Пацягнем ідылію, а Вінцэнт Іванавіч будзе радавацца?

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Ала ГРАХАВА, артыстка, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага абласнога тэатра імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча
Калі я рыхтавала для энцыклапедыі інфармацыю аб Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, пабачыла ў нумары газеты “Бабруйскае жыццё” выказванне запрошанага на фестываль 2011 года крытыка, дацэнта Варшаўскага ўніверсітэта Андрэя Масквіна: “Вялікі плюс, што фестываль праходзіць не ў сталіцы, а на перыферыі”. Потым трапіліся на вочы разважанні Валерыя Анісенкі: “Гэты фестываль — патрэбная рэч. І ён павінен стаць галоўным тэатральным форумам краіны, таму што гэта фестываль нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Будуць шукацца новыя формы, імёны…”. Балюча закранулі мяне гэтыя рэфлексіі. Калі адбудзецца наступны Фестываль нацыянальнай драматургіі? Цудоўна пачуваюць сябе фэсты ў сталіцы, у абласных гарадах. Хацелася б, каб Бабруйск таксама зрабіўся прывабным тэатральным горадам…

/i/content/pi/cult/495/10631/5-1.jpgУсё пачалося ў 1998 годзе, калі адбыўся Рэспубліканскі фестываль імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. А дзе ж яшчэ быць такому фестывалю, як не на радзіме пачынальніка айчыннай драматургіі? На той фэст сабраліся з энтузіязмам шэсць тэатраў: Купалаўскі, Коласаўскі, Горкаўскі, РТБД, Гродзенскі абласны і, уласна, наш. Прыехалі сталічныя крытыкі і драматургі, паказалі спектаклі паводле Алеся Адамовіча, Еўсцігнея Міровіча, Аляксея Дударава, Алены Паповай і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Праз колькі часу крытык Людміла Грамыка пісала: “На своеасаблівым тэатральным канвееры былі прадстаўлены пастаноўкі беларускіх драматургаў. Драматургі разам з рэжысёрамі сядзелі ў глядзельнай зале. Падзея атрымалася нешараговая… Для Бабруйска з’яўленне Фестывалю беларускай драматургіі — цалкам натуральнае… Прынамсі, ідэя з дапамогай фестывалю неяк далучыцца да сучаснага працэсу была паспяхова скарыстана кіраўніцтвам тэатра (а дагэтуль на бабруйскі тэатр нібыта ніхто асабліва і не зважаў)”. Крытык мае рацыю: перыферыйныя тэатры цалкам выпадаюць са сцэнічнага жыцця краіны — іх амаль ніхто не бачыць, сказаць па праўдзе, імі амаль не цікавіцца наш бамонд. А навошта: ёсць жа сталіца! Але працягнем. Праца фестывалю была прааналізавана, напісаны некалькі артыкулаў. Ва ўсіх была адзначана неабходнасць такога фэсту — агляду работ беларускіх тэатраў.

2001 год — другі па ліку Фестываль. Ён сабраў ужо дзевяць тэатраў, і ў якасці госця прысутнічаў тэатр з Украіны. На гэтым свяце была прадстаўлена драматургія Сяргея Кавалёва, Аляксея Дударава, Алены Паповай, Святланы Бартохавай, Георгія Марчука, Уладзіміра Бутрамеева і з’явілася новае імя — Мікалай Рудкоўскі. Былі ўручаны ўзнагароды артыстам, рэжысёрам, драматургам. Шмат разважалі пра адносіны беларускіх рэжысёраў і драматургаў, размова была і аб прэтэнзіях адных да другіх. Галоўнае, што пытанне стану айчыннай драматургіі, айчыннага тэатра аналізавалася, рабіліся прагнозы, ніхто не заставаўся абыякавым. Быў выдадзены зборнік артыкулаў па выніках першага і другога фестываляў.

Здавалася б, праз тры гады Фестываль беларускай драматургіі павінен быў стаць папулярным, мусілі б з’явіцца новыя імёны, нешта змянілася б у падыходах да аналізу тэатральнага мастацтва, і г. д. Але трэці фэст распачаў сваю працу толькі ў 2008-м, калі адзначалася 200-годдзе з дня нараджэння Дуніна-Марцінкевіча. Урачыста адкрываўся ў горадзе помнік класіку, фэст займеў статус міжнароднага. Арганізатары ў якасці асновы абралі “нацыянальную канцэпцыю”. Тэатры з Украіны, Малдовы, Расіі, Латвіі і Беларусі мусілі паказаць пастаноўкі айчынных твораў. На гэтым фэсце данамінавала класіка: Купала, Макаёнак, Астроўскі, Горкі. Паказана і версія Леаніда Філатава класічнай рэчы “Моцарт і Сальеры”, Мікалай Каляда стварыў пастаноўку “Тройкасямёркатуз” паводле “Пікавай дамы”. Акрамя таго, былі прадстаўлены спектаклі па п’есах Алеся Асташонка, Георгія Марчука, Аляксандра Марданя і, зноў жа, Алены Паповай. На вялікі жаль — ніводнага новага імені драматурга. На публічных абмеркаваннях не раз узнікала пытанне: якім жа павінен стаць міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі?

