Няма канцэпцыі. Ці будзе?

№ 32 (1158) 09.08.2014 - 15.08.2014 г

Мікола КОЗЕНКА, этнахарэограф, аўтар ідэі, навуковы і мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”
Нагодай для напісання артыкула паслужыла становішча, якое склалася зараз у галіне традыцыйнага і аматарскага мастацтва на Беларусі. І яно, скажам шчыра, далёкае ад здавальняючага. Работнікі культуры майго і старэйшага ўзросту з добрымі пачуццямі згадваюць Рэспубліканскі агляд сельскай мастацкай самадзейнасці (1979), маладзейшыя шкадуюць страчаны Рэспубліканскі фестываль “Беларусь — мая песня” і ўхваляюць Фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”…

/i/content/pi/cult/495/10628/4-17.jpgФестывалі, агляды, конкурсы заўсёды з’яўляліся вынікам сістэмнай працы народных, узорных творчых ансамбляў дый калектываў, якія не мелі высокіх званняў. А дзейнасць аматарскіх мастацкіх калектываў пастаянна забяспечвалася рэпертуарам, у тым ліку “эксклюзіўным”, ім аказвалася метадычная і практычная дапамога непасрэдна па месцы іхняга знаходжання. З гэтай нагоды да іх прыязджалі знаныя дзеячы культуры і мастацтваў Беларусі — і гэта было натуральна ды плённа. Арганізацыю такой практыкі ажыццяўлялі Рэспубліканскі і абласныя метадычныя цэнтры культуры (раней — дамы народнай творчасці і дамы самадзейнага мастацтва).

Са стварэннем Беларускага інстытута праблем культуры (1991) з’явіліся больш шырокія магчымасці працаваць з традыцыйнымі відамі нематэрыяльнай і матэрыяльнай культурнай спадчыны. У гэтым кірунку асабліва шмат зроблена Лабараторыяй традыцыйнага мастацтва. Напрыклад, дакументы, распрацаваныя яе супрацоўнікамі, з’яўляюцца асновай для дзейнасці ўстаноў культуры і ў цяперашні час.

Даследчая практыка БелІПК сцвердзіла наяўнасць у беларусаў жывой традыцыі, а таксама захаванай у памяці старэйшых носьбітаў узораў аўтэнтыкі. Гэта “справакавала” падрыхтоўку і правядзенне Міжнароднага фестывалю фальклору на Беларусі (Пінск, 1994 г.), а таксама Рэгіянальнага фестывалю фальклору Беларускага Падняпроўя (вёска Вяззе Асіповіцкага раёна, 1996 г.). Нельга абмінуць увагай і яшчэ адзін прыклад працы БелІПК — унікальны (гэта адзначалі навукоўцы і практыкі Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі, Польшчы, Малдовы) Фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” (адзіны ў краіне сістэмны фестываль, скіраваны на традыцыйную культуру, дзяцей, моладзь і носьбітаў каранёвай спадчыны).

У доказ сказанаму падзялюся некалькімі прыкладамі толькі аднаго з інавацыйных праектаў — Рэспубліканскага эксперыментальнага — “Танцавальны фальклор і дзеці” (2000 — 2003). За два гады у дзевяці раёнах удзельнічалі ў акцыі 158 устаноў культуры, 97 — устаноў адукацыі. У конкурсе выканаўцаў народных побытавых танцаў прынялі ўдзел 1 195 танцавальных пар. У рэалізацыі праекта ўдзельнічалі звыш 4 000 чалавек пераемнікаў і носьбітаў мясцовай мастацкай традыцыі. Аб дынаміцы развіцця “берагінскага” руху сёння сведчаць вынікі IV Брэсцкага абласнога фестывалю дзіцячай народнай творчасці “Радавод”, у якім прынялі ўдзел 19 тысяч школьнікаў.

У Акцябрскім раёне цягам 2001 — 2003 гг. было праведзена 19 фальклорных экспедыцый, абследавана 36 вёсак. На падставе экспедыцыйных матэрыялаў распрацавана карта народных рамёстваў. Пры ўдзеле спецыялістаў РАМЦ работнікі культуры на месцах аднавілі 10 святаў і абрадаў. А, скажам, у Любанскім раёне пад час фальклорных экспедыцый было выяўлена 96 узораў аўтэнтычнай харэаграфіі.

Пераемнікам БелІПК стаў Інстытут культуры Беларусі. Але ці можа зрабіць установа што-небудзь істотнае для падтрымкі народнай культуры? Статус дзяржустановы адукацыі не дае падставы займацца тымі пытаннямі, пра якія я апавядаў вышэй. Атрымліваецца, што ў нас няма дзяржаўнай установы рэспубліканскага фармату, якая б на юрыдычнай аснове займалася праблемамі беларускай традыцыйнай і аматарскай культуры. У той жа час, у Расіі, напрыклад, да такой творчасці далучаны Цэнтр рускай культуры і Дом народнай творчасці, акрамя шэрагу ўніверсітэтаў культуры і мастацтваў, а таксама мастацкіх навучальных устаноў сярэдняга звяна.

Між тым, у рэспубліцы ёсць магчымасць стварыць Цэнтр беларускай культуры (працуе ж у нас Цэнтр нацыянальных культур!). У такім выпадку захаваем унікальную традыцыйную культуру. Пра гэта павінна дбаць найперш дзяржава ў асобе Міністэрства культуры. А ў яго структуры пажадана мець калі не аддзел фальклору (як у расійскім Мінкульце), то хаця б спецыяліста па нематэрыяльнай і матэрыяльнай культурнай спадчыне, які курыраваў бы дзейнасць тысячы разнажанравых фальклорных калектываў, дамоў фальклору, дамоў народнай творчасці... Мо гэта падштурхнула б звярнуць увагу і на стварэнне ды рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы “Традыцыйная культура і моладзь Беларусі”, вяртанне ў адукацыйную прастору этнашкол, аднаўленне Саюза фалькларыстаў, адкрыццё фабрыкі ці лабараторыі па вырабе народных ды іншых музычных інструментаў, ініцыяваць распрацоўку і рэалізацыю нацыянальных сацыяльна значных этнакультурных праектаў. А для гэтага патрэбна мець канцэпцыю захавання і развіцця народнай культуры.

Фота Кастуся ДРОБАВА