвае прыгожыя рэчы з саломкі, вяжа кручком. Узялася і яшчэ за адну вельмі сур’ёзную работу: выраб дывана да 600-годдзя Сынкавіцкай царквы, з выявай гістарычнага помніка. Гэта вельмі адказная і скрупулёзная праца. Як падлічыла майстрыха, толькі на аснову гэтага твора пайшло аж 19 кіламетраў нітак!

Ткаць, вышываць і нават валёнкі валяць умее Антаніна Пянцяк. Дзівосныя рэчы з саломкі разам з дзецьмі пляце Лілія Амяльянчык. А ад керамічных дзівосаў Ірыны Баратавай і яе выхаванцаў вачэй не адвесці. Спачатку яны набывалі гліну на адным з ваўкавыскіх прадпрыемстваў, а потым адшукалі сваю, пустабораўскую: былі ж калісьці ў тутэйшых мясцінах, у Пустаборах, і цагельня, і майстры здатныя. С.Худзяеў змайстраваў ганчарны круг, а печчу для абпальвання служыць звычайная кафляная грубка-стаўбунок.

Вера Жылко з вёскі Снежная вучыць дзяцей арыгінальнай вышыўцы. Яе работы неаднойчы дэманстраваліся на розных выстаўках, фестывалях, у музеях. А Марыя Худзяева займаецца з дзецьмі мастацкай апрацоўкай прыродных матэрыялаў. Што ж да самога дырэктара, дык ён майстар на ўсе рукі, але найбольш любіць разьбярнічаць. А гурток “Чароўнае шкельца” цалкам апраўдвае сваю назву, бо тут дзякуючы Жанне Еўтухоўскай адраджаецца традыцыйны народны роспіс па шкле. Усімі колерамі вясёлкі зіхацяць наватворы на самыя розныя сюжэты.

— Яшчэ ні адзін бацька ці маці не сказалі нам, што вучым дзяцей абычаму, — гаворыць С.Худзяеў. — Ходзяць жа да нас з самых розных сем’яў: і з паспяховых, і з праблемных. Хочацца, каб дзеці адчувалі прыгожае, вучыліся на добрых прыкладах і самі рабілі дабро. Край наш на таленты багаты, шмат творчых людзей выйшла з Зэльвеншчыны. Дык мо калі і нашы гурткоўцы аб сабе заявяць — сярод іх нямала здольных творчых асоб. Вось, напрыклад, Саша Маляўка, якому настаўніца пачатковых класаў Зэльвенскай сярэдняй школы № 2 Алена Кароза нават верш прысвяціла:

Яго душа пяе, смяецца,І новы твор выходзіць з рук.А падпявае ёй цудоўнаСтары ганчарны чорны круг...

За час працы Дома рамёстваў яго наведала шмат экскурсій. У маі тут прайшла і абласная школа дырэктараў роднасных устаноў.

Супрацоўнікі Дома рамёстваў старанна зберагаюць народную спадчыну свайго рэгіёна. А ў планах у іх — адкрыццё новых гурткоў: лозапляцення, кавальскай справы, па вырабе тканых паясоў і інш.

Галіна РАМАНЧУК

Зэльвенскі раён