33-ая “Віцебская сняжынка”

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

XXXIII Міжнародны конкурс па спартыўных бальных танцах “Віцебская сняжынка”, што адбыўся 26 — 27 студзеня ў канцэртнай зале Цэнтра культуры “Віцебск”, падарыў віцяблянам яскравае, запальнае свята танца.

Сёлета ў конкурсе “Віцебская сняжынка” ўдзельнічалі больш за 400 пар з 11-ці краін— Азербайджана, Грузіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Малдовы, Румыніі, Украіны, Расіі і Беларусі.

У рамках конкурсу праходзіў турнір міжнароднай класіфікацыі па лацінаамерыканскай і еўрапейскай праграмах. На паркет выходзілі лепшыя пары краін-удзельніц конкурсу, усе дэманстравалі сваё выдатнае майстэрства, узаемаразуменне, артыстызм.

Два дні вялася напружаная барацьба сярод спартсменаў 17-ці ўзроставых катэгорый. У самай малодшай з іх — “Першыя крокі” — выступілі дзеці 4-5 гадоў.

Вызначалі лепшыя пары суддзі міжнароднага ўзроўню з 10-ці краін. Да фіналу дайшлі па шэсць-сем пар у кожнай узроставай катэгорыі. З іх былі выбраны лепшыя.

Пераможцамі ў лацінаамерыканскай праграме сталі: пара з Малдовы — Яўген Кашкоўскі і Ганна Матус (I месца), на II месцы — Дзмітрый Паску і Кацярына Жалязная (Румынія) і на III K— Арцём Казыра і Настасся Вяслова (Беларусь).

Сярод “Юніёраў-1” першае і другое месцы занялі спартсмены з Віцебска (адпаведна) — Улад Няфёдаў і Кацярына Прыхожая, Аляксандр Лазука і Святлана Гарноўская (клуб “Мерэнга”), а трэцяе дасталося пары з Мінска — Максіму Юшкевічу і Славяне Мальнік (клуб “Дуэт”). У групе “Юніёры2” лепшымі сталі пары з Кішынёва — Аляксандр Пагор і Ірына Вышынская (I месца), Віцебска — Дзмітрый Пілецкі і Віталія Поршына (II) і Мінска — Андрэй Ахметшын і Настасся Грыгарэнка (III).

У групе “Дзеці-2” выдатна паказалі сябе маленькія танцоры з мінскага клуба “Сучасны стыль” Дзмітрый Асадчук і Наталля Кажэўнікава (I месца), госці з Кішынёва Андрэй Філоненка і Генрыета Буга (II) і выхаванцы віцебскага клуба “Арабескі” Ігар Машкоў і Яна Касцюк (III).

Прыемна і тое, што сярод уладальнікаў прызавых месцаў у іншых катэгорыях шмат беларусаў: гэта прадстаўнікі клубаў “Фэст”, “Мерэнга”, “Дынама” (Віцебск); “Венецыя”, “Сігма”, “Піруэт”, “Танга”, “Людміла”, “Аурум”, “Мара” (Мінск); “Грацыя” (Гродна).

Зрэшты, віцебскі конкурс спартыўных бальных танцаў — адзін з самых прэстыжных у Беларусі. І год за годам шматлікія пары з розных краін выказваюць жаданне ўдзельнічаць у ім.

Падтрымку ў правядзенні 33-га Міжнароднага конкурсу спартыўных бальных танцаў аказалі Міжнародная федэрацыя танцавальнага спорту (IDSF), Беларуская федэрацыя танцавальнага спорту, віцебскія аблвыканкам і гарвыканкам.

Таццяна САЛАЎЁВА