Стымулы ды перашкоды “пазабюджэткі”

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Валерый ГЕЙХМАН, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама
Пра выніковасць пазабюджэтнай дзейнасці, дзейснасць культурных паслуг ды эканамічныя “сакрэты і пасткі” сельскай культуры “К” вырашыла пагутарыць з адным з дасведчаных работнікаў культуры — начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама Валерыем ГЕЙХМАНАМ.

/i/content/pi/cult/495/10636/7-1.jpg— Якая ўстанова найпрыбытковая?

— Па раённым цэнтры — Гарадскі дом культуры. Гадавы план аказання культурных паслуг — 250 мільёнаў рублёў. За студзень — ліпень ГДК зарабіў ужо 115 мільёнаў. Так што план — цалкам рэальны. І гэта прытым, што насельніцтва ў горадзе — недзе дзевяць тысяч.

— Самая дарагая паслуга?

— Урачыстая рэгістрацыя шлюбу з элементамі тэатралізацыі: 450 тысяч рублёў.

— Калі на сяле хтосьці з “пазабюджэткай” не спраўляецца, недапрацоўку па выніках года кампенсуе для агульнай справаздачнасці ГДК?

— Адсочваем эфектыўнасць працы кожнай сельскай ўстановы, якой, як ведаеце, даводзіцца свой план. Як і Цэнтру рамёстваў, і музею… Да прыкладу, гадавы план апошняга — 20 мільёнаў. Факт на сёння — 13 з паловай мільёнаў рублёў.

— І як музейшчыкі круцяцца?

— Ды не круцяцца, а проста эфектыўна працуюць. Зарабляюць за кошт экскурсій па мясцінах баявой славы. Немалаважна тое, што выстаўкі ў нас зменныя не толькі на паперы... Яшчэ ладзім экскурсіі ці не па ўсёй рэспубліцы. Нядаўна былі ў Жыровічах. Маем ліцэнзію на выкарыстанне аўтатранспарту, а таксама — на экскурсійнае абслугоўванне. Плюс — удзел у агульнагарадскіх мерапрыемствах… За кожнай установай культуры ў мяне замацаваны спецыялісты. Раз на тыдзень збіраемся ды аналізуем ход выканання плана. Усё распісана і рэгулюецца. Гэтыя паперы ў мяне і цяпер перад вачыма.

— А на сяле хто ў дадзенай справе флагман?

— Цэнтр культуры і дасугу вёскі Старое Высокае. Вось толькі некаторыя тамтэйшыя паслугі: музычнае абслугоўванне вяселляў, дыскатэкі… План у кіраўніка ўстановы — 30 мільёнаў. А жыхароў у вёсцы — усяго 350 чалавек.

— Статыстыка ўражвае…

— Толькі на дыскатэках Цэнтр зарабіў ужо 18 мільёнаў рублёў.

— А можна прывесці прыклад, колькі ў месяц зарабляюць два аднолькавыя па адукацыі, скажам, работнікі клубаў, калі адзін з іх атрымаў прэмію, а другі — дэпрэміраваны з-за невыканання плана?

— Не пазбаўляем прэмій, бо заробкі і так мізэрныя. Гэта не азначае, што я не шукаю іншыя шляхі ўплыву і не імкнуся размаўляць з клубнікамі на агульнай мове… На сёння, шчыра кажучы, толькі два клубы адстаюць у аказанні платных паслуг.

— Цікава, якой танальнасці будзе з імі тая агульная мова?

— Я казаў пра нашу моду на экскурсіі. Да прыкладу, збіраецца група ў Мір… Вы ведаеце, што па выніках такіх вандровак грошы павінны ісці ў іншыя, “некультурныя” паслугі. Павінны… Але я раблю па-іншаму. Вылічваем бюджэтны бензін, астатняе ў пазабюджэт кладзём. Насамрэч, што важнейшае: транспартныя паслугі ці выхаванне нашай даўніной? Вось вам і ўся агульная мова з адстаючымі. З Радзімай трэба актыўней знаёміцца. За адну паездку зарабіў чатыры мільёны (жывыя грошы!) — закрыў два месяцы…

— А што, цудоўны прыклад аптымізацыі, калі імкнёмся да ідэалу, а не да бязглуздзіцы… Як вы ставіцеся да таго, што цяпер у многіх раёнах вельмі актыўна закупляюць атракцыёны?

— Станоўча. І тут не платныя паслугі галоўнае, а тое, што ў людзей больш свята становіцца… Мы першымі ў вобласці закупілі электрычныя машынкі. Яны за чатыры гады даўно акупіліся! А ўзімку — канькі напракат. Людзі з задавальненнем катаюцца на нашым возеры.

— Што замінае ў эканамічным плане?

— Патрэба аказання платных паслуг сумневаў не выклікае. Гэта крыніца папаўнення матэрыяльнай базы і заахвочвання работнікаў культуры. Справа святая… Але ці не час ужо ўлічыць, як цяжка яна рухаецца ў вёсках з малым насельніцтвам. Пры пятнаццаці, скажам, жыхарах па 200 тысяч у месяц амаль немагчыма зарабіць. Але трэба. Любы канцэрт, апрача аўтаклубаўскага, — платны… Не падабаецца найперш тое, што вялікі працэнт пазабюджэту ідзе на кампенсацыю камуналкі. Страчваецца зацікаўленасць у нарошчванні платных паслуг. Я змяніў бы заканадаўства так, каб заробленае ў поўным памеры заставалася ў нас. Тады і заробак работніка культуры можна было б значна павялічыць… Уявіце, я летась аддаў на камунальныя паслугі больш як сто мільёнаў рублёў. Але сітуацыя, на жаль, не змяняецца, і гэта, перакананы, — не стымул, а перашкода для развіцця пазабюджэтнай дзейнасці…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"