Крысціна Смольская завяршыла агляд працы фестывалю ў часопісе “Мастацтва” так: “Думаецца, гарманічнае спалучэнне гісторыі і сучаснасці — тая канцэпцыя, якая можа зрабіць бабруйскі форум вельмі важнай падзеяй у беларускім мастацкім жыцці”. Так, у беларускім мастацкім жыцці Фестываль беларускай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча павінен быць адным з самых важных, але патрэбны высілкі не толькі аднаго бабруйскага тэатра. Апошнім часам шмат вядзецца размоў, напісана нямала артыкулаў пра стан нацыянальнай драматургіі, столькі ўвагі надаецца пытанню! Усё гэта сведчыць пра тое, наколькі неабходны ў рэспубліцы такі фестываль. Пасля апошняга фэсту ў Бабруйску Таццяна Арлова пісала: “Мінулай восенню мінчане нацешыліся тэатральнымі праектамі, але карціна існавання ў Беларусі нацыянальнай драматургіі не вымалёўвалася. Захоўваліся надзеі на фэст у Бабруйску… Тры папярэднія фестывалі нацыянальнай драматургіі, якія праходзілі з розным поспехам і значнымі перапынкамі, сведчылі пра тое, што падобны агляд працы айчынных тэатраў з беларускімі п’есамі неабходны”.

І вось — 2011 год: чацвёрты Фестываль. Прымалі ўдзел тэатры з Гродна (Абласны тэатр лялек), Гомеля (Абласны драматычны і Гарадскі маладзёжны), Маладзечна, Пінска, Віцебска (Коласаўскі), Магілёва (Абласны драматычны), мінскі РТБД, Бабруйска, а таксама госці са Смаленска, Рэзэкнэ, Днепрадзяржынска. Ізноў вернемся да артыкула Таццяны Арловай: “Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча дакладна адлюстраваў сённяшнае становішча з беларускай п’есай у нашым тэатральным свеце. Пэўныя тэндэнцыі ва ўзаемаадносінах тэатра і аўтара, хаатычнасць і выпадковасць, нявызначанасць перспектывы — усё выявілася пад час фестывалю. А вось тое лепшае, што ёсць сёння ў беларускай драматургіі, праграма не здолела адлюстраваць. На жаль, свята чамусьці праігнаравалі нашы драматургі… Фестываль не адкрыў рэсурсаў нашай маладой айчыннай драматургіі, якая трапляе на Усход — у Расію, або на Захад — у Германію і Польшчу”. І ўсё ж два новыя прозвішчы з’явіліся на чытках п’ес: Дзмітрый Багаслаўскі і Юлія Чарняўская. Дарэчы, па выніках фэсту быў выдадзены невялікі зборнік п’ес “Беларуская драматургія”, а гэта ўжо якая-ніякая магчымасць пазнаёміць іншыя краіны з нашай драматургіяй. Узнікае думка: а мо зрабіць фестываль у Бабруйску, як знакамітую “Любімаўку”, Фестывалем новай беларускай п’есы, і кожны беларускі тэатр будзе загадзя рыхтавацца да такога фэсту, а Вінцэнт Іванавіч будзе радавацца з’яўленню ўсё новых драматургаў?.. Але гэта ўжо справа арганізатараў, а арганізаваць яго ўсё цяжэй. Паўтаруся, адзін тэатр не можа справіцца: хацелася б адчуць большую падтрымку ды зацікаўленасць іншых бакоў.

Наша краіна — невялікая, і зусім не абавязкова, каб усе буйныя падзеі адбываліся толькі ў сталіцы. Мо наспеў час звярнуць увагу і на перыферыйныя тэатры? Існуе Цэнтр беларускай драматургіі, але яго дзейнасць практычна не мае кропак судакранання з тэатрамі. Мо варта гэты Цэнтр таксама зрабіць адным з арганізатараў фестывалю? Пытанняў шмат, і вельмі хацелася б, каб на іх знайшліся адказы. Няхай не будзе Фестываль імя Дуніна-Марцінкевіча міжнародным, але няхай стане найперш неабходным у сваёй краіне, і ўсе тэатры, не выключаючы акадэмічныя, з нецярплівасцю будуць чакаць яго, рыхтуючы спектаклі, а беларускія драматургі — прыносіць усё новыя і новыя п’есы… Ідылічная замалёўка? Але, пры пэўных умовах і канкрэтных намаганнях, яна можа стаць рэальнасцю…